Адар’я Гуштын, карэспандэнтка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, аказалася ў спісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Азербайджана. Нагодай стаў артыкул, прысвечаны Нагорнаму Карабаху — тэрыторыі, якую азербайджанскія ўлады лічаць акупаванай армянамі.

Адар'я Гуштын

Адар'я Гуштын

Агулам у спісе 623 асобы з розных краінаў свету. Прафесіі зусім розныя: прадстаўнікі фондаў, музыкі, рэжысёры, палітыкі… Гэта тыя, хто, паводле разумення Азербайджана, парушыў тэрытарыяльную цэласнасць краіны. Журналістаў, канечне, шмат: тут і «Нью-Ёрк таймс», і «Эхо Москвы», і «Лайфньюс», і «Берлінер цайтунг»…

Сам артыкул выйшаў у маі 2016 года. Але пра сваё імя ў спісе персон нон-грата на тэрыторыі Азербайджану журналістка даведалася нядаўна.

«Цікавіліся гісторыяй блогера Лапшына, якога Беларусь плануе выдаць Азербайджану, ён быў у тым спісе. І раптам высветлілася, што маё імя таксама там, — кажа Адар’я Гуштын. — Калі я была ў Карабаху, то разумела, што пэўныя наступствы могуць быць. Яшчэ калі артыкул толькі быў апублікаваны, на маю прыватную пошту, якая нідзе не пазначана, прыйшоў ліст ад незнаёмца з пытаннем, ці быў у мяне дазвол ад азербайджанскага МЗС, каб заехаць на «акупаваную тэрыторыю Азербайджана». Я разумела, што, хутчэй за ўсё, гэта хтосьці з сілавога блоку Азербайджана, але перапіску не падтрымала».

Крыўды на азербайджанцаў у журналісткі няма.

«Я была ва ўсіх постсавецкіх краінах, апроч Азербайджана і Туркменістана. І ў бліжэйшы час я наўрад ці змагу трапіць у Азербайджан, канечне. Шчыра кажучы, шкада, гэтая краіна мне вельмі цікавая. Гонару за тое, што маё імя ў тым спісе не адчуваю… Але і злобы аніякай няма, я з павагай стаўлюся да Азербайджана як да краіны і маю сяброў там. Я падзяляю краіну і рэжым», — каментуе Адар’я.

Акрамя Адар’і, у спісе непажаданых асобаў яшчэ чацвёра чалавек, пазначаных як грамадзяне Беларусі: блогер Павел Андрыеўскі, журналіст Віктар Канаплёў (рэдактар партала «Наша среда», прысвечанага расійска-армянскім адносінам), Вера Тарывердзіева — удава кампазітара Мікэла Тарывердзіева, скульптар і мастак Спартак Аруцюнян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?