Упраўленнем следчага камітэта па Віцебскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Талачынскага раёна, які абвінавачваецца ў здзяйсненні забойства двух чалавек.

Яшчэ днём 30 жніўня 2016-га года 38-гадовы мужчына пачаў выпіваць. Калі вечарам дамовіўся аб тым, што набудзе скутар у знаёмых, вырашыў адзначыць удалую ўгоду. Прыхапіў з сабой 5-літровую каністру са спіртным, прыйшоў у госці да аднавяскоўцаў.

Дом, у якім і адбылося двайное забойства. Фота: sk.gov.by.

Дом, у якім і адбылося двайное забойства. Фота: sk.gov.by.

Падчас п'янкі ўзнік канфлікт, які перарос у бойку. Збіўшы гаспадара дома, госць задушыў яго. Спалохаўшыся, што гаспадыня дома паведаміць у міліцыю, задушыў жанчыну. Каб схаваць сляды злачынства, паклаў абодва целы ў залу, адкрыў на кухні ручкі газавай пліты і выйшаў з хаты. Выкінуў свае сланцы ў траву ў канцы вёскі, дома пераапрануўся, схаваўшы вопратку і рэмень.

Фота: sk.gov.by.

Фота: sk.gov.by.

Раніцай наступнага дня целы мужчыны і жанчыны знайшлі суседзі.

Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, смерць абаіх наступіла на месцы здарэння ад механічнай асфіксіі: мужчыны — у выніку задушэння рукамі, жанчыны — з прычыны задушэння пятлёй.

У выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў падазраваны быў аператыўна вылічаны і затрыманы.

Следчыя агучылі абвінавачанне жыхару Талачынскага раёна па п. 6 ч. 2 арт. 139 і п 6, 8, 16 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, і забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, з мэтай схаваць іншае злачынства, здзейсненае асобай, якая раней учынiла забойства) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. З моманту затрымання абвінавачваны ўтрымліваецца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?