На тэлеканале АНТ выйшла чарговая перадача «Справа прынцыпу», на гэты раз яна была прысвечаная тэме прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. На той сустрэчы дэпутка Палаты прадстаўнікоў, а таксама намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім падняла тэму стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта, навучанне ў якім вялося б на беларускай мове.

Лукашэнка не адказаў на гэта ні так, ні не. Адзінае паабяцаў у выпадку стварэння, што рэктарам будзе Ігар Марзалюк, а прарэктарам — Алена Анісім. Вядучы Вадзім Гігін палічыў важным паразмаўляць на зададзеную тэму.

 «25 гадоў незалежнасці, а ў нас ніводнай вышэйшай навучальнай установы, якая б працавала на беларускай мове», — абуралася Анісім.

Гігін на гэта адрэагаваў, што скончыў беларускае аддзяленне гістфака БДУ, дзе прадметы выкладаюцца па-беларуску да сённяшняга часу.

«Гэта толькі адна спецыяльнасць. А мы ж гаворым, каб дзеці з беларускамоўных школ маглі атрымаць адукацыю ў любой сферы — фізіка, матэматыка, ІТ. Я сваю задачу бачу, каб мы запачаткавалі ўніверсітэт з прэстыжнымі спецыяльнасцямі заўтрашняга дня», — адказвала спадарыня Анісім.

Пасля гэтага слова ўжо ўзяў Ігар Марзалюк, які першым чынам падзякаваў Лукашэнку за высокі аказаны давер.

«Мова — важны чыннік нацыі. Але не толькі мова вызначае нацыянальны ўніверсітэт. Я больш за ўсё баюся спробаў, якія пачаліся ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х, стварыць для беларускамоўных рэзервацыю, дзе ім будзе хораша. У мяне іншая мара — трансляцыя гэтых каштоўнасцяў на ўсе 10 мільёнаў, праз усю сістэму вышэйшай адукацыі. Сферы беларускай мовы павінна пашырыцца. На сёння роўнасць моваў не зусім выконваецца, што прызнаў Канстытуцыйны суд.

У нас вельмі доўга будзе ірландскі сіндром. У Ірландыі таксама канстытуцыйнае дзвюхмоўе, але дамінуе англійская. І на англійскай мове яны спяваюць пра самы вялікі дуб, які стаіць па цэнтры Ірландыі, пра самае цёмнае піва — «Гінэс», і пра ірландскае сэрца, якое ніколі не стане англійскім», — сказаў Марзалюк.

Не мог не падзяліцца сваім каштоўным меркаваннем палітолаг няяснага роду заняткаў Вадзім Баравік.

«Мы павінны папулярызаваць мову. Але навошта ў ІТ людзям блытаць свядомасць? Мы пасля ўсё будзем перакладаць на рускую? У Расіі не разумеюць беларускую мову. Хочам мы развіваць беларускую мову, давайце эканамічна палічым, дзе гэта трэба. Тэатр, культура, вось там трэба».

Але, мабыць, самым адыёзнымі выказваннямі адзначыўся яшчэ адзін палітолаг, выкладчык БНТУ Аляксей Бяляеў.

«Давайце зыходзіць з рэальнасці. На сёння ў Беларусі пераважная большасць выкарыстоўвае рускую ў якасці мовы штодзённых зносін. У школах вучаць беларускую мову, але пры гэтым у нас ёсць родная мова — гэта руская. Мы выраслі ў рускай мове. У нас быў сумны досвед 90-х, калі нацыяналісты сілай навязвалі мову. Гэта прывяло да перамогі Лукашэнкі на выбарах. Нават цяпер кожны размаўляе на сваёй беларускай мове».

Нават Вадзім Гігін адрэагаваў, сказаўшы, што для кожнага гэта індывідуальна і не трэба сцвярджаць, што руская мова — родная для ўсіх беларусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?