У Вярхоўнай Радзе Украіны павінен з'явіцца законапраект «Аб дзяржаўных і іншых святах, памятных датах і жалобных днях Украіны». Такую інфармацыю агучыў дырэктар Украінскага інстытута нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч, перадае Радыё Свабода.

Згодна з праектам, 8 сакавіка прапануюць пазбавіць статуса святочнага выхаднога дня, гэтак жа паступіць і з 1 мая. А вось выхадны 9 мая перанесці на 8 мая, каб разам з Еўропай шанаваць памяць загінулых у Другой сусветнай вайне. Так ва Украіне працягваюць узяты на дэкамунізацыю курс, адзначае Вятровіч.

У цэлым плануюць паменшыць колькасць дзяржаўных святочных выхадных з 11 да 9. На дзяржаўным узроўні павінны адзначацца тыя святы, якія азначаюць важныя падзеі для Украіны, а не тыя, якія засталіся ад савецкага мінулага, лічыць дырэктар Украінскага інстытута нацыянальнай памяці.

Пасля таго, як праект закона пройдзе грамадскае абмеркаванне, яго разгледзяць і падправяць у Кабінеце міністраў, а далей накіруюць у Раду. Вятровіч перакананы, што падтрымка ў парламенце будзе.

«Тое, што гэтыя святы з'яўляюцца выхаднымі — гэта чыста савецкая традыцыя. І ў гэтым лёгка пераканацца, калі паглядзець, у якіх краінах гэта да гэтага часу адзначаецца. 8 сакавіка з'яўляецца выходным толькі ў каля 15 краінах свету. Затое для таго, каб праводзіць дзень з сям'ёй, мы прапануем увесці Дзень сям'і і выхадны кожнай другой пятніцы верасня. 2 мая — гэта ўвогуле ўкраінскае ноў-хаў, таму што ў гэты дзень няма ніякага свята. Што тычыцца 1 мая, Дня салідарнасці працоўных, нягледзячы на тое, што ён адзначаецца ў вялікай колькасці краін, толькі ў постсавецкіх дзяржавах ён з'яўляецца выхадным», — растлумачыў ён.

У Інстытуце нацыянальнай памяці прапануюць узамен дадаць такія выхадныя: Шаўчэнкаў дзень (9 сакавіка), Дзень сям'і (другая нядзеля верасня). А таксама адмовіцца ад практыкі пераносу святаў, калі яны выпадаюць на суботу і нядзелю (акрамя Новага года, Раства і Вялікадня). У цэлым жа колькасць дзяржаўных святочных выхадных на год хочуць скараціць з 11 да 9. Калі ж не адмяніць, то 11 дзяржаўных святочных выходных у Украіне ператвараюцца ў 15-20, адзначае Вятровіч.

У камітэце Вярхоўнай Рады па пытаннях культуры і духоўнасці гатовыя разглядзець праект максімальна хутка, як толькі ён паступіць, адзначае яго кіраўнік Мікалай Княжыцкі.

«Я тут не бачу наогул вялікіх праблем або катастроф. Што тычыцца спекуляцый адносна таго, што нехта прапануе не святкаваць Дзень перамогі, то гаворка ідзе пра перанос выхаднога дня і ўшанавання ахвяр Другой сусветнай вайны толькі на адзін дзень, разам з Еўропай, з 9 на 8 мая. Па адмене выхадных на 8 сакавіка і 1 мая — не бачу ніякай катастрофы. Хто хоча гэта рабіць, маюць поўнае права. Але гэта не зусім святочныя дні, у нашай традыцыі яны сталі святочнымі. 8 сакавіка — гэта Дзень салідарнасці і барацьбы за правы жанчын. За гэтыя важныя рэчы можна змагацца пастаянна, 8 сакавіка таксама, і не абавязкова ў гэты дзень піць гарэлку і не хадзіць на працу. Тое ж тычыцца і 1 мая», — адзначае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?