Гісторыя адбылася ў адным з аграгарадкоў у Віцебскім раёне. Яе героі — 61-гадовы настаўнік фізкультуры і яго выхаванка — 14-гадовая школьніца. Паміж імі, па словах маці дзяўчынкі, узніклі пачуцці, якія прывялі да інтымных стасункаў. Мужчына арыштаваны, а васьмікласніца пераходзіць у іншую школу — на старым месцы яе зацкавалі дзеці. Маці жыве на таблетках: органы апекі кажуць ёй, што могуць забраць дачку з сям'і.

— У дачыненні да 61-гадовага жыхара Віцебскага раёна распачата крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 168 Крымінальнага кодэкса (Палавыя стасункі і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту). Мужчына знаходзіцца пад вартай, ідзе расследаванне, — пракаментавала афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па вобласці Святлана Сахарава.

Калі віна мужчыны будзе даказаная, то ён атрымае абмежаванне волі на тэрмін да 4 гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін са штрафам.

Дырэктар школы сказала, што не будзе каментаваць гэтую сітуацыю прэсе, растлумачыўшы: «Ідзе следства, я дала падпіску пра неразгалошванне звестак».

TUT.BY сустрэўся з Вольгай — мамай 14-гадовай Насці, закаханай у свайго настаўніка фізкультуры Сяргея Сяргеевіча (усе імёны ў гэтай гісторыі змененыя).

«Інтым у іх быў тры разы, у педагога дома»

Насця гадуецца ў няпоўнай сям'і. Яе тата, па словах Вольгі, кантактуе з дачкой рэдка — у яго новая сям'я. Другі раз выйшла замуж і Вольга. Але з айчымам у дзяўчынкі адносіны не склаліся, таму ён жыве асобна ад жонкі і падчаркі. У Насці ёсць старэйшы брат — дарослы хлопец, у якога ўжо свая сям'я.

— Я працую кухарам у кафэ, праца забірае шмат часу. Каб дачка не была сама па сабе, не звязалася з дрэннай кампаніяй, я запісала яе ў школьную секцыю па валейболе і баскетболе. І яна закахалася ў настаўніка фізкультуры. Свае пачуцці ад мяне хавала. Як ужо потым я даведалася, адносіны паміж імі ўзніклі яшчэ мінулым летам — у ліпені. А ў верасні настаўнік уступіў з дачкой у сэксуальную сувязь. Інтым у іх быў тры разы. Гэта адбывалася ў яго дома, — Вольга стараецца трымацца спакойна, не выдаваць сваіх эмоцый.

- Няўжо вы ні пра што не здагадваліся?

— Я лічыла, што мы з Насцяй сяброўкі. Да гэтай гісторыі яна заўсёды са мной усiм дзялілася. І пра гэтага настаўніка таксама распавядала, але ў адмысловым святле. Напрыклад, казала, што нібыта яны паехалі з сяброўкай у горад, а там выпадкова сустрэліся з фізруком, і ён павёў іх у кафэ. Насамрэч ніякай сяброўкі побач не было, і сустрэча з настаўнікам была не выпадковай. Высветлілася, што пра свае пачуцці да настаўніка пісала. Не, не вяла асобны дзённік, пісала ў звычайных школьных сшытках, на абароце. Пра гэта я даведалася, калі ў нашым доме быў ператрус.

Вольга ўспамінае, што ў самым пачатку года ў Насці з'явіліся двойкі. Маму выклікала да сябе дырэктарка школы. Пасля гэтага жанчына забараніла дачцэ хадзіць на трэніроўкі, раз яна не паспявае з вучобай. Дзяўчынка спалохалася, паабяцала маці падцягнуцца. І сапраўды — хутка выправіла двойкі.

— Гэта потым ужо я зразумела: яна баялася, што не зможа бачыць свайго настаўніка, — кажа Вольга.

Жанчына часта кантактавала з педагогам:

- Мы з ім увесь час стэлефаноўваліся. Я прасіла настаўніка: «Калі трэніроўка затрымліваецца — вы, калі ласка, правядзіце Насцю». Дачка ездзіла на ўрокі на прыгарадным аўтобусе: мы жывем за 4 км ад школы, там праходзіць траса, на ёй заўсёды інтэнсіўны рух. Ён казаў: «Не хвалюйцеся, усё зраблю». Трымаў мяне ў курсе, чым ён займаецца з дзецьмі. Маўляў, сёння яны пойдуць туды і туды. Пазней высветлілася, што яны былі там не з групай школьнікаў, а ўдваіх з маёй дачкой.

Аб сувязі паміж дачкой і настаўнікам Вольга даведалася ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў (як менавіта пра сувязь даведаліся самі супрацоўнікі, жанчына не ведае).

