Эксперты Агенцтва па харчовых стандартах (FSA) Вялікабрытаніі папярэджваюць, што хлеб і бульбу трэба смажыць да атрымання залацістай, а не карычневай скарынкі, каб пазбегнуць спажывання акрыламіду, які можа выклікаць рак.

Акрыламід выпрацоўваецца ў тым выпадку, калі прадукты, што ўтрымліваюць крухмал, смажацца ў тостары, на патэльні або на грылі цягам занадта доўгага часу або пры занадта высокай тэмпературы.

Найбольш высокія ўзроўні ўтрымання акрыламіду былі зафіксаваныя ў прадуктах з высокім утрыманнем крухмалу (хлеб, бульба, крупы, пірагі, кава), якія гатаваліся пры тэмпературы звыш 120 градусаў Цэльсія.

Калі хлеб падсмажваецца ў тостары, то чым цямнейшы колер яго скарынкі, тым больш у тосце акрыламіду, папярэджваюць навукоўцы.

Доследы на жывёлах паказалі, што акрыламід пашкоджвае ДНК і выклікае ракавыя пухліны, аднак навукоўцы пакуль не могуць з упэўненасцю сказаць, што на чалавека гэта рэчыва аказвае аналагічны ўплыў.

Пры гэтым спецыялісты FSA асцерагаюцца, што ў сярэднім сучасны чалавек спажывае занадта вялікую колькасць акрыламіду, і рэкамендуюць прытрымлівацца здаровай дыеты.

Акрыламід таксама ўтрымліваецца ў тытунёвым дыме, таму курцы спажываюць яго ў тры-чатыры разы больш, чым людзі, якія не паляць.

FSA таксама не рэкамендуе захоўваць бульбу ў халадзільніку, бо пры нізкіх тэмпературах ў ёй павышаецца ўзровень цукру, што патэнцыйна можа прывесці да росту выпрацоўкі акрыламіду пры падрыхтоўцы страў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?