Траціна дзяцей ва ўзросце трох гадоў і амаль усё дарослае насельніцтва Беларусі маюць карыес зубоў, паведаміў галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя Андрэй Мацвееў 8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Thinkstock

Па яго словах, даныя праведзенага некалькі гадоў таму ў краіне абследавання пацвярджаюць, што карыёзныя паражэнні маюць 33% дзяцей ва ўзросце трох гадоў, 80% шасцігодак, 70% дванаццацігодак і практычна 99% дарослых. Захворванні перыядонта (хваробы дзёсен) маюцца ў 100% дарослага насельніцтва.

«У сувязі з высокай распаўсюджанасцю карыёзной хваробы і захворванняў перыядонта упершыню ў рэспубліцы праграма прафілактыкі стаматалагічных захворванняў уключаная ў дзяржпраграму «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2016-2020 гады і атрымлівае дзяржпадтрымку, — распавёў стаматолаг. — Дзяржпадтрымка ўключае ў сябе фінансаванне з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў набыцця фторлакаў, сілантаў і індыкатараў зубнога налёту».

Па яго словах, калі пакрываць лакам, які ўтрымлівае фтор, зубы дзецям ад аднаго года, то інтэнсіўнасць развіцця карыесу праз тры гады зніжаецца на 62%. Пры выкарыстанні ў раннім узросце пасты з фторам развіццё карыесу зніжаецца ў чатыры разы.

«У 2017 годзе ўпершыню будзе праводзіцца абследаванне дзяцей ва ўзросце трох гадоў, што дазволіць нам правесці больш дакладныя даследаванні, даць рэкамендацыі для развіцця стаматалогіі, каардынаваць дзеянні нашай службы», — распавёў Мацвееў.

Па словах загадчыцы кафедры агульнай стаматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Наталлі Юдзінай, у дзіцячага насельніцтва з улікам прафілактыкі захворванне карыесам апошнія гады трохі знізілася — цяпер у 12-гадовых дзяцей у сярэднім адзначаецца 2,2—2,4 карыёзнага зуба (у 1998 годзе гэты паказчык складаў 3,8). Затое ў пажылых людзей, 23 з 32 зубоў альбо маюць карыес, альбо запламбаваныя, альбо выдаленыя (так званы паказчык КПУ).

«Сярэдняя колькасць карыёзных зубоў у дарослых людзей 35-44 гадоў — 13, і, думаю, моцна гэты паказчык не зменіцца. У Еўропе паказчык КПУ складае ад 11 да 19, — паведаміла яна. — Па захворваннях перыядонта сітуацыя больш сумная. А вось па стане гігіены поласці рота ёсць некаторыя паляпшэнні».

У 2016 годзе ў Беларусі зарэгістравана каля 16 млн наведванняў стаматолага (у 2010-м — каля 14 млн). Большая частка зваротаў была па тэрапеўтычным профілі, затым ідзе артапедычны, хірургічны профілі, на чацвёртым месцы дзіцячая стаматалогія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?