Мінулы тыдзень стаў знакавым для беларускай музыкі. І нават не таму, што Сяргею Міхалку грукнула 45. Адбылося нешта новае. Дуэт Navi з «Гісторыяй майго жыцця» адпраўляюць на «Еўрабачанне».

Адначасова з перамогай у фінале беларускага адбору гурт выкінуў у сеціва альбом «Ілюмінацыя». Многіх слухачоў і адмыслоўцаў уразіла новае гучанне і смелыя аранжыроўкі ў запісах Арцёма Лук’яненкі і Ксеніі Жук.

Дуэт запісаў «Ілюмінацыю» на студыі Tone Twins. Установу ў верасні 2016-га адкрылі ў Мінску два маладзёны — Уладзіслаў Пашкевіч і Андрэй Кацікаў.

Андрэй Кацікаў скончыў славуты музычны каледж Бэрклі ў ЗША.

Кацікаў з’яўляецца выпускніком славутага музычнага коледжа Berklee. Ён не толькі прыняў рашэнне пакінуць досыць прыбытковы бізнэс у ЗША, але і адкрыць музычную студыю ды разварушыць музычны свет Беларусі.

— Як успрынялі навіну пра перамогу «Гісторыі майго жыцця»? Ішлі на адбор з пэўнасцю, што перамогуць менавіта Navi?

— Проста ганаруся тым, што давялося папрацаваць з Navi. Гэта вельмі сонечныя і светлыя людзі, з якімі лёгка і проста. Нават калі працавалі над «Гісторыяй майго жыцця» і дадавалі перкусію, скрыпкі, запісвалі «хо-хэй-хэй» на бэках — не было праблем з паразуменнем. Напачатку мы хацелі зрабіць сінгл, але сталі рабіць, рабіць, і выйшла большае. Музычны конкурс патрабаваў дадатковых сіл. Мы, вядома, спадзяваліся, што Navi перамогуць, але ў нас заўжды цяжка паверыць у перамогу да таго як абвесцяць афіцыйныя лічбы.

Уладзіслаў Пашкевіч (справа) і Андрэй Кацікаў (у цэнтры) у сваёй студыі Tone Twins.

— Пасля перамогі на адборы ці дакацілася хваля папулярнасці Navi і да вас?

— Хм, ужо пачалі пісаць розныя людзі, былыя аднакласнікі, якія ніколі не пісалі раней. Пабачылі мяне з Уладам падчас трансляцыі, і пачалося. Але на камунікацыю зараз часу асабліва няма. Мы адкрылі студыю з верасня і за гэты час запісалі ўжо больш за 30 трэкаў, у тым ліку запісалі і звялі «Ілюмінацыю». Працавалі практычна 24*7. Мой калега Улад нават дакументы з універсітэта забраў з-за напружанай працы.

— Не страшна было ўкласціся ў такі тонкі бізнэс — музыку?

— Я зразумеў, што вакол мяне шмат таленавітых людзей. Я шмат займаўся гітарай, і аднойчы мне трапіўся выкладчык, які спытаў, ці я хачу рабіць «проста» музыку, ці ісці сваёй дарогай. Я зразумеў, што трэба ствараць музыку і развівацца, паказваць, хто ты ёсць, і не баяцца. Як толькі ты пачынаеш баяцца і трымацца фармату, ты губляеш сваё аблічча. Мабыць, я кагосьці пакрыўджу, але рабіць сваю музыку нагадвае перамогу ў Кубку Дэвіса. Гэта асаблівае пачуццё, дзеля якога варта жыць і не баяцца паказаць нешта новае. Паглядзіце нават на Украіну, у іх ёсьць Дорн, Джамала і іншыя, а чым мы горшыя?

— Іншы менталітэт?

— Кажуць, што ў іх больш зручныя абставіны, людзі больш прасунутыя ці клімат… Але гэта проста адгаворкі, мы жывём у такі час, калі ты нават у лесе пад Жлобінам, маючы інтэрнэт і галаву на плячах, можаш рабіць якасныя рэчы. Проста трэба перастаць баяцца добра авалодаць сваёй справай. Калі я вучыўся ў Штатах, там кожны дзень нараджаецца нешта новае! Проста галава ідзе кругам. Людзі проста вар’яцеюць! А ў нас такога не адбываецца. Паглядзіце, з’яўляюцца «Грыбы», «Мазгі»… А ў Беларусі з’яўляюцца каверы на старыя гурты, жарты пра бульбу… Такое ўражанне, што людзі проста дагульваюць. Мне здаецца, усе проста стаміліся ад таго, што адбываецца на нашай сцэне. Яе нават не хочацца абмяркоўваць. Можна проста зайсці на «Soundcloud» і параўнаць. Ай…

Калекцыя мініяцюр музычных інструментаў у студыі Tone Twins.

