Яшчэ адносна нядаўна словаспалучэнне «нафтавая ігла», якое традыцыйна ўжываецца наконт сыравінна-арыентаванай расейскай эканомікі, прарасейская публіка тлумачыла «русафобіяй» і «перадузятасцю» апазіцыйных СМІ. Сапраўды, да вядомых падзей вясны-2014 існавалі толькі асобныя прыкметы пагрозы такога развіцця сітуацыі. Але пасля ўвядзення рэжыму санкцый і контрсанкцый адбылося нарэшце тое, што прагназавалася і эканамістамі заходніх краін, і незалежнымі эканамістамі Беларусі і Расеі. Пры гэтым нафтавая залежнасць Расеі негатыўна адбіваецца і на прывязаных да яе эканоміках Мытнага саюза, ў тым ліку і на беларускай.

Агульныя тэндэнцыі ў дынаміцы цэн на нафту на сусветных рынках і ў расейскіх галінах эканомікі і фінансавых паказніках працы прадпрыемстваў паказваюць, што залежнасць ад нафты прысутнічала только ў некаторых галінах, але ўвогуле яна была практычна нязначнай. Хутчэй, можна было б казаць аб сыравіннай залежнасці ўвогуле: залежнасці ад экспарту газу, вугалю, каштоўных і рэдказямельных металаў, алмазаў, урану.

Залежнасць ад дынамікі цэн на нафту больш за ўсё прысутнічала ў прамысловых галінах расейскай эканомікі. З індэксам прамысловасці да вясны 2014 года цэны на нафту карэлявалі з сярэднім каэфіцыентам — каля 0,5. У статыстыцы гэткія значэнні лічацца нязначнымі, аднак невялікая ўзаемасувязь усё ж прысутнічала.

Блізкая да функцыянальнай залежнасць прысутнічала ў такіх галінах прамысловасці, як вытворчасць лакаматываў, чыгуначнага рухомага саставу, паколькі значная частка нафты заўсёды ў Расеі і іншых краінах СНД, ў тым ліку і ў Беларусі, перавозілася па чыгунцы; вытворчасць электрычных машын і абсталявання; вытворчасць абутку і скураных вырабаў (відаць, з-за купчай здольнасці расейскіх грамадзян ад экспарту сыравіны).

Меншую, але ўсё ж значную (з каэфіцыентамі ад 0.7 да 0.9) карэляцыю паказвалі вытворчасць аўтамабіляў і прычэпаў і вытворчасць офіснай і вылічальнай тэхнікі. Гэта можна патлумачыць хіба што ўзаемасувяззю аб’ёмаў інвестыцый ў гэтыя галіны, попыту на тавары доўгага карыстання і зніжэннем ставак па аўтакрэдытах з дынамікай на сусветных сыравінавых рынках.

Невялічкую карэляцыю паказвала галіна здабычы карысных выкапняў.

На мяжы статыстычнай значнасці знаходзілася група паказчыкаў, звязаных з будаўніцтвам. Адносна высокую карэляцыю з іх мае толькі індэкс аб’ёму будаўнічых работ. Прычына тут таксама даволі празрыстая: чым вышэйшыя цэны на нафту, тым больш «лёгкіх грошай», «нафтадаляраў» банкі гатовыя даць у крэдыт дэвелаперам, якія, адпаведна, на гэтыя грошы будуюць жытло. Аднак далёка не заўсёды рост цэн на нафту азначае аўтаматычна рост даходаў насельніцтва, таму ні попыт на нерухомасць, ні статыстыка індывідуальнага будаўніцтва не карэлюе з нафтавым рынкам.

Толькі траціна базавых галін расейскай эканомікі да санкцый дэманстравала моцную ўзаемасувязь з нафтавым рынкам. Нават курс расейскага рубля адносна даляра ЗША карэляваў з цаной нафты з каэфіцыентам 0.29, т.б. нязначна. Такім чынам, некаторая залежнасць усё ж прысутнічала, аднак яна не была катастрафічнай. Аднак, улічваючы сыравінавы характар расейскай эканомікі, такое становішча магло прывесці ў любы момант да парахавой бочкі, на якую расейскія ўлады пасадзілі фактычна ўвесь Мытны саюз. Ну вось і выбухнула ўвесну 2014-га.

Калі прааналізаваць дынаміку расейскіх макраэканамічных, фондавых і валютных паказчыкаў у перыяд пасля «рускай вясны», бачна, што ў значнай частцы індэксаў з’явілася сувязь з нафтавым рынкам, блізкая да функцыянальнай. У першую чаргу, гэта індэкс РТС. Таксама высокі ўзровень карэляцыйнай сувязі паказваюць выдавецтва (відаць, з-за таго, што яно яшчэ больш трапіла пад дзяржаўны кантроль і, адпаведна, дзяржаўнае фінансаванне) і аўтамабілебудаванне, што, хутчэй за ўсё, выклікана зніжэннем попыту на аўтамабілі сярод збяднелага насельніцтва, нават нягледзячы на танныя аўтакрэдыты. Таксама высокую сувязь паказваюць машынабудаванне, чыгуначная вытворчасць, распаўсюд энергіі. Ну і, канешне, вытворчасць нафтапрадуктаў таксама паказвае вельмі моцную сувязь, што лагічна цалкам вытлумачальна. Моцная адмоўная карэляцыя прысутнічае ў афіцыйнага курсу даляра і ў курсу даляра на ММВБ.

