У Мінску праходзіць міжнародная кніжная выстава. На ёй прадстаўлены стэнды больш чым дзесяці краін. Карэспандэнтка «Нашай Нівы» пагутарыла з Аляксандрам Афоніным, прэзідэнтам украінскай асацыяцыі кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў, які ачольвае дэлегацыю з Украіны.

— Чытачы нашай газеты звярнулі ўвагу, што нацыянальны стэнд Украіны сёлета на выстаўцы бедны. Няма ні мастацкай літаратуры сучаснай, ні навукова-папулярных кніг. Кнігі пераважна рускамоўныя. Чаму так?

— Пытаннямі выставачнай палітыкі да апошняга часу займаўся дзяржаўны камітэт па тэлебачанні ды радыёвяшчанні. Але год таму быў прыняты закон пра стварэнне ўкраінскага Інстытута кнігі, які знаходзіцца пад патранатам Міністэрства культуры. Менавіта Міністэрству культуры і вось гэтаму, пакуль не існуючаму, Інстытуту кнігі перададзеныя паўнамоцтвы займацца кніжнымі выставамі за мяжой. Але ў гэтым годзе Міністэрства культуры адмовілася займацца мінскай выставай, матывуючы тым, што гэта нясвоечасова. Мне, як куратару выдавецкай дзейнасці, прыйшлося займацца арганізацыяй удзелу Украіны практычна самому ў водгук на просьбу пасольства Украіны ў Беларусі. Дзяржкамітэт трохі дапамог, але яны падкрэслівалі, што ўжо не маюць часу гэтым займацца. Я звярнуўся да выдаўцоў, каб яны прэзентавалі свае кнігі. Нехта адгукнуўся, у большасці ж ужо былі іншыя планы — вось так і сфарміравалася экспазіцыя. У іншым фармаце удзел у выставе быў немагчымы.

— Для многіх беларускіх чытачоў такі стэнд — гэта расчараванне. Падобная выстава ў Мінску практычна бывае толькі раз на год, і для шэрагу беларусаў гэта адзіная магчымасць пазнаёміцца з украінскай літаратурай.

 Я гэта разумею і спадзяюся, што становішча зменіцца ўжо на наступны год. Да арганізацыі замежных кніжных выставак зараз будуць далучаны людзі, якія прафесійна займаюцца арганізацыяй такіх мерапрыемстваў ва Украіне — Львоўскага кніжнага форуму, «Кніжнага арсеналу» у Кіеве і г. д., — а таксама адпаведныя міністэрствы.

На жаль, нашых сіл мала. Але разуменне, што такія мерапрыемствы вельмі важныя для іміджу Украіны, прыходзіць.

— Раз не атрымалася прывезці шырокага спектру літаратуры, то хаця б раскажыце, якія кніжкі зараз запатрабаваныя ва Украіне, якія прадаюцца найлепш?

 Летась такой кніжкай, бясспрэчна, быў «Ілавайск. Аповеды пра сапраўдных людзей» Яўгена Палажыя, «Аэрапорт» Сяргея Лойкі, увогуле запіскі з фронту — гэта тая літаратура, якой людзі цікавяцца, бо гэта іншы погляд і іншы ўзровень у параўнанні з тым, што людзі даведваюцца са СМІ. Ёсць цікавасць да гістарычнай літаратуры — але да такой, якая грунтуецца на дакументах, на неабвержных сведчаннях, бо людзі не хочуць прапаганды, а прагнуць асабіста разабрацца, што і як было. Літаратура нон-фікшн выходзіць на першы план.

Увогуле, добра запоўненыя нішы мастацкай, дзіцячай літаратуры, кніг для адпачынку і па нейкіх хобі.

Навуковыя кнігі, на жаль, выходзяць зараз ва Украіне рэдка. Мала літаратуры, накіраванай на адукацыю, — маю на ўвазе не школьныя падручнікі (яны, дарэчы, складаюць каля 50% рынку, у той час як у Еўропе — каля 20%), а літаратуру па бізнэсе, павышэнні кваліфікацыі. Зараз выдавецкі бізнэс ва Украіне бедны. Для таго, каб выдаваць сусветныя бестселеры, якія датычацца бізнэсу, тэхналогіі, інжынерыі, проста няма грошай. Наклады для такой літаратуры — па 300—400 асобнікаў. Пытанне напоўненасці рынку гэтай літаратурай патрабуе дзяржаўнай падтрымкі, бо ад гэтага наўпрост залежыць і эканоміка, і лёс рэформ.

Існуе і праблема з перакладчыкамі такой літаратуры. За апошнія гады мы страцілі школу навуковага перакладу. Трэба вяртацца да пытання слоўнікаў. З’яўляюцца новыя тэрміны вельмі хутка, і іх трэба заносіць у слоўнікі.

— Як развіваецца рынак электронных кніг?

Вельмі кепска. Зараз ва Украіне існуе толькі 5—6 выдавецтваў, якія намагаюцца рабіць электронныя кнігі. Гэта звязана з вялікім узроўнем пірацтва. Існуе маса сайтаў, на якіх практычна любую кнігу можна скачаць бясплатна. У Еўропе за гэта караюць. Пакупнікі электронных украінскіх кніг — гэта замежнікі. А вось украінцы практычна не купляюць электронныя кнігі. Пакуль не будзе ўведзена еўрапейская сістэма кантролю за правамі аўтара, пакуль не будзе пакарання за пірацтва, рынку электроннай кнігі ва Украіне не будзе.

 Колькі кніг выдаецца ўкраінскай мовай?

Прыкладна 60% накладаў. Адсоткаў 35 — гэта кнігі на рускай мове, а астатняе — выданні на мове нацыянальных меншасцяў (крымска-татарская, малдаўская, венгерская і іншыя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?