Арбітражная панэль Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) прызнала незаконнымі ўведзеныя Расіяй антыдэмпінгавыя пошліны на лёгкія камерцыйныя аўтамабілі з Еўрасаюза. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Еўракамісіі.

Kasutatud autod via delfi.ee

Kasutatud autod via delfi.ee

Па словах еўракамісара па гандлі Сесіліі Мальмстром, «гэта вельмі канкрэтнае рашэнне СГА супраць нядобрасумленных, пратэкцыянісцкіх і антыканкурэнтных мер, якія мы бачым сёння ў Расіі». Паводле яе слоў, Расія не выканала шэраг патрабаванняў СГА, увёўшы антыдэмпінгавыя пошліны ў 2013 годзе, памер якіх складаў ад 23 да 30 працэнтаў, што паўплывала на экспарт італьянскіх і германскіх аўтамабіляў.

Мальмстром заявіла, што цяпер гэтыя меры павінны быць адмененыя. «Я чакаю, што цяпер Расія выканае свае міжнародныя абавязацельствы без затрымкі», — адзначыла еўракамісар.

Згодна з правіламі СГА, на працягу 60 дзён Расія можа падаць апеляцыю на гэтае рашэнне.

***

ЕС падаў пазоў у СГА супраць расійскіх антыдэмпінгавых пошлін на лёгкія камерцыйныя аўтамабілі ў маі 2014 года. Гэты зварот стаў трэцім з боку ЕС да Расіі пасля яе ўступлення ў СГА ў 2012 годзе.

У 2013 годзе Расія на пяць гадоў ўвяла антыдэмпінгавыя пошліны на лёгкія камерцыйныя аўтамабілі вытворчасці Турцыі, Італіі і Германіі.

Антыдэмпінгавыя пошліны былі ўведзеныя на тэрыторыі ўсяго Еўразійскага эканамічнага саюза (Расія, Беларусь, Казахстан, Арменія, Кыргызстан), і ЕС разлічвае на іх адмену.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?