Рашэннем Міністэрства інфармацыі ад 23 студзеня на тэрыторыі Беларусі абмежаваны доступ да расійскага шавіністычнага сайта «Спутнік і пагром». Яго матэрыялы рашэннем Цэнтральнага суда Мінска прызнаныя экстрэмісцкімі.

Сайт Ягора Прасвірніна дастаткова шмат пісаў пра Беларусь, найчасцей называючы нашу краіну «Заходняя Русь», альбо «экс-БССР». За беларускую тэматыку на партале адказваў Кірыл Авяр’янаў-Мінскі, былы грамадзянін Беларусі, які з’ехаў у эміграцыю ў Расію.

«Спутнік і пагром» лічыў гістарычнай памылкай дзяржаўнасць Беларусі, неаднаразова падкрэсліваў гэта ў сваіх публікацыях. Цяперашні генеральны сакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась быў сярод крытыкаў расійскіх чарнасоценцаў: «Яны генеруюць нянавісць да кіраўніцтва краіны і асабіста Аляксандра Лукашэнкі».

«Наша Ніва» адабрала некалькі найбольш яркіх цытат з «Спутніка і пагрома», што тычыліся нашай краіны.

Ніякага братняга беларускага народа няма

«Ніякага «братняга народа» у экс-БССР няма. Беларускіх грамадзян можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: 1) людзі, якія ў той ці іншай меры захавалі ўсведамленне прыналежнасці да рускай цывілізацыі / рускага свету / рускай нацыі; 2) людзі, якія адмовіліся ад якой бы там ні было рускасці. Першыя — частка рускага народа і патэнцыйная частка рускай нацыі (для разанцаў або сібіракоў такія беларусы не «братэрскі народ», а той жа самы народ). Другія — юды, якія, як элегантна выказаўся Дзмітрый Галкоўскі, «у цяжкую хвіліну вырашылі перафарбавацца з карася ў парася, адхрысціліся ад супляменнікаў і паставілі сабе ў Мінску самастойны герб з дэвізам «тата, чуеш, сякуць, а я ўцёк».

Крэмль — галоўны спонсар незалежнасці

«Пакуль у экс-УССР спрабуюць пазбавіцца ад культу Перамогі шляхам гераізацыі УПА, у экс-БССР рыхтуюцца святкаваць свой уласны Дзень Перамогі з парадам і самастойнасцю. Калі б ўкраінскае кіраўніцтва было крыху больш разумнае, яно брала б прыклад з Лукашэнкі, гераізуючы не Бандэру, а, напрыклад, савецкага партызана Сідара Каўпака. З аднаго боку, гэта вельмі нават самасційненька. Бо да 1940-х гадоў прылічаць украінцаў і беларусаў да трыадзінага рускага народа стала лічыцца заганным. З іншага, гэта не выклікае пякоткі у Крамля — галоўнага спонсара украінскай і беларускай «Незалежнасці».

У будучыні можа быць Віцебская народная рэспубліка

«Усе ведаюць, што ў 1954 годзе Крым незаконна перадалі са складу Расійскай СФСР ў склад Украінскай ССР, многія чулі, што у 1918 годзе да Савецкай Украіне далучылі тэрыторыю Данецка-Крыварожскай Савецкай Рэспублікі, аднак мала каму вядома, што ў 1920-х гадах у склад Беларускай ССР сілком загналі Віцебшчыну, Магілёўшчыну і Гомельшчыну, раней якія належалі РСФСР. Як і ў выпадку з Крымам і Данбасам, меркаванне жыхароў заходнерускіх губерняў зусім не цікавіла бальшавіцкае кіраўніцтва: Віцебск, Магілёў і Гомель былі перададзеныя Савецкай Беларусі як мех бульбы.

Для таго, каб у вас, дарагія чытачы, не было здзіўлення ў сувязі з магчымым абвяшчэннем у будучыні Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай Народных Рэспублік, мы хочам расказаць вам чароўную гісторыю аб узбуйненні БССР у 1924 і 1926 гадах».

«Пазбавіцца беларускай дзяржаўнасці любымі сродкамі»

«Як бачым, у плане местачковага ідыятызму сённяшняя РБ мала чым адрозніваецца ад Украіны даваеннага перыяду. Ці будуць падзеі ў Беларусі развівацца па ўкраінскім узоры — пакажа час. Адно можна сказаць дакладна — стратэгічнай задачай самасційнасці уладаў РБ з'яўляецца максімальная дэрусіфікацыя заходніх абласцей гістарычнай Расіі. Такім чынам, кожны сумленны рускі чалавек павінен зразумець, што самасційная дзяржаўнасць на заходнерускай тэрыторыі ёсць абсалютнае зло, ад якога 10-мільённая галіна трыадзінага рускага народа павінна быць пазбаўлена любымі сродкамі».

Беларуская дзяржаўнасць як пагроза

«Пры гэтым «рызыка страціць Беларусь», пра якую апошнім часам часта пішуць у расейскай прэсе, безумоўна, існуе, аднак звязаная яна не з Анісім і нават не з Лукашэнкам, а з наяўнасцю беларускай дзяржаўнасці як такой. Ёсць відавочны для любога непрадузятага даследчыка закон: калі на гамагеннай у этнакультурным плане тэрыторыі па волі лёсу ўзнікае некалькі нацыянальна-дзяржаўных утварэнняў, то адзіным спосабам самасцвярджэння для дробных дзяржаў становіцца максімальнае проціпастаўленне сябе вялікім дзяржаве. Адпаведна, самасційныя Беларусь і Украіна могуць існаваць выключна ў фармаце «Анты-Расія», а, напрыклад, самастойная Аўстрыя — у фармаце «Анты-Германія» (усім раю прачытаць артыкул Герхарда Пендла «Аўстрыя — не Германія?», апублікаваны ў шостым нумары часопіса «Пытанні нацыяналізму», і паспрабаваць знайсці дзесяць адрозненняў аўстрыйскай германафобіі ад беларуска-ўкраінскай русафобіі)».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?