Галоўнай тэмай XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая пройдзе 8—12 лютага ў выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, стане 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, паведаміў на прэс-канферэнцыі 2 лютага ў сталіцы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе свае кніжныя павільёны выставяць прадстаўнікі 31 краіны. Акрамя Беларусі ў выставе будуць удзельнічаць такія еўрапейскія краіны, як Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Італія, Малдова, Польшча, Расія, Сербія, Славакія, Украіна, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя і Швецыя. Азія будзе прадстаўлена Казахстанам, Кітаем, Пакістанам, Таджыкістанам, Туркменістанам і Паўднёвай Карэяй, а Блізкі Усход — Азербайджанам, Ізраілем, Іранам, Палесцінай, Сірыяй і Турцыяй. Паўднёвую і Паўночную Амерыку, а таксама Карыбскі басейн прадставяць Венесуэла, Куба, ЗША і Эквадор.

Як звярнуў увагу намеснік міністра, на выставе таксама знойдуць адлюстраванне тэмы 135-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, юбілейныя даты, звязаныя з жыццём Пімена Панчанкі, Янкі Брыля і іншых літаратараў.

За пяць дзён у рамках выставы пройдзе каля 300 мерапрыемстваў, паведаміў Луцкі. У прыватнасці адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 56-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» і пераможцаў першага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет».

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў форуму стане трэці міжнародны літаратурны сімпозіум «Пісьменнік і час», прысвечаны ў гэтым годзе беларускаму кнігадрукаванню як частцы сусветнай і кніжнай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?