— У чым жа тады асноўная прычына беларускага музычнага застою?

— У нас ёсць адна праблема, якая нават глыбейшая за музыку, яна ў многім. Ніхто не хоча ствараць і ніхто не хоча нічога змяняць. Людзі проста хочуць мець свой стабільны заробак і баяцца прагарэць. Культура і адукацыя… Агулам, мы бачым, што даўно нешта пайшло не так. Мы маглі б перайсці на асобы, але я не надта кампетэнтны ў гэтым. Што тычыцца музычных пляцовак, то ў краіне засталася толькі адна вялікая пляцоўка для таго, каб выказацца — «Еўрабачанне». Калі ты едзеш у машыне ў Штатах і ўключаеш радыё, цалкам верагодна, што ты можаш пачуць Олівера Джэймса, Хэйло. У нас такіх выканаўцаў проста не падпускаюць да сцэны. Нейк мы з Уладам прынеслі трэк для ратацыі, і нам адказалі: «Выбачайце, але гэта занадта модна і крута»… І што мы мусілі адказаць? Выбачайце, мы зараз пераробім і зробім горш?

Уладзіслаў Пашкевіч працуе ў студыі з Андрэем.

— А калі прыйшла цікаўнасць да музыкі? Мары пра музычную кар’еру былі ў сям’і з дзяцінства?

— Я скончыў музычную школу па класе фартэпіяна, займаўся хорам, гімнастыкай, бацькі проста не давалі мне вольнага часу, а хацелася ісці на вуліцу і гуляць. Таму ў адзіны вольны дзень я йшоў і гуляў цэлы дзень. Калі я пачынаў думаць, то марыў, што ў мяне будзе бізнэс, а я буду бізнэсоўцам. Грошы, грошы, грошы. Пакуль я не зразумеў, што ў мяне мазгоў няма для бізнэсу. Я ж не пайду будаваць імперыю «Apple», не стану Валадаром Камароўкі. У мяне няма праўдзівага жадання займацца гэтым. Я не хачу быць Валадаром Кавуноў, бо проста не ведаю, што з імі рабіць.

— І вырашылі зноў займацца музыкай?

— Так. Я зноў захапіўся музыкай, у прыватнасці, гітарай. І так праз паўтара года паступіў у ІСВ (Інстытут сучасных ведаў). Але навучанне там хутка надакучыла. Заняткі праходзілі сумна, навучанне нічым не зацікавіла. Я зразумеў, што мне падабаецца музыка як справа, але не падабаецца, як гэта тут выглядае.

— У гэты момант прыйшла думка паступіць у ЗША? Ці лёгка было беларусу трапіць у самы прэстыжны прыватны музычны каледж Злучаных Штатаў?

— У той момант незразумелым чынам мне ў рукі папаў буклет Н’ю-ёркскай школы музыкі. Ён быў такі яскравы, хлопцы з роварамі і гітарамі… Я пагутарыў з татам, і ён прапанаваў паспрабаваць Бэрклі. Мае бацькі, дарэчы, таксама музыкі. Бацька быў бас-гітарыстам у першым складзе «Песняроў», добра ведаў Мулявіна. Я пачаў займацца так, што заставалася часу толькі паспаць. Я прачынаўся а 7-й раніцы, займаўся да абеду сальфеджыа, пасля на навучанне ехаў на другую змену, хадзіў да баптыстаў у царкву на Райніса вывучаць ангельскую, вяртаўся дадому толькі паспаць.

— І вас запрасілі на праслухоўванне?

— Так. Спачатку мусіў ехаць у Бельгію, але ў апошні момант праслухоўванне перанеслі ў Турцыю. Гэта было маім першым падарожжам самастойным. Там мяне, вядома, гэтыя туркі падманулі на грошы, але выпрабаванне я прайшоў выдатна і праз год паехаў. Адчуў, што ўступіў на сапраўднае баявое поле.

— Ад змены краіны і ладу жыцця не ішла кругам галава?

— У Бэрклі былі музыкі такога вялікага ўзроўню, аб якіх я нават не ўяўляў. Там былі людзі маладзейшыя і старэйшыя. Справа мог сядзець чалавек, якому магло быць 17, а злева — 52! І не было такой субардынацыі, як у нас. Я мог падысці да выкладчыка і сказаць: «Хай, Боб!» Можна падысці і спытацца, як вырашыць свае праблемы. Сама атмасфера такая, што праз год нават бацькі заўважылі, як у мяне змяніліся мазгі. Яшчэ мяне ўразіла тое, як лёгка там было знайсці музыкаў. Заходзіш у хол і крычыш: «Мне патрэбны бубнач!» і адразу маеш некалькі прапаноў, а ў нас — гэты не можа, у другога — гемарой… Зусім іншая ментальнасць.

