У Браславе ў музеі традыцыйнай культуры 4 лютага адкрылася выстава жывапісных працаў з калекцыі настаяцеля парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі кс. Сяргея Сурыновіча. Усе працы — вынік другога Друйскага мастацкага пленэру «Пачаткі», які адбыўся летась, піша krynica.info

Тут і ніжэй фота: krynica.info

Тут і ніжэй фота: krynica.info

Выставу, якая склалася з 38 прац, адкрыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч — браслаўчанін па народжанні. Ён прыехаў у родны горад адмыслова, каб паглядзець выставу і паразмаўляць з супрацоўнікамі музею і шматлікімі гледачамі пра повязь мастацтва зямных майстроў і мастацтва стварэння Госпадам свету, нагадаць, што дадзены звыш мастаку талент робіць яго сутворцам Нябёсаў.

«Не самае галоўнае — наколькі запатрабаваныя творы новых, маладых мастакоў сёння, наколькі поўныя гледачамі залы. Гэта праца і для нашчадкаў, для якіх мастакі адтворваюць абразкі навакольнага свету, захоўваючы традыцыі нацыянальнага мастацтва», — падкрэсліў біскуп Віцебскі, які вельмі цікавіцца жывапісам і сам мае невялікую калекцыю прац, натхнёных краявідамі Браслаўшчыны.

Пасля ўрачыстай цырымоніі музейшчыкі запрасілі біскупа на чаяванне і падарылі яму вышываную кашулю, створаную рукамі майстрыхі Марыі Дворскай, і тканы пояс працы Наталлі Парахневіч, абедзве яны — супрацоўніцы музея. Асаблівую радасць гаспадароў музея выклікала згода біскупа Буткевіча адразу прымерыць падарунак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0