Кацярына валодае ўнікальным голасам, грае больш чым на пяці музычных інструментах, піша вершы ды музыку, шые ды рэканструюе сярэднявечныя строі. Яна можа зрабіць дакладную копію пераплёту кнігі XIII стагоддзя ці напісаць кельцкім шрыфтам VI стагоддзя так, што не адрозніце ад арыгіналу. Акрамя ўсяго гэтага, Кацярына паспявае быць жонкай і мамай для сваіх дваіх дзетак.

«Часта кажуць, што я граю фольк, але гэта не зусім фольк. Гэта хутчэй арт-рок, дзе і аўтарскія тэксты, і аўтарская музыка. Мне падабаецца азначэнне «фэнтэзі-рок»,

якое мы з маім ансамблем прыдумалі, каб акрэсліць тое, што ў нас атрымліваецца», — так спявачка вызначае накірунак, у якім працуе. Да 2013 года яна выступала з акустычным гуртам Alta Mente. Цяпер яе гурт мае ў складзе назвы яе ўласнае імя: «Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra». У ансамблі спявачкі музыкі граюць на ўдарнай ўстаноўцы, бас-гітары, электрагітары, электраскрыпцы і цымбалах. Сама Кацярына піша тэксты, музыку, спявае ды грае на духавых інструментах.

У лістападзе 2016 года Ваданосава прэзентавала свой першы сольны альбом — «Міфатворчасць», куды ўвайшло 11 песень. Дарэчы, дэбютны паэтычны зборнік Кацярыны, які выйшаў у 2015 годзе, мае такую ж самую назву.

«Я памятаю галодныя часы, калі ў нас дома была толькі бульба і алей»

Каці было чатыры, яна страціла бацьку. Амаль усе ўспаміны Кацярыны з ранняга дзяцінства звязаныя менавіта з ім і з музыкай. Днём спадар Эдуард працаваў у Акадэміі навук, а па вечарах хадзіў на рэпетыцыі гурта «Шпакі», дзе граў на бас-гітары. «Верасы», «Сябры», «Песняры», «Сузор’е», «Шпакі», — усе музыкі тады ведалі адзін аднаго і былі недзе побач. Дарэчы, менавіта ў гэтым гурце пачынаў сваю дзейнасць Аляксандр Саладуха.

«Бацька быў радыёфізік, матэматык, адзін з першых праграмістаў у нашай краіне, займаўся ў 1980-я гады тым, чым модна займацца цяпер, — прыгадвае Кацярына. — Памятаю, як ён сядзеў і штосьці падбіраў на гітары, як прыходзілі барадатыя дзядзькі, сядалі вакол прайгравальніка і здымалі партыі тых жа Deep Purple».

Маці спявачкі, спадарыня Нэлі, па адукацыі актрыса і рэжысёр масавых мерапрыемстваў. Аднак у цяжкія для сям’і часы, якія супалі з няпростым часам для ўсёй Беларусі (гэта быў 1991 год), ёй давялося забыць пра летуценні. Трэба было накарміць дваіх дзяцей: маленькую яшчэ Кацю і старэйшага за яе на 13 гадоў Кірылу.

«Я не магу ўсвядоміць, што ёй давялося прайсці, каб мы цяпер не пілі гарэлку пад плотам, — кажа Кацярына. — Мая мама — вельмі прыгожая жанчына, калісьці нават сам Ніл Гілевіч запрашаў яе ў рэстарацыю, яе клікалі працаваць у Дом мадэляў, з яе пісалі карціны… І вось я памятаю, як яна, абсалютна інтэлігентная жанчына, якая і ў той час, у свае 40 гадоў, была вельмі прыгожая, адукаваная, вымушаная была мыць прыбіральні ў школе. А я тым часам сядзела ў калідоры на падваконні і рабіла ўрокі. Я памятаю галодныя часы, калі ў нас дома былі толькі бульба і алей, а мама сядзела і плакала над гэтай бульбай. Гэта былі чорныя моманты, але мы іх перажылі дзякуючы маме ды брату, які ў свае 17—18 гадоў быў вымушаны і вучыцца, і ўладкавацца адразу на некалькі работ. Сам засвоіў праграмаванне, цяпер паважаны чалавек».

Кацярына не шкадуе сябе, кажа, што, калі б жыла як усе нармальныя людзі, нічога вартага з яе не атрымалася б. Гэта навучыла яе пераадольваць цяжкасці, не чакаючы ніякай дапамогі.

