Філіп Пітэрсен, былы аналітык Разведвальнага ўпраўлення Мінабароны ЗША, а цяпер віцэ-прэзідэнт Фонда «Патамак», распавёў, што Захад не будзе ваяваць за Беларусь, аднак можа ўвесці вельмі жорсткія санкцыі супраць Масквы. Інфармацыю пра гэта ў польскай прэсе знайшоў беларускі журналіст Зміцер Галко.

Фонд вывучае пытанні глабальнай палітычнай, ваеннай і эканамічнай стратэгіі, а Пітэрсен у ім тры гады займаўся праектам «Палітыка бяспекі ў постсавецкіх рэспубліках».

У канцы мінулага месяца Фонд правёў ваенна-палітычную гульню «Гегемон», у якой удзельнічалі палітыкі і вайскоўцы НАТО, у тым ліку былы камандуючы сіламі НАТО ў Еўропе генерал Філіп Брыдлаў.

Сярод іншых сцэнарыяў развіцця падзеяў у нашым рэгіёне, як распавёў польскаму выданню Пітэрсен, разглядаўся сцэнар перавароту ў Беларусі, у выніку якога Аляксандр Лукашэнка губляе ўладу, а на чале краіны становіцца цалкам падкантрольная Маскве фігура.

«Прыхільнік Масквы затым запрашае расійскія войскі. Крэмль пачынае выкарыстоўваць Беларусь як базу для гібрыдных дзеянняў супраць Польшчы і балтыйскіх краін. Мы не можам гэтага дазволіць», — распавёў Пітэрсен.

«Канешне, мы не можам абараніць яе (Беларусь) ваенным чынам, аднак можам увесці санкцыі, але не постфактум і часова, як у выпадку Украіны, а прэвентыўна і пастаянна», — дадаў ён.

Пітэрсен згадаў адключэнне Расіі ад сістэмы банкаўскіх разлікаў SWIFT.

«…Гэта было б магутным ударам для расійскай гаспадаркі. Без SWIFT гандаль быў бы паралізаваны, што прывяло б да гаспадарчай блакады Масквы, разарэння расійскай эліты, людзей Пуціна», — дадаў ён.

Па ягоных словах, Расія павінна быць аўтаматычна адключаная ад SWIFT у выпадку маскоўскай акупацыі Беларусі, і толькі вызваленне Беларусі ад расійскіх войскаў будзе ўмовай зняцця санкцый.

«Мы не фанаты Лукашэнкі. Не лічым Беларусь дэмакратычнай дзяржавай і ведаем, што там няма свабодных выбараў. Але беларусы ніколі не будуць мець ані першага, ані другога, калі страцяць незалежнасць», — сказаў Пітэрсен.

«Расійцы павінны зразумець, што яны альбо будуць граць па міжнародных правілах, альбо будуць мець справу з наступствамі. Выбар за імі і толькі за імі. Гэта самае лепшае, што мы можам зрабіць для гарантавання міжнароднай бяспекі», — адзначыў аналітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?