У Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі адбылося ўрачыстае адкрыццё вайсковай кафедры.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў растлумачыў, што адкрыццё ваеннай кафедры - знакавая для акадэміі падзея. «За апошнія два гады тут адбылася сур'ёзная трансфармацыя — каледж сувязі стаў акадэміяй, была адкрыта магістратура, а сёння з'явілася ваенная кафедра. Маладыя людзі, якія будуць вучыцца на кафедры, будуць рыхтавацца па тых спецыяльнасцях, якія патрэбны як у мірны час, так і ў ваенны. Гэта зусім іншы статус іх як грамадзян Беларусі», — адзначыў ён.

Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, выступаючы перад студэнтамі, падкрэсліў, што кожная спецыяльнасць ва Узброеных Сілах запатрабаваная, але адной з самых шаноўных і складаных з'яўляецца спецыяльнасць сувязіста. «Падрыхтаваць такога спецыяліста — вельмі складаная задача, таму адкрыццё вайсковай кафедры ў акадэміі сувязі — такая значная падзея», — канстатаваў ён.

На кафедры будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка малодшых камандзіраў па запатрабаваных ваенна-ўліковых спецыяльнасцях: «Начальнік апаратнай» (аўтаматычныя тэлефонныя станцыі), «Начальнік апаратнай» (апараты далёкай сувязі), «Начальнік радыёрэлейнай станцыі» (шматканальнай), «Начальнік радыёрэлейнай станцыі» (малаканальнай). Заказ Міністэрства абароны на падрыхтоўку малодшых камандзіраў на 2017/2018 навучальны год складае 125 чалавек.

Паступіць і вучыцца на вайсковай кафедры могуць юнакі (навучэнцы спецыяльнасцей «Сеткі тэлекамунікацый», «Сістэмы радыёсувязі, радыёвяшчання і тэлебачання» і студэнты спецыяльнасцей «Інфакамунікацыйныя сістэмы», «Інфакамунікацыйныя тэхналогіі», «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», «Маркетынг», «Паштовая сувязь»). Тэрмін навучання складае 1,5 года. Праграма падрыхтоўкі малодшых камандзіраў разлічана на 240 вучэбных гадзін, размеркаваных на тры семестры (76, 82 і 82 гадзіны).

У першым семестры вывучаюцца дысцыпліны тактычнай і агульнаваеннай падрыхтоўкі, у другім і трэцім — падрыхтоўка непасрэдна па вайскова-ўліковых спецыяльнасцях. Заняткі праводзяцца ў спецыялізаваных аўдыторыях ваеннай кафедры і на базе воінскіх часцей сувязі. Абсталяванне кожнай аўдыторыі дае магчымасць арганізаваць работу самастойнага вузла сувязі. Аўдыторыі звязаны паміж сабой і забяспечваюць абмен інфармацыяй паміж абанентамі АТС па лічбавых сродках радыёрэлейнай і правадной сувязі. Як растлумачыў начальнік сувязі УС — начальнік упраўлення сувязі Генштаба генерал-маёр Генадзь Казакоў, унікальнасць вучэбных класаў кафедры ў тым, што яны зманціраваны такім чынам, што ўяўляюць сабой баявы пост стацыянарнага вузла сувязі. «Гэты вучэбны вузел сувязі атрымаў пазыўны «Эрудыт», ён уключаны ў адзіную сістэму сувязі Узброеных Сіл, тут студэнты могуць адпрацоўваць вучэбна-баявыя задачы», — адзначыў ён.

Начальнік сувязі Узброеных Сіл расказаў, што ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі і раней рыхтавалі спецыялістаў для Мінабароны. «Але такія спецыялісты былі гатовы па грамадзянскіх спецыяльнасцях, і для таго каб інтэграваць навучанне па грамадзянскіх і ваенных спецыяльнасцях, мы і стварылі ваенную кафедру. Спецыялістаў будуць рыхтаваць выкладчыкі-ваенныя, начальнік кафедры - палкоўнік Ігар Мачыха, з ім будуць працаваць яшчэ чатыры выкладчыкі. Мы можам падрыхтаваць спецыялістаў і для Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў, для іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў», — расказаў ён.

Генадзь Казакоў растлумачыў, што пасля заканчэння навучання студэнты здаюць экзамены і атрымліваюць дыплом, потым прыходзяць у воінскую часць, праходзяць атэстацыйную камісію, здаюць унутраны экзамен — і ў выпадку паспяховай здачы атрымліваюць воінскае званне прапаршчыка.

З 1 верасня 2018 года на вайсковай кафедры плануецца адкрыць падрыхтоўку афіцэраў запасу па спецыяльнасці «Прымяненне змешаных падраздзяленняў, воінскіх часцей і злучэнняў сувязі» (акрамя падраздзяленняў і воінскіх часцей сувязі і радыётэхнічнага забеспячэння авіяцыі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?