11 лютага ў Мінску прайшоў вялікі канцэрт украінскага гурта «Воплі Відоплясова». Перад выступам лідар калектыву Алег Скрыпка расказаў пра музыку, культуру, свае беларускія карані і пра тое, як жыць у краіне, дзе ідзе вайна.

Пра музыку

Калі я быў студэнтам я сабе прыдумаў, што буду вучоным. Але так і не змог — усё ж стаў музыкам.

Гастроляў сёння, канечне, менш, крызіс паўсюль, выступаем разы ў два радзей, як раней. Але вельмі радуе, што мы даволі часта ездзім у Беларусь.

Першы выступ мой быў яшчэ ў дзіцячым садку. Я вельмі хацеў быць зайчыкам, а мяне чамусьці зрабілі мядзведзікам… Ёсць нават фота, я на ім вельмі сумнае мядзведзяня.

А пасля бацька адправіў у музычную школу вучыцца граць на баяне. Мне набылі ў Кіеве баян — на ім я граю ўжо 40 гадоў. На канцэрце сённяшнім буду граць на ім таксама.

У дзяцінстве я прыязджаў з гэтым баянам на вёску, «на мяне» збіралі народ, і я ім граў, танцаваў… З суседніх хутароў нават прыходзілі. Мне было гадоў 7-8, і я быў гіперстар.

Пра сваіх куміраў

Мы ж музыкі са стажам… я намагаюся сачыць за сучаснай музыкай, але нічога не зробіш — мае густы ўсе засталіся «там». Для мяне гурт нумар адзін гэта Led Zeppelin. З Робертам Плантам я б з задавальненнем заспяваў што-небудзь. З Полам Макартні, безумоўна. Але гэта рокеры… Ну, можна са спявачкай яшчэ нейкай… Адэль, яна жывая яшчэ? А, пераблытаў — гэта ж Эмі Уайнхаус памерла.

Пра сваю папулярнасць

Адзін мой знаёмы, таксама вядомы музыка, сказаў неяк: «Да таго, як я стаў музыкам, я гуляў па вуліцах і атрымліваў асалоду ад гэтага. Цяпер даводзіцца красціся па вуліцах». У мяне тое ж самае — у публічных месцах амаль крадзешся, каб не заўважылі і не «чаплялі». І першыя дзесяць тысяч сэлфі яшчэ можна вытрываць, а вось дзесяць тысяч першае — ужо складана.

Калісьці даўно ў Маскву прыехалі Red Hot Chilі Peppers і была акурат вялікая тусоўка: і фанаты, і журналісты… Я прыйшоў туды таксама патусавацца, і вось прыходзяць яны [Red Hot Chillі Peppers]. І я нарэшце нармальна тусануўся: паеў, папіў, ні з кім не фатаграфаваўся (смяецца), бо як яны [Red Hot Chilі Peppers] зайшлі, ўсе абляпілі іх такім пчаліным роем, яны прастаялі так і нават нічога не з’елі (смяецца).

Пра першае каханне

Гэта музыка, безумоўна (пасміхаецца).

Пра сучасную ўкраінскую культуру

Мы не ведаем, як у вас працуе дзяржава ў гэтым накірунку, але ў нашай краіне гэты працэс вельмі і вельмі далёкі ад ідэалу. У прынцыпе, дзяржава мала што робіць… Ды вы і самі, напэўна, чулі пра нашу Раду і ўсе гэтыя ўнутраныя калатнечы.

Няма механізму ці праграмы па развіцці мовы. І ў прынцыпе, на такіх людзях, як той жа Сяргей Жадан, іншыя літаратары і нават менеджары культуры, музыкі — на іх і трымаецца сёння наша культура. На прыватным узроўні, на прыватных ініцыятывах. Можа гэта і добра… Але, каб прыватную ініцыятыву падтрымлівала яшчэ і дзяржава, то гэта было б выдатна.

Пра затрыманне Сяргея Жадана

(На момант гутаркі яшчэ было не вядома, што забарону Жадану на ўезд у Беларусь скасавалі — НН)

Сяргей Жадан вельмі шмат робіць для збліжэння Украіны і Беларусі. І гісторыя з затрыманнем, забаронай уезду… Гэта непрыемная сітуацыя. Але гэта ж ідзе з Масквы. Тыя, хто самі тэрарысты, называюць тэрарыстам іншага. На злодзеі і шапка гарыць, як той казаў.

Пра вайну

Я скажу, можа, страшную рэч, але за гэтыя тры гады мы прывыклі да таго, што ў краіне ідзе вайна. Спачатку быў шок, нам, у гурце, нават цяжка было пісаць песні, рэпетыраваць.

Але мы ўсе адаптаваліся. Краіна ў сітуацыі вайны жыве. Прывыклі.

Прычым, калі Кіеў за 600 км ад фронту, то Дняпро ўжо прыфрантавы горад. Але жыццё ідзе, адбываюцца нават культурныя падзеі, мы часта граем там канцэрты. Марыупаль увогуле на лініі фронту, там чуваць выбухі, страляніна. Але і там жывуць, працуюць… Людзі прывыкаюць да ўсяго.

Можна сказаць нават такую нечаканую рэч, што вайна пайшла на карысць украінскаму грамадству. Уся Украіна ўключылася ў валанцёрскі рух. Дапамагаюць і параненым, і сіротам, адпраўляюць адзенне, ежу, людзі здаюць кроў… Людзі прачнуліся, уключыліся, людзі адчулі адказнасць: за сябе, за сваіх дзяцей, за заўтрашні дзень.

