У панядзелак, 13 лютага, у Мінскім гарадзкім судзе пачаўся закрыты працэс па справе 15-гадовага Д. У інтэрв'ю TUT.BY мама падлетка, які абвінавачваецца ў нападзе на настаўніцу, распавяла, чаму педагог выклікала бацькоў Д. у школу, якую запіску яна перадала ім напярэдадні трагедыі і які ліст перад судом даслаў сын з СІЗА.

Калі 23 мая 2016 года ў сталічнай гімназіі № 74 адбылася трагедыя, бацькі затрыманага падлетка адмовіліся ад усіх каментароў. Амаль 9 месяцаў мы пераконвалі Аліну (маму Д.) сустрэцца. Жанчына паўтарала: «Яшчэ не час, трэба пачакаць». Яна да апошняга спадзявалася, што сыну зменяць меру стрымання і дазволяць да суда знаходзіцца пад хатнім арыштам. Аднак усе хадайніцтвы былі адхіленыя.

У студзені, за месяц да пачатку слуханняў па гучным працэсе, яны ўсё ж такі сустрэліся ў кафэ. Аліна часта плакала, шмат маўчала, нават простым вокам было відаць: як маральна і фізічна яна знясілена. Яна давала інтэрв'ю, але яны не давалі дазволу на публікацыю, баючыся нашкодзіць сыну. Перад пачаткам суда мама абвінавачанага падлетка пагадзілася распавесці тое, пра што яны з мужам маўчалі столькі часу.

***

— З гэтым настаўнікам праблемы былі не толькі ў нашага сына, але і ў астатніх дзяцей. Кожны год на бацькоўскім сходзе ўздымалі гэтую тэму, прасілі змяніць настаўніка рускай мовы і літаратуры. Разумееце, наша бяда ў тым, што мы інтэлігентныя людзі (бацькі Д. дактары), не можам крычаць, высвятляць адносіны, мы чакалі і цярпелі. Так давучыліся ў гэтага настаўніка да 9 класа. Казалі з мужам сыну: «Пацярпі яшчэ 4 дні». Столькі дзён заставалася да канца навучальнага года … У 10 класе яна не павінна была весці ў нашых дзяцей. Сын уздыхнуў з палёгкай. А калі папаўзлі чуткі, што Валянціна Уладзіміраўна возьме адзін з 10-х класаў, Д. планаваў перавесціся ў іншы на паралелі.

— Вас асабіста настаўніца выклікала ў школу, каб абмеркаваць Д.

— Так, першы раз у 6 класе. Валянціна Уладзіміраўна казала, што хлопчык развіты, але яго ўзровень ведаў можа быць вышэйшы. Я размаўляла дома з сынам, прасіла быць актыўным на ўроках, але калі ён падымаў руку, настаўнік яго проста ігнаравала, рабіла выгляд, што не заўважае. Я супакойвала сына: «Значыць, яна ўпэўненая, што ты ведаеш прадмет». У 7 класе сітуацыя паўтарылася. Пасля нашай сустрэчы сітуацыя нібы памянялася ў лепшы бок, але на час, а далей усё вярталіся на ранейшае.

Якія ацэнкі былі ў вашага сына па беларускай мове і літаратуры?

— 8 — у Д. быў досыць высокі бал атэстата, і ён спакойна праходзіў у 10 клас.

— Напярэдадні трагедыі вас выклікалі ў гімназію?

— 28 красавіка на бацькоўскім сходзе класны кіраўнік перадала мне запіску ад Валянціны Уладзіміраўны, на якім было напісана: «Д. лянуецца». Я ўдакладніла ў класнай: ці трэба мне ісці да настаўніка? Яна адказала: «Валянціна Уладзіміраўна не прасіла і наўрад ці кантактаваць ёй з вамі будзе прыемна». Сам сын, калі гаворка заходзіла пра канкрэтна гэтага настаўніка, замыкаўся і маўчаў. Мы адкрыта казалі: «Ацэнкі нам не важныя, ты толькі пацярпі». За тыдзень да таго, што здарылася, настаўніца прасіла мяне падысці, але я не змагла адпрасіцца з працы.

— Гэта праўда, што вы не бачылі сына пасля таго, як ён трапіў у СІЗА?

— Так… Яго допыты праводзіліся ў прысутнасці мужа як законнага прадстаўніка непаўналетняга. Муж каля 20 разоў прасіў дазволіць мне спатканне з Д., але атрымліваў адзін і той жа адказ: «Можаце напісаць хадайніцтва, але адказ будзе адмоўным». Я сама два разы на тыдзень хаджу ў СІЗА № 1 на Валадарскага, кантактую з выхавальнікам сына, мне кажуць: «У вас цудоўнае дзіця».

— Калі Д. апошні раз вам пісаў?

— Ён увесь час перапісваецца не толькі са мной, але і аднакласнікамі. Літаральна ў пятніцу даслаў ліст, пра суд — ні слова. Піша, якія кнігі прачытаў, якія хлопцы ў камеры, даслаў малюнак, на якім ваўчыца аблізвае сваё ваўчаня. Сам Д. маляваць не ўмее і просіць іншых хлопчыкаў намаляваць тое, што ён хоча.

— Няўжо не было ніякіх перадумоў, што ваш сын вось-вось сарвецца?

— Нічога такога, каб мы сталі біць трывогу. Раніцай 23 мая я падвезла сына да школы, дамовіліся потым сустрэцца ў мяне на працы. Мне цяжка ўявіць, што сын мог нанесці 17 удараў нажом. Ён нават на трэніроўцы не мог праявіць агрэсію, менавіта з-за гэтага трэнер па джыу-джытсу не ставіў яго на спаборніцтвах, Д. — не баец.

— Так нож усё ж такі знайшлі?

— Не, знайшлі кавалак ляза ад сталовага нажа, адправілі на экспертызу, а там няма ні адбіткаў пальцаў, ні слядоў крыві. Прылада злачынства дагэтуль невядома, а сын нічога не кажа.

— Аліна, вы кантактавалі з настаўніцай пасля трагедыі?

— Адразу нам не дазваляла следства, калі расследаванне крымінальнай справы было завершана, напярэдадні Калядаў я патэлефанавала настаўніцы. Валянціна Уладзіміраўна сказала: «Дзіцяці я даравала, а вам — не дарую». Ёй не спадабалася, як гэтая тэма асвятлялася ў СМІ, нібыта мы раздавалі ўсім інтэрв'ю, хоць мы самі маўчалі да апошняга. Па чутках, настаўніца збіраецца выставіць нам велізарны пазоў у якасці маральнай кампенсацыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру