Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка прадставіў варшаўскай публіцы сваю неаптымістычную кнігу пра Беларусь. «Абліччы Беларусі. Запіскі амбасадара» — гэта 20 эсэ, у якіх дыплямат і аналітык намагаецца растлумачыць польскаму чытачу, паводле якой лёгікі дзейнічаюць улада, эканоміка й грамадзтва Беларусі. Амбасадар шукае адказы на пытаньні, ці беларуская дзяржава зможа выжыць у сваёй цяперашняй форме, чаго можна спадзявацца ад Аляксандра Лукашэнкі й як будуць разьвівацца беларуска-расейскія адносіны. Кніга ўжо выклікала крытыку сярод беларускіх інтэлектуалаў. Ці Лешак Шарэпка сапраўды расчараваўся ў магчымасьцях пераменаў у Беларусі? Пра гэта на прэзэнтацыі кнігі ў аўтара пытаўся Аляксандар Папко, карэспандэнт «Польскага радыё».

Тут і ніжэй фота Аляксандра Папко

Кніга Лешака Шарэпкі пазбаўленая аптымізму. У «Абліччах Беларусі» паказаны статычны й пануры вобраз краіны, пасіўнае грамадзтва якой трапляе пад усё большы ўплыў Расеі, а дыктатарская ўлада гадамі ўтрымлівае савецкую сыстэму кіраваньня. Амбасадар задае непрыемныя пытаньні, а адказы на іх могуць моцна засмуціць тых, хто верыць у пазытыўныя перамены ў Беларусі.

«Чым адрозьніваецца расеец, які размаўляе па-расейску ад беларуса, які выкарыстоўвае тую самую мову? Чым адрозьніваюцца іх погляды на гісторыю й культуру? Хто бліжэйшы для сярэднестатыстычнага беларуса: Аляксандар Пушкін ці Янка Купала?» — задае рытарычныя пытаньні Лешак Шарэпка.

«Размаўляючы з Лукашэнкам пра польскую меншасьць у Беларусі, мы ўвесь час выкарыстоўвалі такія аргумэнты, як гістарычная справядлівасьць, дэмакратыя, правы чалавека, якіх ён не разумее. Можа надышоў час зьвярнуцца да больш пераканаўчага аргумэнту?» Польскі экспэрт прапануе спрасьціць працэс атрыманьня польскага грамадзянства нашчадкам жыхароў міжваеннай Польшчы. Ён лічыць, што масавы выезд жыхароў Гарадзеншчыны можа прымусіць Лукашэнку зьмяніць сваю палітыку ў дачыненьні да польскай нацыянальнай меншасьці.

Кнігу былога амбасадара ўжо крытыкуюць у Беларусі. «Прапанова Шарэпкі — гэта паказчык таго, як зьмянілася стаўленьне да РБ. Польшча, як і іншыя эўрапейскія краіны, як і Расея, гатовая змагацца за беларускія «мазгі» й «рукі», — напісаў у кароткай рэцэнзіі галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько. Публіцыст прыгадаў, што вядомы польскі інтэлектуал Ежы Гедройць, аўтар канцэпцыі ўсходняй палітыкі Польшчы, верыў у магчымасьць стварэньня эўрапейскай Беларусі. «Шарэпка пасьля пяці гадоў амбасадарства ў магчымасьці, што за Бугам нешта зьменіцца і што Польшча можа гэтым зьменам дапамагчы, зьняверыўся», — кажа Андрэй Дынько.

Сам амбасадар абвяргае абвінавачаньні ў тым, што ён расчараваўся ў канцэпцыі Гедройця. Лешак Шарэпка тлумачыць, што ён не прапануе ані калянізаваць Беларусь, ані выкачаць з яе «мазгі» й «рукі». Ён хоча толькі абараніць правы польскай меншасьці.

«Я надалей зьяўляюся прыхільнікам канцэпцыі Гедройця. Я лічу, што існаваньне моцных эканамічна, незалежных і дэмакратычных Беларусі і Ўкраіны адпавядае польскім нацыянальным інтарэсам. У сваёй кнізе я не заклікаў да палянізацыі беларусаў. Я прапанаваў спрасьціць прыезд і вяртаньне грамадзянства нашчадкам грамадзянаў міжваеннай Польшчы. Гэта абавязак дзяржавы — дбаць нават пра былых грамадзянаў. Іншыя дзяржавы, такія як Нямеччына, праводзяць такую палітыку ў непараўнальна большых маштабах» — кажа ён.

«Цяжкай спадчынай рэжыму Лукашэнкі, — піша ў сваёй кнізе Лешак Шарэпка, — застанецца чынавенскі апарат са схільнасьцямі да аўтарытарызму, але іншага ў Беларусі яшчэ доўга ня будзе». Ці Беларусь асуджана на дыктатуру?

«Трэба быць прарокам, каб адказаць на гэтае пытаньне. Усё залежыць ад геапалітычных умоваў. На жаль, Беларусь — занадта слабая дзяржава, каб самастойна вызначаць кірунак свайго разьвіцьця. Яна занадта моцна прывязаная да расейскага рынку. Таму надалей будзе вельмі залежная ад пераменаў эканамічнай палітыкі Расеі. Акурат гэты мы й назіраем. Я не лічу, што на працягу бліжэйшых 20 гадоў сытуацыя будзе закансэрваванай. Аднак цяжка прадказаць — ці перамены пойдуць у дэмакратычным кірунку, ці зусім наадварот» — адказвае Шарэпка.

Таксама экс-амбасадар ня верыць у магчымасьць хуткага адраджэньня беларускай мовы й культуры. «Магчыма, афіцыяльная статыстыка прыхарошвае (панурую моўную — А. П.) рэчаіснасьць […] Можна праехаць уздоўж і ўпоперак усю краіну й так і не пачуць жывой беларускай мовы». Дык ці ёсьць шанцы захаваць мову, самасьвядомасьць і саму незалежнасьць Беларусі? 

«Я лічу, што шанцы на адраджэньне беларускай мовы існуюць. Але дзеля таго, каб гэта адбылося, патрэбная воля грамадзтва. А такой волі мы пакуль ня бачым. У некаторых суполках зьявілася мода на беларускую мову. Аднак для адраджэньня мовы павінна існаваць вельмі адназначная палітыка ўладаў. А яе таксама ня бачна. Хутчэй наадварот — мы назіраем спробы выкарыстаньня беларускай мовы ўладамі выключна ў прапагандысцкіх мэтах».

Лешак Шарэпка таксама ня верыць у тое, што ў Беларусі адбудуцца эканамічныя рэформы. «Эканамічныя рэформы магчымыя нават без дэмакратызацыі, але патрэбы ў іх ня бачыць сам Лукашэнка, пра што ён неаднаразова заяўляў», — кажа польскі экспэрт.

Дык ці павінныя Эўразьвяз і Польшча ў прыватнасьці падтрымліваць беларускую культуру, нацыянальную сьвядомасьць, апазыцыю?

«Адна справа падтрымліваць, а зусім іншая — кантактаваць і размаўляць. Я прытрымліваюся думкі, што палякі й Захад павінныя размаўляць з усімі, старацца зразумець усе палітычныя й культурныя сілы, спрыяць разьвіцьцю розных плыняў у Беларусі. Плюралізм — гэта база для таго, каб Беларусь у будучыні стала нармальнай, цывілізаванай і дэмакратычнай краінай, якая будзе разьвівацца. Разьвіцьцё ствараецца канкурэнцыяй у бізнэсе і ідэях. Беларуская эканоміка не разьвіваецца, бо няма канкурэнцыі ідэяў. Я выступаю за тое, каб размаўляць з усімі».

Лешак Шарэпка пракамэнтаваў і нядаўнія перамены ў беларуска-польскіх стасунках. У мінулым годзе Беларусь наведалі 6 дэлегацыяў парлямэнту і ўраду Польшчы. Варшава радыкальна зьмяніла стыпэндыяльную праграму Каліноўскага. Ідуць размовы пра закрыцьцё «Белсату». Ці Польшча заключыла нейкае пагадненьне з Аляксандрам Лукашэнкам?

«Я не лічу, што з Лукашэнкам была заключана нейкая дамова. Зьмяніліся ўнутраныя і зьнешнія ўмовы ў дзьвюх краінах, у выніку ўлады Беларусі й Польшчы сталі больш схільнымі да кампрамісаў. […] Палітыка Польшчы і Эўразьвязу ў стасунку да Беларусі не залежыць толькі ад Беларусі. Яна залежыць ад Расеі, ад падзеяў ва Ўкраіне, ад таго, як будзе трансфармавацца сам Эўразьвяз. Калі казаць пра Польшчу, то напэўна яна будзе старацца не абвастраць канфліктаў на ўсходняй мяжы. Такім чынам, утварылася супольнасьць інтарэсаў: мы ня хочам эскаляцыі канфліктаў, а Лукашэнка, шляхам паляпшэньня стасункаў з Захадам, хоча пашырыць поле манэўраў у адносінах з Расеяй. Аднак такое паляпшэньне мае жорсткія межы. Яно не прывядзе да зьмены натуры рэжыму, які пануе ў Беларусі».

Сярод 20 аспэктаў беларускай рэчаіснасьці, апісаных Лешакам Шарэпкам, пазытыўных знайсьці немагчыма. Аднак надзея ў тэкстах былога амбасадара, хоць надзвычай рэдка, але праблісквае: «Нягледзячы ні на што, у Беларусі многія людзі лічаць сябе эўрапейцамі й ня маюць праблемаў са стратэгічным выбарам будучыні сваёй краіны. І гэта ўсяляе аптымізм».

Пад канец размовы экс-амбасадар Польшчы зноў пракамэнтаваў папрокі ў імпэрыялізьме: «Я разумею непакой Андрэя Дынько, аднак хачу запэўніць: Мы не імкнемся пазбавіць беларусаў самасьвядомасьці й не спаборнічаем на гэтым полі з Расеяй. Ня трэба баяцца Польшчы», — падкрэсьліў Лешак Шарэпка.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру