Пры экстрадыцыі ў Азербайджан расійска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына Беларусь добрасумленна выканала свае міжнародныя абавязацельствы па дагаворы аб аказанні прававой дапамогі.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 9 лютага на брыфінгу ў Мінску, піша БелаПАН.

«Pacta sunt servanda. Калі нехта забыўся латынь — дагаворы павінны выконвацца», — сказаў Мірончык.

Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што не выпадкова звяртаецца да тэмы Лапшына толькі сёння, паколькі 7 лютага быў вынесены вердыкт Вярхоўнага суда, а ўчора тэму пракаментавалі Генпракуратура і МУС. «Экстрадыцыя — пытанне, якое ляжыць выключна ў прававой плоскасці», — дадаў ён.

Каментуючы прапановы дэпутатаў армянскага парламента аб выключэнні Беларусі з АДКБ за экстрадыцыю Лапшына, Мірончык падкрэсліў: «Удзел альбо няўдзел у Дагаворы аб калектыўнай бяспецы носіць выключна добраахвотны характар і з'яўляецца ўласным суверэнным выбарам той ці іншай дзяржавы. Як вы ведаеце, Беларусь свой выбар зрабіла. Прапанова аб выключэнні з АДКБ і таму падобныя пазбаўленыя якіх-небудзь падстаў».

Прэс-сакратар таксама пракаментаваў беларуска-расійскі аспект сітуацыі. У апошні час, адзначыў ён, «паміж бакамі ўзнікаюць пэўныя адрозненні ў разуменні шляхоў вырашэння актуальных пытанняў двухбаковага парадку дня». Пры гэтым МЗС Беларусі пацвярджае «нязменную прыхільнасць» беларускага боку да «дружалюбных саюзніцкіх адносінаў з Расіяй і разлічвае на сустрэчны канструктыўны падыход пры пошуку развязак па наяўных праблемных момантах», заявіў Мірончык.

8 лютага МЗС Расіі выказала «глыбокае расчараванне» з нагоды экстрадыцыі Аляксандра Лапшына з Беларусі ў Азербайджан, а таксама заявіла, што гэтае рашэнне «не адпавядае духу саюзніцкіх адносін» паміж Расіяй і Беларуссю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0