«У мяне не было сваякоў, якія б маглі мяне ўладкаваць. Не было таты, які б мог заступіцца, калі мяне білі хлопчыкі за кучаравыя валасы ці поўныя вусны. У мяне ніколі не было ніякага блату. У свой час мне было вельмі крыўдна, што вось так усё сталася. Здавалася, калі б жыў мой бацька, ён бы дапамог мне і ў мяне было б зусім іншае жыццё», — прызнаецца яна.

«Калі ўсе слухалі «Рукі ўверх» пра «Крошку маю», я слухала The Beatles»

Пра школьныя гады Кацярына гаварыць не любіць.

«Я ненавідзела школу з пятага да дзявятага класа, — не хавае пачуццяў наша гераіня. — Я вучылася ў школе з музычным ухілам, там было вельмі шмат дзяўчынак. Звычайна ў такіх супольнасцях дзяўчынкі сябруюць не з кімсьці, а супраць кагосьці. Калі я выходзіла са сваіх шматлікіх і доўгатэрміновых хвароб, са мной амаль ніхто не падтрымліваў стасункаў, я часта была адна. У дадатак, калі ўсе, напрыклад, слухалі «Рукі ўверх» пра «Крошку маю», я слухала The Doors, Led Zeppellin ці сваіх самых улюбёных The Beatles. Гэта не надавала мне статуснасці ў асяродку аднагодкаў».

Атрымала чырвоны дыплом

Пасля музычнай школы, дзе Кацярына займалася дзевяць гадоў, яна два гады вучылася ў гімназіі з музычна-педагагічным ухілам. Але тады і не думала звязваць жыццё з музыкай. Гэта была руціна, якая не прыносіла асаблівай радасці. Ужо потым, калі Кацярына пайшла ва ўніверсітэт, у яе з’явілася прага да грання і да стварэння музыкі.

«У падлеткавым узросце я хацела быць альбо актрысай, альбо археолагам. Калі мне стукнула 16, я, натхнёная, пайшла на акцёрскі факультэт і праваліла ўступныя іспыты — у кулуарах хадзілі чуткі, што ў дзяўчат няма шансаў, возьмуць толькі хлопцаў. Так і сталася: з 20 набраных чалавек дзяўчат было толькі чацвёра. У тыя часы яшчэ не было тэсціраванняў, а паступаць можна было ў дзве хвалі за адно лета, таму ў мяне паўстала пытанне, што рабіць далей: ісці ў музпед альбо на гістфак у педагагічны ўніверсітэт. Я вырашыла, што на гістфаку будзе весялей, і пайшла туды здзяйсняць сваю другую мару — быць археолагам. Праўда, аказалася, што педагагічны ўніверсітэт не рыхтуе археолагаў, таму я паспяхова атрымала чырвоны дыплом па спецыяльнасці «Гісторыя і рэлігіязнаўства»», — канстатуе гераіня.

«Калі была маленькая, людзі не маглі зразумець, хто гэта ва мне гаворыць»

Кацярына грае на фартэпіяна, гітары, блок-флейтах, акарыне, варгане, нават на армянскім дудуку ды беларускай дудзе, аднак любімы інструмент — голас, бо ім можна зрабіць тое, чаго не зробіш усімі астатнімі.

«Калі была маленькая, людзі не маглі зразумець, хто гэта там гаворыць, — усміхаецца маладая жанчына. — Для трохгадовага дзіцёнка ў мяне быў страшэнна нізкі голас. У малодшай школе спрабавалі яго «выправіць», засоўвалі з альтоў у сапрана. Пазней я трапіла да добрага педагога з цудоўным стаўленнем і да дзяцей, і да музыкі, і ён разгледзеў патэнцыял менавіта майго дыяпазону.

Літаральна некалькі дзён таму я сустракалася з ім. Чарговы раз вяла канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі [Кацярына перыядычна выступае тут у якасці канферансье — піша сцэнары канцэртаў ды вядзе іх — НН], і Уладзімір Лой са сваім хорам «Пунсовыя ветразі», у якім я ў свой час спявала, выступаў на сцэне… Цяпер, калі я спрабую выконваць класічныя творы, мне нават прасцей спяваць мужчынскія партыі. У мяне кантральта, з гэтым нічога не зробіш — мая фізіялагічная камплекцыя дыктуе гэты голас. З ім я мірылася доўга. У школе цярпець не магла — мне падавалася, што дзяўчынка павінна недзе там лётаць наверсе. Тым больш, даволі рэдка нізкім галасам даюць салюючыя партыі, звычайна яны дзесьці «на падпеўках»».

Цяпер Кацярына з задавальненнем прымае ўласны голас, які насамрэч даволі рэдкі. Звычайна ў гледачоў узнікае ўнутраны дысананс, калі Кацярына пачынае спяваць. Складана паверыць, што ў гэтай зграбнай вытанчанай маладой жанчыне ўнутры хаваецца такая моц.

«Адна з самых любімых маіх гульняў была гульня ў рыфму»

Вершы наша гераіня пачала пісаць раней, чым музыку, яшчэ ў малодшай школе.

«Адна з самых любімых гульняў у мяне з бацькамі была гульня ў рыфму, чым цяпер я спрабую займацца са сваімі дзецьмі. Адзін кажа слова, а іншы мусіць падабраць да яго рыфму. Да таго ж, я ў тры гады навучылася чытаць, вершаваныя творы асабліва заварожвалі мяне, таму пісаць вершы было цалкам натуральна, — распавядае спявачка.

— Пісала пра любоў і пра Беларусь — пра што яшчэ пішуць у 7-8 гадоў?.. Калі я пайшла ў школу, быў час беларусізацыі, 1991-1992 гады, усё навучанне ішло па-беларуску. У мяне была цудоўная першая настаўніца, якая культывавала любоў да Радзімы. Потым беларуская мова была тым прадметам, на якім мне нічога не трэба было рабіць, я на ім літаральна адпачывала. Памятаю, як ва ўніверсітэце я выратоўвала сваімі вершамі ўсю групу — калі ніхто не быў падрыхтаваны да семінара, усе пачыналі хорам прасіць выкладчыка: «А няхай Ваданосава нам свае вершы пачытае!» І выкладчык часта згаджаўся, а я з радасцю выварочвала аднагрупнікам сваю душу, хаця насамрэч усе, каму я чытала, проста хацелі крышку адпачыць ды нічога не рабіць на занятках. Мова мне падабалася, я ніколі не ўспрымала яе як нешта калгаснае. Можа быць, таму што ў мяне няма ніводнага вясковага сваяка, і я чула беларускую мову толькі як літаратурную».

«Калі б я засталася ў сваёй непахіснай празе выхаваць дзіця ў беларускамоўным асяродку, то зрабіла б яго асацыяльным»

У сям’і Кацярыны квітнее білінгвізм. Яна — беларускамоўная, муж Сяргей — рускамоўны.

Кацярына Ваданосава з мужам Сяргеем, дачкой Стэфаніяй і сынам Янушам.

Кацярына Ваданосава з мужам Сяргеем, дачкой Стэфаніяй і сынам Янушам.

Дзеці, Стэфанія і Януш, гавораць так, як ім хочацца.

Калі шэсць гадоў таму ў сям’і нарадзілася першае дзіця, дзяўчынка, Кацярына імкнулася выхоўваць яе толькі па-беларуску. Калі ж наспела пытанне аддаваць яе ў садок, і высветлілася, што паблізу няма аніводнай беларускай групкі, паўстала дылема: вазіць дзіця праз увесь Мінск на Каменную Горку ці змірыцца. Кацярына абрала другі варыянт.

«Потым аказалася, што наша выхавацелька — настаўніца беларускай мовы, таму яна навучыла дзяцей нармальна ставіцца да мовы. Я зразумела адну рэч: калі б я засталася ў сваёй непахіснай празе выхоўваць дзіця выключна ў беларускім асяродку, то зрабіла б яго асацыяльным элементам. Я ведаю беларускамоўных дзяцей — ім не надта лёгка жывецца. Дзеці не такія «лапачкі», якімі могуць падавацца. Калі яны ў адной пясочніцы з дзіцём, якога не разумеюць, які гаворыць не так, як усе, то могуць вельмі жорстка да яго ставіцца, — тлумачыць Кацярына. —

Маё дзіця ўвесь час выбірала: рабіць так, як мама навучыла, ці так, як робяць усе навокал. Са сваім жыццём я магу рабіць усё, што хачу, і гаварыць хоць па-кітайску. Калі ж я выхоўваю дзіця, то павінна кіравацца тым, як яму будзе больш камфортна. Канечне, гэта мяне не зусім задавальняе, гэта крок супраць сябе, але так ёсць. Нас паставілі ў такую сітуацыю, я не магу з гэтым нічога зрабіць».

Цяпер са Стэфаніяй яна размаўляе на беларускай, а тая зазвычай адказвае па-руску. Хаця і па-беларуску таксама можа.

«Нядаўна Стэфачку запрашалі на тэлебачанне на кастынг, і маё шасцігадовае дзіцяня затыкнула за пояс усіх пяцікласнікаў, якія ведаюць беларускую мову толькі па падручніках, — распавядае шчаслівая мама. — Але я не прымушаю яе карыстацца мовай літаральна кожны момант. Для мяне камунікацыя па-беларуску абсалютна натуральная. Я пачала займацца разрывам шаблонаў, карыстацца беларускай мовай тады, калі гэта амаль ніхто не рабіў, калі гэта яшчэ не было модным. Цяпер, калі я гляджу на людзей, якія раней казалі «говорі нормально», і бачу, што яны гавораць па-беларуску, я думаю, што гэта і мая праца».

«Матэрыяльная абмежаванасць — класны штуршок для самаўдасканалення»

Шыць і вышываць Кацярына пачала вельмі рана. Гады ў тры ёй давалі іголку, нітку, і яна вышывала. Каця была вельмі ціхім дзіцём, яе не цікавілі гульні на вуліцы. Ёй хацелася пасядзець дома, пачытаць кніжку, памаляваць, павышываць і задаволіць прагу крэатыву, якая была ў яе заўсёды.

«На пачатку гэта былі страшэнныя балахоны. Да гэтага часу аднакурснікі ўзгадваюць мае шалёныя прадметы гардэробу, у якіх я хадзіла на першых курсах. Гэта было незразумела што, незразумела з чаго. Грошай не было, а вельмі хацелася, таму тканіна часцей за ўсё была тая, якую мне аддавалі, бо яна нікому не была патрэбная. Ды мне гэта дало базу. Спецыяльнай адукацыі не маю, я самавук, але таго, што я раблю, мне, у прынцыпе, дастаткова. Дарэчы, цяпер, напрыклад, я раблю чарговы камплект строяў для ўсяго майго гурта», — кажа Кацярына.

Яна з дзяцінства назірала, як чаравала яе маці над новымі ўборамі. Як з нічога рабіла шыкоўныя рэчы.

«Калі я была маленькая, мы былі вельмі бедныя, але ніхто гэтаму не верыў, таму што мая мама ўмудралася рабіць тое, што пад сілу далёка не кожнаму чалавеку», — распавядае наша гераіня. — Яна брала стары халат і стварала мне з яго святочную сукенку. Хаця таксама самавук. Памятаю, як мы кроілі: укладваліся на тканіну і абводзілі адна адну. Я ўвогуле лічу, што матэрыяльная абмежаванасць — гэта класны штуршок для самаўдасканалення».

Кацярына пра кнігі, якія найбольш паўплывалі: «Самы любімы твор — «Уладар Пярсцёнкаў». Ёсць, канечне, і іншыя. Напрыклад, «Майстар і Маргарыта». Я ўпершыню прачытала гэтую кнігу ў 10 гадоў, і яна мяне тады так «накрыла», што я некалькі дзён не магла спаць, есці, жыць. Настолькі гэта было сугучна з маім светаўспрыманнем! Таксама «Цяжка быць Богам» і «Панядзелак пачынаецца ў суботу» братоў Стругацкіх, «Дарога сыходзіць удалячынь» Аляксандры Бруштэйн».

Кацярына пра кнігі, якія найбольш паўплывалі: «Самы любімы твор — «Уладар Пярсцёнкаў». Ёсць, канечне, і іншыя. Напрыклад, «Майстар і Маргарыта». Я ўпершыню прачытала гэтую кнігу ў 10 гадоў, і яна мяне тады так «накрыла», што я некалькі дзён не магла спаць, есці, жыць. Настолькі гэта было сугучна з маім светаўспрыманнем! Таксама «Цяжка быць Богам» і «Панядзелак пачынаецца ў суботу» братоў Стругацкіх, «Дарога сыходзіць удалячынь» Аляксандры Бруштэйн».

Кацярына гаворыць, што «простыя», «чалавечыя» рэчы шыць не ўмее. Большая частка таго, што яна пашыла, — канцэртныя строі. У яе шмат рэканструяваных сукенак на XIII—XVI стагоддзі. Эстэтыка сярэднявечных ўпрыгожванняў, адзення, — усё гэта ёй вельмі блізка.

Можа быць, таму яе і захапіла ідэя ўзяцца за вывучэнне і стварэнне гістарычных пераплётаў для кніг, старадаўніх каліграфічных традыцый.

