Міністэрства фінансаў ЗША аслабіла санкцыі, уведзеныя супраць Федэральнай службы бяспекі Расіі з-за абвінавачванняў у дачыненні да кібератак. Адпаведны дакумент апублікаваны на сайце амерыканскага казначэйства, паведамляе ВВС.

Згодна з дакументам, які называецца «Генеральная ліцэнзія нумар 1», казначэйства дазваляе ўсе ўгоды з ФСБ, якія былі забароненыя двума ўказамі былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы ад 1 красавіка 2015 года і ад 28 снежня 2016 года.

Дакумент дазваляе ўгоды, якія неабходныя і накіраваныя на «запыт, атрыманне, выкарыстанне, аплату або прымяненне ліцэнзій, дазволаў, сертыфікатаў або паведамленняў, выпушчаных або зарэгістраваных Федэральнай службай бяспекі, для імпарту, распаўсюджвання або выкарыстання прадуктаў інфармацыйных тэхналогій у Расійскай Федэрацыі».

Пры гэтым агульны кошт аплаты не павінен перавышаць 5 тысяч даляраў у год. Якія менавіта тэхналогіі маюцца на ўвазе, не ўдакладняецца.

У дакуменце таксама адзначаецца, што для экспарту тавараў або тэхналогій, якія з'яўляюцца прадметам адмысловага экспартнага рэгулявання, трэба будзе атрымліваць дазвол міністэрства гандлю.

Пры гэтым у дакуменце ўдакладняецца, што ён не дае дазволу на экспарт ці реэкспарт тавараў і тэхналогій самой ФСБ ці таму, хто выступае ад імя арганізацыі. Таксама дакумент не дазваляе экспарт тавараў або паслуг у анексаваны Расіяй Крым.

Абама ўвёў санкцыі з-за абвінавачванняў у тым, што Расія ўдзельнічала ў кібератацы на амерыканскія палітычныя структуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?