Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) падрыхтавала электронную версію кніжнай спадчыны 14-18 стагоддзяў, паведаміла БЕЛТА намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Кузьмініч падчас XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

«Сёлета мы прэзентавалі нашым чытачам вельмі цікавы праект «Кніга Беларусі 14-18 стагоддзя». Гэта лічбавая паўнатэкставая калекцыя, у якой размешчаныя тыя рэдкія і старадрукаваныя беларускія кнігі, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Праект пазнаёміць чытачоў з унікальнай кніжнай спадчынай беларускіх зямель таго часу», — сказала Таццяна Кузьмініч. Калекцыя знаходзіцца ў адкрытым доступе. Дзякуючы зручнаму сучаснаму інтэрфейсу тую ці іншую кнігу можна знайсці не толькі па аўтары альбо па годзе выдання, тэматыцы, але і ўбачыць асноўныя выдавецкія цэнтры — у рэсурс убудаваная карта Беларусі, якая дазваляе ўбачыць геаграфію месцаў выдання.

Пакуль калекцыя электронных выданняў не вельмі вялікая (крыху больш за 200 найменняў) і адлюстроўвае рарытэтныя кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. Але праект будзе развівацца, у перспектыве «Кніга Беларусі 14-18 стагоддзя» папоўніцца як лічбавымі копіямі выданняў, якія захоўваюцца ў НББ і іншых бібліятэках, музеях Беларусі, так і замежных установах. Аўтэнтычныя экзэмпляры рэдкіх рукапісных і друкаваных выданняў вярнуць на радзіму практычна немагчыма. Іх жа лічбавыя копіі дазволяць паказаць усю разнастайнасць нацыянальнай кніжнай спадчыны.

«Кніга Беларусі 14-18 стагоддзя» — аўтарскі праект загадчыка аддзела фармавання электроннай бібліятэкі Віктара Пшыбыткі. Яго намаганнямі створаная адна з «цаглінак» будучай Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі, канцэпцыя якой была раней распрацаваная сумеснымі намаганнямі Нацыянальнай бібліятэкі, іншых бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў краіны.

Для шырокай публікі праект «Кніга Беларусі 14-18 стагоддзя» будзе прэзентаваны 10 лютага ў 16.30 падчас XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0