Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення пагранічнага кантролю Дзяржаўнага памежнага камітэту Алег Ляшук, перадае БЕЛТА.

Пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы ў пункце пропуску Нацыянальнага аэрапорта Мінск трэба мець сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент для выезду за мяжу, які яго замяняе, медыцынскі страхавы поліс. Страхоўку можна будзе набыць на месцы — у пункце пропуску, адзначыў Алег Ляшук.

Акрамя таго, для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе суму на кожны дзень знаходжання ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым двум базавым велічыням (адна БВ цяпер складае Br23). Пры гэтым турыстам неабавязкова мець пры сабе менавіта наяўныя. Тут кантроль памежнікам дапамогуць забяспечыць банкаўскія работнікі ў аэрапорце.

Пры перасячэнні мяжы ў пашпарце і міграцыйнай карце грамадзяніна праставяць адпаведныя адзнакі. Іх правераць на зваротным шляху.

Органы памежнай службы гатовыя своечасова афармляць турыстаў, якія будуць прыязджаць у Беларусь. Памежнікі ўжо маюць пэўны досвед працы ва ўмовах бязвізавага рэжыму. Ён дзейнічаў падчас правядзення ў краіне чэмпіянату свету па хакеі. Трохдзённы бязвізавы рэжым дзейнічае для турыстаў, якія наведваюць Белавежскую пушчу, пяцідзённы — для тых, хто хоча пабываць на Аўгустоўскім канале.

Алег Ляшук дадаў, што Беларусь і раней выкарыстоўвала шэраг мер, накіраваны на тое, каб не дапускаць выезду ў Расію асоб, чыё наведванне РФ непажадана. «Меры ў гэтым напрамку будуць і далей прымацца, каб не даставіць нашым суседзям ніякіх нязручнасцяў», — сказаў ён.

Як паведамлялася, Беларусь ад 12 лютага ўводзіць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. Ён распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, у тым ліку ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы. Абавязковай умовай бязвізавага наведвання з'яўляецца прыбыццё ў краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?