Працягласць мяжы Беларусі з Расіяй — прыкладна 1280 км. 1 лютага ФСБ Расіі паведаміла аб тым, што на ўсёй гэтай працягласці ўводзіцца рэжым пагранічнай зоны. Сваё крытычнае стаўленне да гэтага выказалі і беларускі МЗС, і асабіста Аляксандр Лукашэнка. Чаму?

Памежны знак пад беларускім Хоцімскам. Фота Сяргея Гудзіліна.

Памежны знак пад беларускім Хоцімскам. Фота Сяргея Гудзіліна.

Для беларусаў і расейцаў пасля ўвядзення памежнай зоны нічога не зменіцца — пры перасячэнні мяжы трэба проста мець пашпарт, як і раней. Расія заяўляе, што вырашыла ўзмацніць толькі кантроль для грамадзянаў трэціх краінаў, якія могуць ехаць у РФ праз Беларусь. Пра гэта актыўна піша і пракрамлёўская прэса: маўляў, баронім сябе ад мігрантаў і санкцыйных тавараў, якія трапляюць праз Беларусь.

Але на думку Аляксандра Лукашэнкі, з’яўленне памежнай зоны — выключна палітычны жэст Расіі, адказ на пяцідзённы бязвізавы рэжым, які Беларусь увяла для 80 краін свету.

Падчас сваёй «Вялікай размовы», прэзідэнт казаў, што гэтая сітуацыя можа «выліцца ў сур'ёзны канфлікт».

«Ёсць нейкая прывязка да нейкіх канкрэтных кропак. Расія што, пачала праводзіць дэмаркацыю мяжы? Гэта перамоўны працэс. Гэта ж можа выліцца ў сур'ёзны канфлікт. Мы ж не дамаўляліся, як на карце будзе праходзіць мяжа, на мясцовасці. Пасля гэтага толькі трэба ўсталёўваць нейкія знакі і кропкі.

Вы ж можаце залезці на чужую тэрыторыю і адхапіць кавалак чужой мяжы. Я не думаю, што расейцы на гэта рашацца. Гэта ўжо сур'ёзны канфлікт, так можна дастукацца чорт ведае да чаго», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» выказаў заклапочанасць крокамі Масквы.

Аляксандр Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» выказаў заклапочанасць крокамі Масквы.

Што меў на ўвазе Лукашэнка?

Сітуацыя наступная. Раней мяжа паміж Расіяй і Беларуссю фактычна не існавала, бо абедзве краіны існуюць у адзінай Саюзнай дзяржаве. Мяжа не была пазначаная на мясцовасці, не існавала яе нават і на паперы. Тое, што мы бачым на картах — прыкладная лінія, праведзеная па адміністрацыйных межах, якія вызначаліся яшчэ пры СССР.

Мерапрыемстваў па дэлімітацыі — дакладным вызначэнні мяжы — не праводзілася, паведамілі «Нашай Ніве» ў Памежным камітэце.

Але цяпер, пасля рашэння Масквы аб увядзенні памежнай зоны, лінія памежнай зоны ў глыбіні трох расійскіх абласцей на мяжы з Беларуссю з асаблівай дакладнасцю прывязаная да мясцовасці адпаведнымі каардынатамі.

«Вельмі паказальна, што на участках мяжы Расіі з іншымі краінамі такога няма. За выключэннем няпростага ўчастка расійскай мяжы ў раёне Сахаліна і Курыл [на некаторыя астравы з іх прэтэндуе Японія — НН]. Узнікаюць заканамерныя пытанні аб логіцы і сувымернасці такіх крокаў.

Мы не драматызуем сітуацыі, але і не схільныя яе спрашчаць», — пракаментаваў гэта Дзмітрый Мірончык, прэс-сакратар беларускага МЗС.

Дзмітрый Мірончык.

Дзмітрый Мірончык.

Дык што, атрымліваецца, што Расія сама аднабакова вызначыла мяжу паміж нашымі краінамі? Насамрэч, не, супакойвае палкоўнік запасу Аляксандр Цішчанка, былы прэс-сакратар Памежнага камітэта.

«Што тычыцца каардынатаў у загадзе ФСБ, то там гаворка ідзе пра глыбіню памежнай зоны. Яны пазначылі каардынаты ўнутранай мяжы, на сваёй тэрыторыі. Саму мяжу паміж краінамі ніхто так і не вызначаў — гэтая справа вельмі карпатлівая», — кажа Цішчанка.

Але, на яго думку, ўвядзенне памежных зонаў — усё роўна працэс вельмі значны.

