З 30 студзеня ва Узброеных сілах Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба ВС — першага намесніка міністра абароны генерал-маёра Алега Белаконева праводзіцца комплексная праверка ўзроўню баявой гатоўнасці. Ацэньваць будуць элементы баявой і забеспячальнай сістэм Узброеных сіл.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны, асноўныя задачы праверкі: павышэнне зладжанасці органаў ваеннага кіравання (штабоў), удасканаленне здольнасці камандуючых, камандзіраў кіраваць падначаленымі вайсковымі часткамі ў розных умовах; кантроль здольнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў прывесціся ў гатоўнасць да выканання баявых задач ва ўстаноўленыя тэрміны.

У адпаведнасці з задумай да праверкі будуць прыцягнутыя вайсковыя часці і падраздзяленні розных родаў войскаў і спецыяльных войскаў. Прадугледжваецца таксама праверка сістэмы супрацьпаветранай абароны палётамі кантрольных цэляў.

«Мерапрыемства планавае, хоць і ўтрымлівае элемент раптоўнасці для прыцягнутых да праверкі. Для іх будзе стварацца дынамічнае становішча, якое запатрабуе неардынарных падыходаў да вырашэння вучэбна-баявых задач, дэталёвага ведання ўзбраення і ваеннай тэхнікі, умення хутка арыентавацца ва ўмовах абмежаванасці часу і інфармацыі», — паведамляе Мінабароны.

Там адзначаюць, што мерапрыемствы будуць праходзіць у складаных умовах зімы. Гэта дазволіць на справе праверыць здольнасць сістэм тэхнічнага і тылавога забеспячэння якасна выканаць задачы спраўнага функцыянавання ўзбраення і ваеннай тэхнікі і давядзення да войскаў належных норм забеспячэння.

Асаблівая ўвага будзе нададзеная пытанням кантролю за арганізацыяй бяспекі ваеннай службы.

Усяго плануецца праверыць прыблізна 30 вайсковых часцей і падраздзяленняў. З запасу будуць прызваныя прыкладна 3000 ваеннаабавязаных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?