Пра праблемы сучаснай Украіны

Мы маем дзве праблемы. Гэта, па-першае, канкрэтны знешні вораг і яго магутны знешні ўплыў.

Па-другое, вялікая праблема ўнутраная — адсутнасць моцнай дзяржавы. Гэта нават большая праблема. Калі б Украіна была моцнай — маю на ўвазе, як структура, як сістэма, адміністратыўная адзінка… Бо з народам няма праблемы, ён моцны, адзіны.

Мы бачым і ў вас парасткі таго самага «рускага свету». Усё робіцца адзін у адзін, як раней рабілася ва Украіне. Можна па рознаму ставіцца да вашай улады, але яна функцыянуе. Пытанні з «рускім светам» акуратна вырашаюць. А ў нас не было ці то загадаў, ці то сілы на гэта…

Што тычыцца размоваў пра новы Майдан… Калі будуць ціснуць звонку, то ў любой краіне яго можна арганізаваць. Але сёння я не думаю, што ва Украіне ёсць падставы для трэцяга Майдану. Унутры краіны зацікаўленых бакоў у гэтым я не бачу.

Пра ліквідацыю Матаролы і Гіві

Калі я чую навіны пра забойствы на Данбасе… Я лічу так. Няправільна, калі людзі радуюцца, бо гэта ж смерць чалавека. Але і шкадаваць не варта. Бо гэта былі канкрэтна тэрарысты, злачынцы.

Пра сябе і ўладу

(Алег Скрыпка — дарадца мэра Кіева Віталя Клічко — НН)

Я ва ўладу не хадзіў — мяне так прэса выставіла. Тым больш, што ў нас вельмі непапулярныя тыя, хто ва ўладу ідзе, і «макнуць» такога чалавека — вельмі салодкі занятак. Рэйтынгі выдання растуць.

У мяне былі намаганні зрабіць культурны праект. Я хацеў зрабіць украінскае Раство, украінскі Новы год. І мы адваявалі пазіцыі украінскіх святаў. Ужо другі год запар у нас не Дзед Мароз, Санта Клаўс ці Мікі-Маўс, а Святы Мікалай і батлейкі на Раство. Гэта на дзяржаўным узроўні ўсё. Гэта і была мая ідэя, яе атрымалася рэалізаваць. Улада дапамагла.

Акрамя таго, я раблю Дзень Кіева. І сёлета я таксама гэтым буду займацца. Гэта не палітыка, гэта культура. Вось гэта мая праца.

На адной з песень на сцэну запрасілі ўсіх ахвотных.

На адной з песень на сцэну запрасілі ўсіх ахвотных.

Пра вышыванкі

У нас, ва Украіне, сёння сапраўдная мода на вышыванкі, прычым на прыгожыя, вытанчаныя. Людзі ўжываюць іх як святочнае адзенне, яны зразумелі, што гэта не нейкі там бутафорскі нафталінавы музейны атрыбут, а што гэта нармалёвая паўсядзённая рэч.

Я сам дома хаджу ў вышыванцы. У мяне іх дзве, гэта толькі хатніх, і адна з іх — беларуская. Набыў неяк у вас тут, у сувенірнай краме. Гэта ж лён — зімой цёпла, улетку прахладна.

Пра тое, як стаў украінцам

Гаварыць па-ўкраінску я пачаў толькі падчас свайго жыцця ва Францыі на пачатку 90-х. Там я пачаў размаўляць па-французску і проста зразумеў, што мову можна вывучыць. Я вывучыў украінскую — і пачаў гаварыць на ёй.

А стаў украінцам трохі раней. Калі мне было 16 гадоў, я жыў у Мурманскай вобласці. Трэба было атрымліваць пашпарт… І не ведаю чаму, але я прыйшоў у пашпартны стол і сказаў, каб у графу «нацыянальнасць» напісалі, што я ўкраінец. Матыў не памятаю ўжо, але вось, дзіця так захацела.

Пра беларускія карані

Мой бацька напалову беларус, як высветлілася. Яго маці прыехала на Палтаўшчыну, здаецца, з-пад Гомеля. Там, на Палтаўшчыне, наш продак беларускі заснаваў хутар. Вельмі харызматычны быў дзядзька, нарадзіў шмат дзяцей. Цэлы вялікі хутар быў, хат з дзесяць. Канечне, цяпер людзі з вёскі з’язджаюць у асноўным, але некаторыя мае сваякі па беларускай лініі застаюцца яшчэ там, на Палтаўшчыне, я падтрымліваю з імі зносіны.

На канцэрце ў Мінску Алег Скрыпка выканаў дзве сваіх песні — «Танці» і «Краіна Мрій» — на беларускай мове. «Краіну Мрій» праспяваў разам з беларускім дзіцячым хорам «Сунічка»

На канцэрце ў Мінску Алег Скрыпка выканаў дзве сваіх песні — «Танці» і «Краіна Мрій» — на беларускай мове. «Краіну Мрій» праспяваў разам з беларускім дзіцячым хорам «Сунічка»

Пра выступ Navi на Еўрабачанні

Нам вельмі радасна за вас, што нарэшце на Еўрабачанні загучыць беларуская мова. Гэта такая перамога і беларускага народу, і наша ў тым ліку. Бо мы будзем глядзець на вас і рабіць для сябе пэўныя высновы. А сама песня нам вельмі спадабалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?