«Думку, што я магу гэтым займацца, мне прышчапіў муж. Ён страшэнна прасунуты ў плане канцылярскіх тавараў, замаўляе сабе з-за мяжы розныя нататнікі і можа з імі насіцца як з пісанай торбай, — распавядае Кацярына. — Аднойчы ён папрасіў мяне зрабіць яму нататнік. Я зрабіла. Ён сказаў, што добра атрымалася, і прапанаваў рабіць гэта і далей. Першым часам гэта былі нейкія простыя рэчы, а потым я ўжо зразумела, што гістарычная адукацыя дазваляе мне рабіць штосьці нашмат больш дакладна акрэсленае. Цяпер я магу вельмі доўга распавядаць пра тое, як рабілі пераплёты ў XIV стагоддзі і як рабілі ў XVI, як рабіць можна, а як — нельга. Каліграфія сюды таксама добра ўпісалася, хаця мой звычайны почырк дрэнны. У мяне добра атрымліваецца кельцкі шрыфт, гатычны, больш-менш рэнесанс, а вось далей ужо крывуліны».

«Калі мяне ставяць на адну ступень разам з 16-гадовымі дзяўчатамі, гэта вельмі цяжка»

Кацярыну вельмі любіць камера, у якіх толькі вобразах гэтую чароўную рыжавалосую прыгажуню ні здымалі! Большасць амплуа для здымак Кацярына прыдумляе сама. У іх яна быццам перажывае тыя жыцці, якія не паспела пражыць.

«Я прыйшла ў мадэльную сферу тады, калі ў мяне ўжо былі дзеці і мазгі. Я не разглядала гэта як справу жыцця, толькі як хобі. Канечне, прыемна пахадзіць у прыгожай сукенцы, пакрасавацца, але гэта ўсё адно звязана з псіхалагічным прэсінгам. Калі мяне ставяць на адну ступень разам з 16-гадовымі дзяўчатамі, кіруюць мною як лялькай, гэта вельмі цяжка, — прызнаецца Кацярына. — Гэта быў проста дадатковы заробак, але ніякага эмацыйнага задавальнення я пры гэтым не адчувала».

Пра любімую музыку: «З самага дзяцінства кожны дзень у мяне дома гучалі The Beatles, усе песні якіх я ведаю на памяць, Led Zeppelin, Deep Purple, Pink Floyd, The Doors, Black Sabbath. Карацей, стары класічны рок прыкладна да канца 1970-х. Нядаўна іду па вуліцы ў навушніках, а ў мяне паліто з карункамі ў ружовыя і блакітныя кветачкі. І нейкі хлопец да мяне падыходзіць: «Ці можна з вамі пазнаёміцца?». «Калі ласка, знаёмцеся!» (Не буду ж я адразу расчароўваць хлопчыка заявай, што ў мяне сям’я ды дзеці). «А што вы слухаеце?». «Black Sabbath». «Штооо?»».

Пра любімую музыку: «З самага дзяцінства кожны дзень у мяне дома гучалі The Beatles, усе песні якіх я ведаю на памяць, Led Zeppelin, Deep Purple, Pink Floyd, The Doors, Black Sabbath. Карацей, стары класічны рок прыкладна да канца 1970-х. Нядаўна іду па вуліцы ў навушніках, а ў мяне паліто з карункамі ў ружовыя і блакітныя кветачкі. І нейкі хлопец да мяне падыходзіць: «Ці можна з вамі пазнаёміцца?». «Калі ласка, знаёмцеся!» (Не буду ж я адразу расчароўваць хлопчыка заявай, што ў мяне сям’я ды дзеці). «А што вы слухаеце?». «Black Sabbath». «Штооо?»».

Зусім па-іншаму Кацярына глядзіць на ўласныя фотасесіі. Тут ёй не плацяць грошы, але яна можа сама кіраваць працэсам, што для яе нашмат даражэй.

«Пашыла сабе новую сукенку, напрыклад, рэканструкцыю XIV стагоддзя, тэлефаную аднаму са знаёмых фатографаў і кажу: давай зладзім фотасесію. І чалавек ведае, што мне не трэба будзе ставіць рукі ці нахіл галавы, казаць, які зрабіць твар, бо я добра ўсведамляю, як з сабой працаваць. Часта запрашаюць да супрацоўніцтва і зусім незнаёмыя мне фатографы, да якіх трапляе маё партфоліа. Вось такія некамерцыйныя фотасесіі не толькі задавальняюць уласнае эга, але і даюць мне магчымасць перажываць тое жыццё, якое я сама сабе прыдумляю, — прызнаецца Кацярына. — У паўсядзённасці часта не хапае эпікі, рамантыкі, героікі, чарадзейства, і прагу да іх я спатольваю перад камерай ці на сцэне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?