Як стала вядома «Нашай Ніве», апошні вучэбны панядзелак студзеня ў мінскай школе №29 адзначыўся скандалам. 

Дырэктарка школы Анжэла Наскова не выпусціла 8-гадовага хлопчыка ў туалет падчас урока. Той дацярпеў да перапынку, але дабегчы да туалета не паспеў і абсікаўся.

«Мне сын пазваніў са школы, — расказала маці хлопчыка Вольга. — Спытаў, што яму рабіць і як дасядзець да 18 гадзін. Ён на прадлёнцы — яму яшчэ на вуліцу трэба было ісці, а там -5 градусаў».

Па словах маці, яна адразу звязалася з класным кіраўніком, але тая параіла разбірацца ў сітуацыі самастойна: маўляў, сама яна сварыцца са сваім дырэктарам не збіраецца. 

«Я сарвалася з працы, прыехала і жахнулася — штаны былі такія мокрыя, што з іх капала. Усё гэта бачылі аднакласнікі. Пайшлі мы да дырэктаркі, а яна мне заяўляе — у вас няма медыцынскіх паказанняў, каб вы хадзілі на ўроку ў туалет!» — сказала маці хлопчыка. 

«Пачала задаваць мне пытаніі — а чаму гэта ён з іншым хлопцам папрасіўся? Я адказваю — у вас у туалеце святла няма, дзеці малыя, адныя баяцца ісці. Няўжо вы, педагог, не разумееце? Яна зрабіла заўвагу, што святло ёсць. Ну дык там уключальнік на ўзроўні дарослага чалавека, як 8-гадоваму да яго дацягнуцца?»

Па словах Вольгі, дырэктарка выбачылася са словамі, што калі б яна ведала, што ў хлопчыка такая скандальная маці, то завяла б дзіцё сама. 

«Але тут гаворка не пра майго сына канкрэтна. Гэта магло здарыцца з любым дзіцём. Не хацелася б, каб іншыя траплялі ў такую сітуацыю, каб з дзецьмі так абыходзіліся. Не думаю, што вінаватыя адчуваюць сябе вінаватымі», — рэзюмавала жанчына. 

А што кажуць у школе? 

«Усе канфліктныя пытанні ўжо вырашаныя, ніякіх праблем у нас няма. Ніякіх праблем», — адказала «Нашай Ніве» дырэктарка. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?