Мінская міліцыя не супраць выдзялення пляцовак для выступленняў вулічных музыкаў і гатовая забяспечыць іх бяспеку. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама-начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Іван Кубракоў падчас адкрытага дыялогу аб перспектывах моладзевага праваахоўнага руху ў Мінску, перадае БЕЛТА.

Канчатковае рашэнне па прадастаўленні вулічным музыкам у Мінску пляцовак для выступаў пакуль не прынятае, але Іван Кубракоў звярнуў увагу, што ў сталіцы ўжо ёсць добры досвед правядзення музычных вечароў ля Ратушы. Па яго словах, арганізатары гэтага мерапрыемства першапачаткова разлічвалі на тысячу слухачоў, але па факце пляцоўка ля Ратушы была нават перапоўненая. «Лічу, што сама ідэя даволі нядрэнная. Калі гэта падабаецца мінчукам — чаму б і не, навошта абмяжоўваць», — сказаў Іван Кубракоў.

Пры абмеркаванні варыянтаў пляцовак для вулічных музыкаў ГУУС Мінгарвыканкама абавязкова ацэніць узровень іх бяспекі. «Што тычыцца бяспекі, то, вядома, яна ў абавязковым парадку павінна забяспечвацца. Калі гэта падземны пераход, пляцоўка каля метро, то мы дамо свае рэкамендацыі», — растлумачыў намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама.

На яго думку, прадстаўнікі моладзевых атрадаў аховы правапарадку таксама павінны падключыцца да забеспячэння бяспекі на вулічных канцэртах. «Што тычыцца дапамогі байцоў МААП, то яна не проста патрэбная, а неабходная. Прысутнасць работніка міліцыі ў форме дае прафілактычны вынік — гэта адназначна. Мы выдатна разумеем: калі на вуліцы знаходзіцца міліцыя, то бяспека забяспечваецца, пры неабходнасці будзе аказаная дапамога. Дружыннік, баец МААП мае прававыя падставы зрабіць заўвагу, і гэта таксама дае вынік: быццам бы міліцыі ў форме няма, але бяспека забяспечваецца. Маё меркаванне — такая дапамога патрэбная ў абавязковым парадку», — адзначыў Іван Кубракоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0