У Беларусі таксама яшчэ адносна нядаўна не было залежнасці ад «нафтавага фактару». Больш за тое, на працягу даволі доўгага часу курс нацыянальнай валюты адносна даляра, расейскага рубля і еўра адмоўна карэляваў з цэнамі на нафту на сусветных рынках. То бок нам былі выгадныя нізкія цэны на «чорнае золата», як і іншым краінам, якія галоўным чынам з’яўляюцца спажыўцамі замежнай сыравіны, а не здабываюць яе. Перыяд адмоўнай карэляцыі курсаў еўра і даляра адносна беларускага рубля працягваўся да кастрычніка 2014 года. З кастрычніка 2014 прыкладна да студзеня 2016 залежнасці курсу нацыянальнай валюты ад нафты не назіралася, пасля студзеня 2016 года і па гэты момант карэляцыя станоўчая — то бок чым вышэйшыя цэны на нафту, тым вышэйшы курс беларускага рубля.

Фактычна з пачатку гэтага года Беларусь нічым не адрозніваецца ад Расеі з яе сыравінавай эканомікай. Звязваць гэтую з’яву з распрацоўкамі новых радовішчаў нафты на Палессі было б некарэктна, бо ў Беларусі ўсё ж надта мала нафты, каб гэтыя колькасці ўплывалі на курс нацыянальнай валюты. Здабыча вуглевадародаў прыносіць Беларусі каля 114 даляраў на год на кожнага жыхара краіны, гэта нязначная лічба.

Што датычыць айчыннага фондавага рынку, дык толькі ў сілу сваёй малой ліквіднасці ён амаль не паказвае ўзаемасувязі з міжнародным рынкам нафты. Узаемасувязь была толькі перыядычная: напрыклад, на дзённых дадзеных індэкс дзяржыўных каштоўных папер IGov паказваў болей ці меней значную адмоўную карэляцыю толькі ў перыяды з 22 па 29 студзеня 2014 года, з 25 чэрвеня па 15 ліпеня 2014 года, станоўчую карэляцыю, прычым вельмі моцную — з 9 кастрычніка па 31 снежня 2014 года, з 27 студзеня па 11 лютага 2015 года — зноў памяркоўную адмоўную карэляцыю, пасля гэтага наогул не меў узаемасувязі з коштам бараля нафты. Індэкс дзяржаўных каштоўных папер Ggov паказваў невялічкую адмоўную карэляцыю ў перыяд з 14 па 17 студзеня 2014 года, далей яшчэ тры дні (таксама на дзённым графіку) з 19 па 21 студзеня, далей з 26 чэрвеня па 12 ліпеня, далей станоўчую карэляцыю, прычым вельмі выражаную, у перыяд з 9 кастрычніка па 31 снежня. Потым быў зноў перыяд адмоўнай карэляцыі з 26 студзеня па 12 лютага 2015 года, затым карэляцыі альбо не было наогул, альбо была вельмі слабая, статыстычна нязначная адмоўная карэляцыя. Вось што датычыць індэкса ITRGov, дык у яго быў перыяд вельмі моцнай станоўчай карэляцыі з сусветным рынкам нафты з 9 кастрычніка па 31 снежня 2014 года, далей карэляцыя была негатыўная ў перыяд з 26 студзеня па 12 лютага 2015 года. Далей карэляцыі таксама не было. З гэтых фактаў можна зрабіць выснову, што найбольш моцная ўзаемасувязь айчыннага рынку каштоўных папер з цэнамі на нафту мела месца ў канцы 2015 года. Хутчэй за ўсё, сваю ролю адыгралі апублікаваныя якраз у той перыяд справаздачы за 3-і квартал і 9 месяцаў 2015 года, як дзяржаўных, так і прыватных НПЗ. У іх указвалася на зніжэнне выдаткаў на імпарт расейскай нафты на 29,1% у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года. Фізічны аб’ём перапрацаванай нафты за гэты ж час павялічыўся, адпаведна, і паступленні і ў бюджэт, і ў айчынны фондавы рынак (якімі б неліквіднымі ні былі дзяржаўныя каштоўныя паперы Беларусі).

Нават нягледзячы на тое, што Беларусь атрымлівае някепскія грошы за транспартаванне і перапрацоўку расейскай нафты, бягучы чарговы «нафтавы канфлікт», калі прэзідэнт Лукашэнка ўсё ж рэалізуе свае намеры дыферэнцыяцыі крыніц паставак сыравіны ў Беларусь, пойдзе краіне, хутчэй, на карысць. Хаця, канешне, значную частку паступленняў у бюджэт можа згубіць. Беларусь з падачы Расеі вельмі лёгка села на нафтавую іглу, а саскочыць з залежнасці, як вядома з наркалогіі, нашмат цяжэй, чым падсесці на яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?