- Я была на працы. Тэлефануюць мне і кажуць: «Вязём вашу дачку ў аддзел міліцыі». Класнага кіраўніка ў той дзень не было, і я тэлефаную настаўніку фізкультуры: «Што адбылося?». Ён адказвае: «Насцю забралі з-за блізкіх адносін са мной». Я аж аслупянела: «У вас былі настолькі блізкія адносіны?». Ён маўчыць. Кажу: «Вы мяне не чуеце?». Тады ён адказаў: «Не». Я прыехала ў міліцыю і кажу дачцэ: «Скажы мне ўсю праўду. У цябе сапраўды былі адносіны з фізруком?» Яна апусціла галаву і сказала: «Так». Я была ў шоку!

«Настаўнік жанаты і ходзіць у царкву»

Вольга шкадуе дачку, імкнецца яе зразумець, бо першае каханне - вельмі крохкае пачуццё:

— Разумееце, яна стварыла сабе ідэал. Прызналася яму ў каханні. Яму трэба было хутчэй бегчы да мяне, распавесці пра гэта, і разам мы б прыдумалі, як вырашыць гэтую сітуацыю. А ён … Я лічу, што ён яе прыручыў. Яны ездзілі ў Віцебск, гулялі па горадзе, хадзілі ў кафэ, ён купляў ёй шакаладкі, марозіва. Летам ездзілі на роварах на возера. Абяцаў Насці, што калі яна закончыць 9 класаў, адправіць яе ў Маскву вучыцца. Высветлілася, што ён прыходзіў да нас у госці. Я на працу - а ён да нас. Неяк дачка захварэла, ён прынёс ёй мёд.

У настаўніка ёсць жонка, двое дзяцей, унукі. Яго сям'я жыве ў іншым населеным пункце, кіламетраў за 35. Кватэру ў аграгарадку пад Віцебскам, дзе педагог працаваў, ён здымаў.

Вольга расказвае, што фізрук молада выглядае:

- Максімум, што я б дала яму на выгляд - гадоў 50. А ён, аказваецца, ужо пенсіянер!

Па словах жанчыны, настаўнік — глыбока веруючы чалавек. Кожныя выходныя ён ездзіў у праваслаўны храм.

- Увогуле, у нашым аграгарадку гэты педагог — паважаны чалавек. Ён каля 10 гадоў прапрацаваў у мясцовай школе. Дзеці яго вельмі любяць, ён умее знайсці да іх падыход. Ніхто, ды і я сама, ніколі не мог бы падумаць, што ён на такое здольны! Таму цяпер у вёсцы шмат хто вінаваціць нас, а не яго. Кажуць, што Насця ўсё прыдумала і помсціць яму. Што яна была з кімсьці іншым, а на Сяргея Сяргеевіча хоча ўсё «павесіць». Але ён спачатку прызнаўся міліцыі, што ў яго была сувязь з Насцяй. А зараз, пасля сустрэчы са сваім адвакатам, «ідзе ў адмову». Паміж дачкой і настаўнікам правялі вочную стаўку. І Насці пасля гэтага стала дрэнна, выклікалі хуткую: педагог сказаў, што ніякага сэксу паміж імі не было, што іх ніколі нішто не звязвала, што яна ўсё прыдумляе.

«Дачка просіць, каб настаўніка выпусцілі»

Насця бароніць настаўніка.

— Яна закахалася ў яго. Просіць, каб яго адпусцілі. Абяцае, што не будзе з ім сустракацца, абы яго толькі выпусцілі на свабоду, — кажа маці.

Пасля таго, як настаўніка арыштавалі, дзяўчынка хадзіла ў школу толькі адзін дзень. Па словах Вольгі, дзеці не давалі Насці праходу — здзекаваліся. З дзяўчынкай працаваў псіхолаг. Зараз маці пераводзіць дачку ў іншую школу — у іншым населеным пункце.

Вольга прызналася, што з лета мінулага года іх сям'я знаходзіцца на ўліку як у сацыяльна-небяспечным становішчы. Жанчына патлумачыла гэта тым, што доўгі час не магла афіцыйна працаўладкавацца, у яе былі розныя падпрацоўкі: «Пакуль знайшла пастаянную працу, паставілі ў катэгорыю — сацыяльна-небяспечнае становішча. Праца ўжо ёсць, але з уліку пакуль не знялі».

Пасля інцыдэнту са школьным настаўнікам у сям'і можа з'явіцца новая праблема:

- Работнікі апекі і аддзела адукацыі кажуць, што ва ўсім вінаватая я. Што дачка была без нагляду, што я дрэнная маці - не магу забяспечыць належны догляд дзіцяці і яго выхаванне. І зараз ІСН і аддзел апекі разглядаюць варыянт забрання дачкі з сям'і. Але я хачу, каб у сітуацыі разабраліся аб'ектыўна. І звярнулі ўвагу на настаўніка. Бо ад педагогаў мы, бацькі, чакаем дапамогі ў выхаванні дзяцей. А тут… Называецца, адправіла мама дачку спортам займацца…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?