«НН» уважліва агледзела паліцы крамаў напярэдадні Дня святога Валянціна і знайшлі патэнцыйныя падарункі, якія рызыкуюць заўтра ж, калі не трапіць у сметніцу, дык апынуцца на антрэсолях.

Дэкаратыўныя свечкі

Безумоўна, свечкі лічацца атрыбутам рамантыкі. Але самі падумайце: што ад іх застанецца пасля таго, як яны згараць? Прайшло каханне, патухлі свечкі? Пах недагаркаў, між іншым, не самы прыемны на свеце.

Ды і сам выгляд вось гэтых свечак нічога, акрамя жалю, не выклікае.

Ненатуральныя кветкі

Незразумела, чаму гэтыя вазы стаяць на месцы падарункаў для каханых, бо звычайна штучныя кветкі нясуць на могілкі. Жывым людзям раім набываць жывыя кветкі.

Статуэткі

Усялякія керамічныя анёлы, мішкі, коцікі, фігурныя рамкі для фотаздымкаў… Прызнайцеся, вы б самі хацелі атрымаць такі падарунак? Вось і мы пра тое ж.

Парфума

Пах чалавека — вельмі індывідуальная гісторыя. Малаімаверна, што вы самастойна зможаце падабраць партнёру штосьці прыдатнае, нават калі добра яго ведаеце. Не рызыкуйце. Сюды ж можна аднесці і самую розную касметыку: няўжо ваш каханы настолькі бездапаможны, што сам не купіць рэчы асабістай гігіены?

Мяккія цацкі

Актуальна, калі вам не больш за 12 гадоў ці калі ваш каханы чалавек з'яўляецца калекцыянерам мядзьведзікаў Тэдзі, напрыклад. У іншых выпадках, як кажуць, у топку.

Кнігі з любоўным сюжэтам

Кніга — добры падарунак, але выданне выданню не роўнае. Ёсць шанец, што пасля чытання кнігі Дар'і Данцовай «У ложку з Кінг-Конгам» партнёр пачне патрабаваць такіх жа жарсцяў у вашых адносінах. А дачытаўшы парады па тым, як стаць шчаслівым, вырашыць атрымліваць асалоду ад жыцця ў адзіноце.

Скрыначкі-сейфы

Спрэчны падарунак. Калі дорыце штосьці, у назве чаго ёсць «Чорны дзень», вы быццам намякаеце, што ён хутка настане.

Шкарпэткі і майткі

Разам з кубкамі гэта ўваходзіць у топ самых банальных падарункаў, якія даўным-даўно ўсім надакучылі. З іншага боку, шмат шкарпэтак не бывае. Тым больш, такіх пазітыўных, што нібы кідаюць выклік.

Алкаголь

Незразумела, навошта спойваць свайго маладога чалавека ці дзяўчыну. А тут яшчэ і быццам адначасова іранізаваць. Маўляў, пакуль што будзь задаволены вось такой машынай.

Паштоўкі

Атрымліваць валянцінкі было прыемна ў школе, а цяпер найбольшае задавальненне ад іх куплі атрымліваюць гандляры, якім вы дапамагаеце зарабляць. Лепш зрабіце паштоўку сваімі рукамі. Ці проста скажыце галоўныя словы ў вочы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?