«Раней вызначаліся памежныя тэрыторыі. Адпаведныя загады былі ў Расіі ў 2011 годзе, у Беларусі ў 2014. Але гэта, па вялікім рахунку, былі проста раёны ля мяжы, у якіх пашыраліся палі прававога дзеяння памежных службаў, а не рэжымныя тэрыторыі. А памежная зона, якую сёння ўводзіць Расія — менавіта тэрыторыя рэжымная. І таму ўзнікла пытанне —

а як быць з грамадзянамі Беларусі? — каментуе Цішчанка. — і Мірончык правільна абазначыў праблему — па сутнасці, у дакументах аб памежнай зоне няма аніякіх фармулёвак ці агаворак наконт грамадзянаў Беларусі. То бок, аўтаматычна беларусы прыраўноўваюцца да грамадзянаў трэціх краін.

Пакуль, здаецца, прапускныя дакументы ад беларусаў не патрабуюць, дастаткова пашпарта. Але ж спачатку пра пропуск размова ішла. Цяпер тое адыгралі назад, але ў любы момант могуць змяніць рашэнне. І пропуск беларусу раптоўна стане патрэбны. Будзе так, што сёння, калі хочуць — пускаюць, а заўтра перахацелі — і без анансавання перасталі».

Гэтыя пытанні трэба абавязкова абгаворваць і вырашаць, упэўнены Аляксандр Цішчанка.

Як будзе працаваць кантроль, калі памежныя зоны ёсць, а мяжы, фактычна, няма?

«Гадаць, як яны будуць гэта рабіць, я не магу. Але магу сказаць, як тое павінна быць. Трэба знайсці сілы і сродкі для забеспячэння рэжыму памежнай зоны. Павінны быць дакладныя крытэры парушэння лініі мяжы, адпаведна

мусіць быць ці то лінія мяжы, ці хаця б дамоўленасць аб лініі. І калі дамоўленасці няма, то да яе прыйшоў час прыйсці. Інакш людзі будуць дэзарыентаваныя, будуць пастаянныя праблемы», — патлумачыў Цішчанка.

Але ж пытанне дэлімітацыі і дэмаркацыі пакуль не абмяркоўваліся. Пра паўнавартасную дэмаркацыю мяжы гутарка ўвогуле не ідзе, паведамілі «Нашай Ніве» ў Памежным камітэце. Пытанне аб дэмаркацыі пры патрэбе будзе вырашацца спачатку міністэрствамі замежных справаў абедзвюх краін. Але дэмаркацыя мяжы — справа складаная. Па-першае, проста таму, што зусім не хуткая.

Дэмаркацыя мяжы з прыбалтыйскімі краінамі доўжылася амаль 20 гадоў. Працэс пачаўся яшчэ ў 1992 годзе, але канчаткова быў завершаны толькі ў 2012. 

Працэс пераносу беларуска-ўкраінскай мяжы з карты на мясцовасць, які стартаваў у 2014 годзе, зойме каля 8 гадоў.

Пакуль яшчэ анiякiх пунктаў пропуску паміж Расіяй і Беларуссю няма.

Пакуль яшчэ анiякiх пунктаў пропуску паміж Расіяй і Беларуссю няма.

Па-другое, паўнавартасная дэмаркацыя, імаверна, адбудзецца толькі пасля канчатковага пахаладання ў беларуска-расійскім сяброўстве. Ці наадварот, стане першым крокам да яго — калі хтосьці вырашыць пачаць дэмаркацыю, гэта будзе сур’ёзным і адназначным сігналам суседу аб тым, што прыйшоў час жыць паасобку.

Як сігнал аб тым, што паміж суседзямі не ўсё ў парадку, успрымаецца і сённяшняе рашэнне Расіі аб памежных зонах.

«Рашэнне Беларусі аб увядзенні бязвізавага рэжыму для 80 краін было накіравана ў першую чаргу на замежнікаў: трэба прадэманстраваць ЕС, што ідзе рух у іх бок, паказаць патэнцыйным інвестарам і турыстам, што Беларусь — адкрытая краіна. Сігнал Расіі, што свет не сышоўся толькі на ёй таксама быў, але Расія тут не галоўны адрасат,

— лічыць Дзяніс Мельянцоў, магістр паліталогіі, старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).

— А расійскі адказ — памежныя зоны — накіраваны менавіта на Беларусь. Гэта і ёсць палітычная папярэджанне, маўляў, калі захочам, то зможам адгарадзіцца ад вашых тавараў.

Бо Расія можа проста ўвесці эканамічныя меры, якія будуць вельмі балючыя для нашай эканомікі, якая арыентаваная якраз на Расію. Проста закрыюць рынак і межы для нашых тавараў — і гэта будзе сур’ёзная праблема для Беларусі».

На думку Мельянцова, увядзенне памежных зонаў — вынік праблемаў у беларуска-расійскіх адносінах, якія доўжацца амаль год.

«Усё пачалося яшчэ з перамоваў наконт нафты і газу, а скончваецца мы бачым як: памежнымі зонамі, забаронай беларускага мяса.

Гэта паўнавартасны крызіс у нашых адносінах з Расіяй, і, на маю думку, ён будзе глыбейшым, чым усе мінулыя», — сказаў Мельянцоў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?