Праваахоўныя органы Францыі праводзяць ператрусы ў Нацыянальнай асамблеі ў рамках справы Пенэлопы Фіён — жонкі кандыдата ў прэзідэнты Франсуа Фіёна.
leparisien.fr
Пенэлопу Фіён падазраюць у тым, што яна з 1998 па 2007 гады лічылася памочнікам мужа ў Нацыянальнай асамблеі, атрымлівала заробак з бюджэту, але не выконвала якіх-небудзь абавязкаў.
Акрамя таго, французскія СМІ высветлілі, што жонка Фіёна ў 2012-2013 гадах лічылася ў штаце часопіса Revue des Deux Mondes, якім валодае сябар яе мужа, атрымлівала заробак у 5 тысяч еўра ў месяц, аднак таксама не рабіла ў выданні ніякай працы.
У рэдакцыі Revue des Deux Mondes паліцыя правяла ператрусы таксама 31 студзеня. Пенэлопа і Франсуа Фіён былі выкліканыя для дачы паказанняў. Фіён падазрэнні ў датычнасці да карупцыі адхіляе.
Фіён лічыцца адным з галоўных прэтэндэнтаў на перамогу на выбарах прэзідэнта Францыі, якія пройдуць 23 красавіка (першы тур) і 7 мая 2017 года. Фіён выйграў праймерыз ад правых і цэнтрыстаў.
Скандал у Францыі можа змяніць расклад сілаў на прэзідэнцкіх выбарах.