— Што вам адкрыла Бэрклі, у адрозненне ад ІСВ?

— Гэта проста непараўнальныя катэгорыі. Там ёсць магчымасць памацаць прафесійнае абсталяванне, папрацаваць з выдатнымі музыкамі, навучыцца працаваць з музычнымі праграмамі. Развівацца і зразумець, што гэта табе прыносіць у жыцці найбольшую асалоду. Сістэма адукацыі розніцца ў тым, што нашыя методыкі проста непаўнавартасныя і не дапамагаюць чалавеку думаць і ствараць па-за межамі падручніка. Прыходзіць момант, калі ты мусіш думаць самастойна. Такое ўражанне, што мы жывём у старым жарце, дзе Джэймс Хэтфілд звяртаецца да Кірка Хэміта і кажа: «Замяні тут тэрцыю на малую тэрцыю і зайграй інакш». Праз некалькі імгненняў той адказвае, што сапраўды лепш загучала. Так проста ніхто не размаўляе і не думае.

— Ці не пачуваліся героямі стужкі «Whiplash», пазбаўленымі ежы, спакою і сну? Калі ехалі, не марылі аб славе карэйца PSY, які пабіў рэкорды праглядаў на Youtube з шэдэўральным «Gangam Style» у 2012, але так і не скончыў навучанне ў Berklee?

— Навучанне было рэальна насычаным, але, канечне, не такім спусташаючым, як у фільме. Некалькі разоў я проста засынаў у рэпетыцыйных аўдыторыях. Прапускаў апошні цягнік дадому і пешкі ці, калі былі грошы, таксоўкай вяртаўся дадому. Асабліва ў Бэрклі ўражвалі азіяты — сваёй культурай працавітасці. На першы погляд — нічога асаблівага, людзі з маленькімі ручкамі, а потым высвятлялася, што перад табой ледзьве не новы Шастаковіч. Некалькі разоў там запрашалі ў вялікія бэнды, але я адмаўляўся. А што тычыцца PSY, то выкладчыкі часта пра яго ўспаміналі. Я, відаць, такой славы не здабуду, бо, у адрозненне ад карэйца, давучыўся (смяецца).

— Дарэчы, музычны Berklee месціцца ў Бостане, у адрозненне ад знакамітага ўніверсітэта Berklee ў Каліфорніі. Калі я правільна падлічыў, пачатак вашага навучання якраз прыпаў на сумнавядомы тэракт падчас марафона ў красавіку 2013-га?

— Я тады навучаўся яшчэ на першым курсе. Я жыў у інтэрнаце і толькі нядаўна прыехаў у горад. Побач ішла будоўля, таму звыкся да шуму. Каледж у той час выкупіў суседні будынак у «МакДональдс» і будаваў 20-павярховы корпус з крутымі студыямі і пакоямі для рэпетыцый. Дарэчы, за паўгадзіны да тэракта мы з хлапцамі хацелі пайсці на марафон, бо хтосьці прыязджаў выступіць. Я апранаўся, калі пачуў моцны гул. Падумаў спачатку, што кранаўшчык нешта ўпусціў цяжкае, але раптам праз некалькі імгненьняў нехта забег у пакой і сказаў, што ў горадзе адбыўся тэракт і лепш не выходзіць з будынка. Трагедыя адбылася за 200 метраў ад месца, дзе я жыў. Будынак яшчэ 2 тыдні пасля ахоўвалі вайскоўцы і ФБР. Па горадзе пастаянна хадзілі сапёры.

— Ці займаўся ў Бостане чымсьці апроч музыкі?

— Паралельна з навучаннем яшчэ граў у Gospel-гурце ў мясцовай царкве, ды-джэіў трошкі, завёў невялікую справу «NoiseCraft» са знаёмым, стваралі рэкламу для радыёстанцый і інтэрнэту. У 2015-м нават выйгралі тэндар для рэкламы самага старога ў Штатах цырка, якую паказвалі па ўсёй краіне. Мы абышлі больш за 400 канкурсантаў. Спрабаваў нешта падобнае і тут рабіць, але ў Беларусі з рэкламай, скажам так, складана.

— Чаму ж вырашыў вярнуцца з ЗША ў Беларусь?

