Шэсце пратэсту ў Вашынгтоне. Фота Ройтэрз.

Шэсце пратэсту ў Вашынгтоне. Фота Ройтэрз.

Сотні тысяч людзей пратэставалі ў Вашынгтоне, Лос-Анжэлесе, Нью-Ёрку, Чыкага. Маніфестацыі адбыліся таксама ў іншых гарадах ЗША і свету, паведамляюць СМІ.

З ініцыятывай маршаў пратэсту выступілі жаночыя актывісткі, але пратэст падтрымалі і мужчыны.

Паводле ацэнак СМІ, марш пратэсту ў Вашынгтоне сабраў больш удзельнікаў, чым інаўгурацыя.

Рэйтынг папулярнасці Трампа застаецца на ўзроўні каля 40% — гэта найніжэйшы сярод прэзідэнтаў ЗША на момант уступлення на пасаду ад 1970-х. Для параўнання: рэйтынг Абамы ў часе інаўгурацыі складаў каля 70%.

Пратэстоўцы засцерагалі Трампа ад парушэння правоў чалавека і крытыкавалі яго за «язык без касцей». Тысячы самаробных плакатаў нагадвалі пра ягоныя грубыя выказванні пра жанчын, асуджалі ягонае нежаданне раскрыць сваю дэкларацыю аб даходах.

Сярод удзельнікаў маршаў былі і беларусы, што жывуць у Амерыцы.

Рыторыка Трампа выклікала занепакоенасць як ліберальных, так і кансерватыўных колаў у ЗША і Еўропе, а таксама кіраўніцтва Кітая.

Трамп дэклараваў намер кіраваць з пазіцыі «Амерыка перадусім». Паколькі гаворка ідзе пра вялікую дзяржаву, гэта трывожна нагадала многім гітлерскі лозунг «Дойчлянд убэр алес».

Сярод іншага, Трамп мае намер абмежаваць доступ тавараў з Кітая, Мексікі і Еўропы на амерыканскі рынак, што можа выклікаць ланцуговую рэакцыю — гандлёвыя войны, абвал валют і непрадказальныя наступствы. 

Трамп таксама з не да канца зразумелых прычын абрынуўся з крытыкай на Еўрапейскі Саюз і канцлерку Нямеччыны Ангелу Меркель. У той жа час ён даволі прыязна выказваўся пра Уладзіміра Пуціна і намякаў на гатоўнасць прызнаць за Расіяй права на сваю зону ўплыву. 

Папа Францішак заклікаў не спяшацца з высновамі з нагоды абрання Дональда Трампа, а пачакаць, што ён будзе рабіць. У той жа час Папа перасцярог еўрапейцаў ад папулізму ў палітыцы, нагадаўшы пра памылкі, якія былі зробленыя ў 1930-х гадах, калі людзі шукалі «выратавальніка», які вырашыць эканамічныя і палітычныя праблемы. «Гітлер не скраў ўладу, яе аддаў яму уласны народ, які ён потым знішчыў», — сказаў Францішак.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель, якая славіцца сваёй стрыманасцю, у суботу паабяцала шукаць з Трампам кампрамісаў.

«У сваёй інаўгурацыйнай прамове ён ясна паказаў свае перакананні», — сказала Меркель на наступны дзень пасля таго як Трамп паабяцаў кіраваць згодна з прынцыпам «Амерыка перадусім».

Меркель сказала: «Я дзве рэчы скажу наконт гэтага [прамовы Трампа]: па-першае, я цвёрда перакананая, што для ўсіх нас найлепш працаваць разам на аснове правілаў, супольных каштоўнасцей і сумесных дзеянняў у міжнароднай эканамічнай сістэме, міжнароднай гандлёвай сістэме і ўносіць унёсак у вайсковыя саюзы». Яна дадала: «І па-другое, трансатлантычныя адносіны ў наступныя гады будуць не менш важныя, чым у мінулыя. І я над гэтым буду працаваць. Нават калі погляды розняцца, кампрамісы і рашэнні лягчэй знаходзіць, калі адбываецца паважлівы абмен ідэямі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?