Тэма Беларусі не сыходзіць з экранаў расійскіх тэлеканалаў. У чарговы раз нашай краіне быў прысвечаны выпуск праграмы «Права голасу» на тэлеканале «ТВЦэнтр».

«Беларусія: і не сябар і не вораг?» — так называлася ток-шоу. Папярэднія разы ў студыі аддуваўся адзін Алег Гайдукевіч, намеснік старшыні ЛДПБ. Цяпер жа ў Маскве высадзіўся цэлы дэсант. На ТВЦ паклікалі Аляксандра Шпакоўскага, Пятра Пятроўскага, Аляксея Дзерманта і Вадзіма Гігіна — усе яны аўтары прарасійскага рэсурсу «Імхаклаб».

Якую пазіцыю агучвалі госці з Беларусі? Іх агульная думка апелявала да добрага цара-Пуціна і дрэнных расійскіх алігархаў, праз інтарэсы якіх псуюцца адносіны паміж дзвюма краінамі.

«У мяне адчуванне, што беларусы як на экзамене павінны даказваць, як мы любім Расію. Мы раўнапраўныя партнёры. Мы — краіна, якая першай, яшчэ ў жабрацкія ельцынскія 1990-ыя, зрабіла выбар на карысць Саюзнай дзяржавы. І Аляксандр Лукашэнка, і ўсе, хто стаіць тут, адстойваюць гэты выбар Беларусі. А вы пачалі з нас, перакінуліся на Украіну: чаму без шапкі, чаму без валёнкаў?» — абурыўся Вадзім Гігін. «Мы хочам, каб Расія была магутнай вялікай дзяржавай, і ўсё для гэтага зробім, — запэўніў ён адразу ж. — Але калі інтарэсы алігархаў ставяцца вышэй за нацыянальныя інтарэсы Расіі, мы не заўсёды [падтрымліваем гэта]».

«Вядуцца перамовы пра візу Саюзнай дзяржавы. Чаму ў гэтай сітуацыі адбываюцца такія правакацыйныя рэчы з боку ФСБ? — задаваўся рытарычным пытаннем Пятро Пятроўскі, згадваючы змены на расійска-беларускай мяжы. — Чаму Расія закрываецца ад Беларусі? А сапраўды, ці выгадна расійскім алігархам рэіндустрыялізацыя Расіі? Не. Бо тады ствараюцца высокатэхналагічныя прадпрыемствы, іх канкурэнты. Яны павялічаць сваю долю ў расійскай эканоміцы. А тады, можа, расійскае кіраўніцтва падумае, навошта нам гэтыя алігархі, якія сядзяць на шыі расійскага народа, з'ядаюць апошнія грошы, калі рэальна патрэбны тэхналагічны прарыў». «Ваша [малочная] прадукцыя неканкурэнтаздольная!» — крычаў Пятроўскі расійскім экспертам, палова з якіх, дарэчы, былі выхадцы з Беларусі.

«Гэтыя людзі да ўлады не маюць ніякага дачынення. Гэта самазванцы, правакатары, — казаў Аляксей Дзермант пра палітолагаў Арсеня Сівіцкага і Юрыя Царыка, аўтараў даклада пра магчымую спробу Расіі забяспечыць поўны вайскова-палітычны кантроль над Беларуссю. — Але такія самыя людзі ёсць і ў Расіі. На «Рэгнуме» куча экспертаў, якія абліваюць брудам беларускую мову. Гэтыя правакатары з двух бакоў працуюць на руйнаванне Саюза, на нашых супольных ворагаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?