— Шчыра кажучы, мяне бянтэжыць само пытаньне «чаго вярнуўся?». Некаторыя скрозь зубы цэдзяць: «Дармааа». Людзі, якія так кажуць, я проста не такі як вы! Мы кажам «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». Я зразумеў, што мне няма ад чаго бегчы ў жыцці, што Беларусі жывуць мае бацькі і сябры. Шчыра, два першыя гады ў Бэрклі ў мяне было жаданне там пусціць карані. Гэтае жаданне было спакуслівым. Кінуць усё, каб атрымліваць добрыя грошы. Кінуць сям’ю і родных. Але потым нейк усвядоміў, што мае бацькі ўжо не дзеці, а дарослыя людзі. Пераязджаць, каб яны мову з нуля пачалі вывучаць? Я ведаў, што я пажыву там некалькі гадоў, але гэта надта вялікі кошт. Новых сяброў, братоў па духу прыйшлося б шукаць. А тут у мяне ёсьць класныя бацькі, сябры, людзі, на якія магу пакласціся. Я добра вывучаў рынак ва Усходняй Еўропе і думаю, што і тут усё магчыма. У дадатак, я апантаны дачнік і проста не магу ўявіць жыццё без лета на лецішчы.

— Вярнуліся ў Беларусь з думкай адчыніць студыю? У Беларусі гэта не самы прыбытковы і развіты бізнэс.

— У апошні год навучання ўсе справы абмяркоўвалі з маім сябрам Уладам па скайпе. Прынялі рашэнне, што адкрыем студыю запісу.

Мы, канечне, хлопцы рэзкія і амбітныя, і разумеем, што ў гэтай галіне тут не зробім нейкай рэвалюцыі, але хочам трошкі разварушыць музычнае асяроддзе. Мы хочам адкрываць новыя імёны.

Мы часта чуем, як нехта пабачыў языкі полымя на сонцы, і пачынаюць казаць, што неўзабаве многім будзе балець галава. Так цяпер і з музыкай адбываецца. Нешта нараджаецца ў Штатах, ідзе ў Брытанію, далятае да Заходняй Еўропы, а мы ўжо чуем толькі лёгкі водгук. Разрыў складае прыкладна 2 гады.

Раней была адгаворка ў людзей, чаму так адбываецца. «Ой, я не ведаў», «у мяне не было магчымасцей». Грошай не было, камп'ютара не было. А цяпер мы жывём у ХХІ ст., дзе ёсць інтэрнэт і доступ да ўсіх парталаў. Калі ты залезеш на сайт ці Укантакце, дзе 200 тысяч падпісчыкаў, ты можаш залезці ў суполку, што абнаўляецца два разы на дзень, і паслухаць якасную музыку. Прасякацца ёю. Тое, з чаго табе можа спадабацца 15—20 адсоткаў. У нашых бацькоў такой магчымасці не было. Ім даводзілася перапісваць вініл на рэнтгенаўскі здымак. Уяўляеце?! Яны рабілі «Queen», рабілі копіі, гэта было забаронена, як і джынсы. Але ўсе насілі. Так бачыш лёгкія, паламаныя ногі, а гучыць Can Anybody Help. Сёння ты можаш набыць хатнюю студыю за 300 даляраў, і гэтага дастаткова для старту, калі ёсць галава. Добрая апаратура — гэта проста бонус. Яго трэба выкарыстоўваць.

— У студыі ўжо ёсць канкрэтныя планы па разварушванні і нейкія праекты?

— Найперш з Уладам цяпер рыхтуем альбом. Не магу пакуль сказаць, што гэта канкрэтна будзе, але спадзяюся, што будзе ён ўдалым. Электронная музыка, хаўс, джаз, рыхтуйцеся! А таксама вядзём асобны праект джазавага хору. Пакуль у ім 9 выканаўцаў, але ўсе ўдзельнікі надзвычай сур’ёзныя. Арцём Краснабаеў з «Apple Tea», Рома Валаснёў, які працуе з Ігарам Крутым, лаўрэат «Акадэміі Талентаў» Аня Рай і іншыя. Праект мае быць амбітным і спадзяюся, улетку вы пра яго пачуеце больш.

Уладзіслаў Пашкевіч і Андрэй Кацікаў (злева) у сваёй студыі Tone Twins.

* * *

Летась улады Беларусі задумаліся аб стварэнні адмысловай праграмы па дапамозе беларускім студэнтам, якія навучаюцца за межамі краіны, каб яны вярталіся.

Хочацца спадзявацца, што гэта адбітак тэндэнцыі — што ўсё больш юнакоў і дзяўчат будуць ажыццяўляць «камбэк». Найлепшым прыкладам можа быць той самы Скарына, які 500 гадоў таму ў Празе надрукаваў Біблію… каб вярнуцца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру