У Брэсце адбылося дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам мікрааўтобуса і тралейбуса, паведамілі БЕЛТА ў абласной Дзяржаўтаінспекцыі.

Аварыя здарылася 6 лютага каля 22.15 на галоўнай вуліцы горада. Паводле папярэдняй інфармацыі, за руль мікрааўтобуса «Фальксваген Крафтар» сеў 20-гадовы берасцеец. На вуліцы Машэрава ён урэзаўся ў тралейбус, які спыніўся перад святлафорам. У выніку ДТЗ пацярпеў 19-гадовы пасажыр «Фальксвагена». Для яго дэблакіроўкі спатрэбілася дапамога ратавальнікаў. Хлопца шпіталізавалі ў рэанімацыю абласной бальніцы. Больш у здарэнні ніхто не пацярпеў. Транспартныя сродкі атрымалі механічныя пашкоджанні.

Як пазней высветлілі супрацоўнікі ДАІ, кіроўца мікрааўтобуса быў п'яны (1,4 праміле). Акрамя таго, ён не мае права кіравання аўтамабілем. Правы кіроўцы ў яго забралі ў жніўні 2016 года за язду ў нецвярозым выглядзе. Са слоў вінаватага ў ДТЗ, у дзень аварыі яны з сябрам пілі піва. Калі скончылася закуска, маладыя людзі вырашылі папоўніць запас правізіі. Узялі ключы ад службовага аўтамабіля і адправіліся ў краму. Сутыкненне з тралейбусам адбылося, калі вярталіся дадому.

У дачыненні да п'янага бяспраўніка вырашаецца пытанне аб распачацці крымінальнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0