«Я цяпер проста вымушаны сюды прыязджаць, — сказаў Жадан. — Мы будзем рыхтаваць канцэрт з музыкамі [гурта] «Сабакі ў космасе». У маі мы да вас вернемся.

Насамрэч я страшэнна цешуся, таму што гэта несправядлівае, як на маю думку, рашэнне — надзвычайнае, неканструктыўнае — было адменена. Зараз я маю магчымасьць прыяжджаць у Беларусь.

У нас вельмі добрыя стасункі з многімі беларускімі пісьменнікамі, у беларускіх пісьменнікаў шмат знаёмых ва Украіне. Мы адзін аднаго перакладаем. Там, дзе не могуць дамовіцца палітыкі, маюць быць пісьменьнікі, паэты, музыкі. У нас значна больш шанцаў дамовіцца.

Я гаварыў з прадстаўнікамі нашай амбасады. Так, на вялікі жаль, тое, што здарылася са мной — гэта не адзінкавы факт. Апошнім часам можна назваць яшчэ некалькі прыкладаў, калі грамадзянам Украіны ставілі вось гэты штамп пра няўезд. Мне здаецца, гэта не вельмі здаровая тэндэнцыя. Вельмі спадзяюся, што ўласна тая сітуацыя, якая сёння вырашылася спрыяльна, яна стане нейкім паваротным момантам.

Магчыма, яна стане добрым сігналам для палітыкаў абедзвюх краін пра тое, што не варта будаваць паміж нашымі краінамі сцяну. Не варта гуляць на руку трэцяй сіле. Не трэба падыгрываць чыімсьці імперскім амбіцыям — а ставіцца адзін да аднаго з павагаю, як да патэнцыйнага партнёра, раўнапраўнага партнёра, як да суседа».

Нагадаем, Сяргей Жадан, які прыехаў на кніжную выставу ў Мінск і Стральцоўскі паэтычны фэст, быў уначы затрыманы сілавікамі ў сваім пакоі ў гатэлі. Прычына — знаходжанне ў расійскім «чорным спісе» з фармулёўкай «за датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці».

Жадан правёў ноч у камеры і атрымаў забарону на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін.

Уранку беларускія творчыя саюзы запатрабавалі адмены дэпартацыі Сяргея Жадана.

Украіна заявіла пратэст, кіраўнікі МЗС Беларусі і Украіны абмеркавалі сітуацыю наконт дэпартацыі Жадана.

Нарэшце Беларусь анулявала ўкраінскаму пісьменніку Сяргею Жадану забарону на ўезд у краіну. Рашэнне было прынятае цягам некалькіх гадзін.

Жадан самы значны пісьменнік Украіны на сёння. Ён і празаік, і паэт, і музыка. Гэта найбольш перакладаны на замежныя мовы творца. 

Так сталася, што Жадан родам з Луганска і таму не маўчаў — у сваёй творчасці і інтэрв'ю — адносна таго, што там рабілася. Але ён чысты пісьменнік і ніколі не браў у рукі зброі.

Мінулы раз, улетку 2016 года, Жадан спакойна прыязджаў і чытаў свае вершы на менскіх пляцоўках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?