Фота: АР
Дамініканскае перыядычнае выданне El Nacional папрасіла прабачэння за памылковую публікацыю фатаграфіі акцёра Алека Болдуіна замест прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
У пятніцу ў газеце было апублікаванае фота Болдуіна ў вобразе Трампа з парадыйнага скетча ў перадачы Saturday Night Live на тэлеканале NBC. У подпісе пад здымкамі было напісана: «Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп».
Неўзабаве рэдакцыя паведаміла пра памылку ў сваім «Твітэры», аднак да таго моманту фота ўжо выклікала бурную рэакцыю ў інтэрнэце і хвалю жартаўлівых каментароў карыстальнікаў сацсетак.
«El Nacional выбачаецца перад чытачамі і перад усімі, хто адчуў сябе пакрыўджаным гэтай публікацыяй», — гаворыцца ў паведамленні на сайце газеты.
За апошнія некалькі месяцаў у праграме Saturday Night Live з'явіўся шэраг выпускаў з пародыямі на Трампа і яго атачэнне.
Сам Трамп ў снежні ў сваім «Твітэры» назваў парадыйнае шоу «неглядзельным» і адзначыў, што пародыя на яго ў выкананні Болдуіна атрымалася «горш няма куды», перадае Бі-бі-сі.