У Магілёўскай вобласці грамадскія актывісты прапанавалі стварыць перасоўную выставу пра жыццё і творчасць Алеся Адамовіча.

Нагадаем, 5 лістапада 2016 года ў Магілёве адбыўся круглы стол «Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадскасці і ўлады», закліканы актывізаваць збор сродкаў на музей пісьменніка ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. На круглым стале быў створаны грамадскі савет пры абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, задачай якога з'яўляецца арганізацыя працы па зборы грошай і прыцягненні ўвагі да творчасці Адамовіча.

23 студзеня ў Магілёўскай абласной бібліятэцы прайшло чарговае пасяджэнне савета. У адрозненне ад папярэдняга, які прайшоў у снежні, у ім узялі ўдзел прадстаўнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Яўген Белавусаў і першы сакратар Магілёўскага абкама БРСМ Павел Алекса.

У ходзе сённяшняй дыскусіі было вырашана арганізаваць перасоўную выставу, прысвечаную жыццю і творчасці Алеся Адамовіча, расказала абраная старшынёй савета журналістка Нэлі Зігуля. Мяркуецца, што экспазіцыя будзе складацца прыкладна з дзесяці банераў з фотаздымкамі і інфармацыяй пра пісьменніка.

Паводле слоў старшыні савета, пакуль органамі ўлады не прынята фармальнага рашэння аб стварэнні музея Алеся Адамовіча. «Прадстаўнік аблвыканкама будзе ўдакладняць, як гэта можна рэалізаваць, каб існавала афіцыйнае рашэнне аб стварэнні музея. Ці магчыма такое рашэнне наогул», — сказала Нэлі Зігуля, адзначыўшы, што такое рашэнне дазволіла б больш актыўна збіраць грашовыя сродкі.

Падчас пасяджэння члены савета выказалі прапановы наконт звароту да розных арганізацый і асобных грамадзян па фінансавую дапамогу на стварэнне музея. Так, было вырашана звярнуцца да абодвух беларускіх пісьменніцкіх саюзаў, у Фонд міру, у Міжнародны фонд сацыяльна-эканамічных і паліталагічных даследаванняў (Гарбачоў-фонд), у Дабрачынны фонд Мікалая Сіманава, да акцёраў, якія сыгралі ролі ў фільмах, знятых паводле твораў Алеся Адамовіча. Таксама пра яго творчасць будзе гаварыцца на «Пысінскіх чытаннях», якія намечаны ў абласной бібліятэцы ў сакавіку.

«Кожны з членаў савета ўзяў на сябе рашэнне нейкіх пытанняў. Адны — па папулярызацыі ідэі стварэння музея, іншыя — на перспектыву для збору сродкаў на яго будаўніцтва», — адзначыла Зігуля.

Нагадаем, раней пісьменніца Святлана Алексіевіч пералічыла абяцаныя ёю 5 тыс. даляраў на стварэнне музея Алеся Адамовіча. Усяго цяпер сабрана каля 11,5 тыс. рублёў. На выраб праектна-каштарыснай дакументацыі, паводле слоў прадстаўніка магілёўскага Цэнтра па рэстаўрацыі Марата Абдуліна, неабходна каля 12 тыс. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?