Беларусь можа ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю да канца года. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) Уладзімір Улаховіч у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.

«Заўсёды няўдзячная справа называць тэрміны, але я не выключаю, што да канца гэтага года. Вельмі хутка адбудзецца чарговы раўнд перамоваў, я думаю, пасля гэтага мы больш дакладна зможам казаць пра тэрміны», - сказаў Уладзімір Улаховіч.

«Мы шмат у чым ужо працуем па прынцыпах СГА, бо Еўразійскі эканамічны саюз пабудаваны на тых жа прынцыпах. Адзінае, што мы павінны зрабіць — гэта прыняць усе пераходныя меры па абароне нашых фінансавых інстытутаў, сельгасвытворцаў, як гэта робіцца ва ўсіх краінах, якія ўваходзяць у СГА. А па вялікім рахунку мы працуем на прынцыпах СГА», - канстатаваў кіраўнік БелГПП.

На яго думку, вялікіх бар'ераў для ўступлення краіны ў СГА зараз не існуе. «Пры нашым жаданні мы вельмі хутка станем членамі СГА», - рэзюмаваў ён.

Дэлегацыя на чале з першым намеснікам міністра замежных спраў Андрэем Еўдачэнкам прыме ўдзел у раўндзе перамоваў па далучэнні Беларусі да СГА 23-26 студзеня. Акрамя гэтага, запланавана правядзенне двухбаковых перамоваў з больш чым 10 краінамі - членамі арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0