Фота: president.gov.by

Я папрасіў Аляксандра Лукашэнку прыняць мяне па адной прычыне: сітуацыя ў краіне складваецца такім чынам, што ў небяспецы можа апынуцца Беларусь. І яе лёс, лёс нацыі, лёс народа залежыць не толькі ад Аляксандра Рыгоравіча. Многае, вельмі многае залежыць ад кожнага з нас.

Я, шчыра кажучы, не хачу, каб мы згубілі тое, да чаго, ахвяруючы жыццямі, імкнуліся нашы продкі на працягу многіх вякоў. Сёння Беларусь — незалежная, суверэнная краіна. На нашай зямлі мір і спакой.

На жаль, можа наступіць (ці ўжо наступіла?) чорная паласа з-за мноства абставін. Як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных. Аналізаваць, рабіць высновы трэба, але не час пасыпаць галаву попелам і не час распальваць варожасць адзін да аднаго. У цяжкі, складаны перыяд нам, як ніколі, патрэбна нацыянальная згода, дыялог, а не грамадзянскія сутычкі. Усе спрэчкі, усе канфлікты цывілізаваныя людзі вырашаюць мірным шляхам. А я лічу, што мы, беларусы, — цывілізаваная нацыя. І, спадзяюся, пацвердзім гэта падчас чарговых выпрабаванняў.

У мяне сям’я, ёсць дзеці, унукі. Я працую з людзьмі, якім таксама ёсць чым даражыць. Штодзень чытаю рэдакцыйную пошту і востра адчуваю боль грамадства: не дай Бог, каб палыхнула наша зямля! Нам ні ў якім разе не трэба дапусціць тых жудасных падзей, якія ў апошнія гады паставілі на мяжу выжывання многія краіны, многія нацыі.

Мы не першыя апынаемся ў надзвычай складанай сітуацыі. Праз цяжкія выпрабаванні прайшлі многія народы. Пройдзем і мы. І добра было б, каб страты аказаліся найменшымі.

Падчас сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам, а яна доўжылася амаль дзве гадзіны, я пераканаўся: як прэзідэнт ён сёння не той, якім быў пятнаццаць-дваццаць гадоў таму. Нават, магчыма, не той, якім быў летась-пазалетась. Знаходзячыся ў руля ўлады, ён, як ніхто іншы, адчувае небяспеку, якая, калі не прымаць рашучых захадаў, можа навіснуць над краінай.

Ці ўсё залежыць ад яго? Многае, але не ўсё. Адзін у полі не воін. Сваё слова павінен сказаць народ, і толькі агульныя высілкі могуць даць станоўчы плён. Нас, беларусаў, амаль дзесяць мільёнаў. Велізарная сіла!

Як салідарызавацца і разам пераадолець тыя перашкоды, якія ўзніклі на шляху развіцця суверэннай Беларусі? Адказ на гэтае лёсавызначальнае пытанне я і шукаў у дыялогу з прэзідэнтам А.Р. Лукашэнкам. Пераканаўся: у такіх жа пакутных пошуках і Аляксандр Рыгоравіч.

Усё часцей і часцей у выступленнях А.Р. Лукашэнкі гучаць словы, што не за гарамі той дзень, калі яго прэзідэнцтва наблізіцца да завяршэння. Але змена ўлады павінна адбыцца не праз крывавы майдан, не праз грамадзянскую калатнечу і не праз страту нашага самага найвялікшага здабытку — Незалежнасці. Адчуваецца, ён хоча перадаць краіну ў другія рукі не разваленую, не са знішчанай эканомікай і жабрацкім дабрабытам людзей, а жыццядзейную, спакойную, суверэнную. Мірна, дэмакратычна, цывілізавана, а не праз барыкады і закалоты.

Пагадзіцеся, іншай альтэрнатывы ў беларусаў няма. Трэба разам знайсці шляхі выхаду з цяжкай сітуацыі, якая склалася ў апошнія месяцы. І вось тут наша размова выйшла на канкрэтныя варыянты магчымага агульнанацыянальнага дыялогу. Я, не паглыбляючыся ў дэталі, накідаў схему наконт таго, як, на мой погляд, можна арганізаваць работу «Нацыянальнага круглага стала». Прыклад многіх краін, у тым ліку і нашай суседкі Польшчы, сведчыць, што, калі дзяржава паўстае перад надзвычай цяжкімі выпрабаваннямі, яна павінна ў першую чаргу вырашыць лёсавызначальную праблему — салідарызаваць грамадства. Тут, дарэчы, трэба ўзгадаць народную мудрасць: адна галава — добра, а дзве — лепш. І я прапанаваў Аляксандру Рыгоравічу паспрыяць таму, каб самыя разумныя галовы Беларусі — няхай іх будзе сто, дзвесце — селі разам з прадстаўнікамі ўлады за адзін круглы ці квадратны стол і памазгавалі над праблемай, якая сёння хвалюе, трывожыць усіх, хто жыве ў Беларусі: як, пакуль не позна, адвесці тыя пагрозы, якія чорнымі хмарамі навісаюць над краінай? Ні я, ні прэзідэнт не маем права ў гэты адказны час ставіць на першае месца свае асабістыя інтарэсы.

Падчас спакойнага, разважлівага дыялогу выйшлі на тэму адказнасці ўсіх галін улады за лёс Беларусі. Я выказаў думку, што «вертыкаль» як форма кіравання дзяржавай патрабуе карэннага рэфармавання. У сваю чаргу Аляксандр Рыгоравіч звярнуў увагу на тое, што наступіў час перагляду некаторых артыкулаў Канстытуцыі.

І, вядома ж, размаўляючы з прэзідэнтам, я не мог не выканаць даручэнне сваіх калег: давесці да Аляксандра Рыгоравіча інфармацыю, што вось ужо колькі гадоў шэраг незалежных рэгіянальных газет пазбаўлены мясцовымі чыноўнікамі права свабодна распаўсюджвацца праз кіёскі, падпісныя каталогі, ёсць перашкоды з друкам. Сорамна, каб з-за такой дыскрымінацыі Беларусь на міжнародным узроўні шпілялі за ўціск СМІ, адсутнасць свабоды слова. Пачуўшы мае разважанні, А. Лукашэнка сказаў: «Лічыце, што ўсе сродкі масавай інфармацыі ў нашай краіне з сённяшняга дня будуць мець аднолькавыя правы».

Я пішу гэтыя радкі, а праз кожныя пяць-шэсць хвілін раздаецца тэлефонны званок, і мне задаюць адно і тое ж пытанне: «Як вы ацэньваеце сустрэчу з прэзідэнтам?» Адказ такі: «Ужо тое, што яна доўжылася амаль дзве гадзіны, дае падставы зрабіць наступную выснову: яна была карыснай для двух бакоў — і для мяне, і для прэзідэнта».

У першых радках ліста я падкрэсліў: сустрэча з А.Р. Лукашэнкам праходзіла з вока на вока. І гэтая акалічнасць таксама пра многае сведчыць. На жаль, ні газетная плошча, ні графік выхаду газеты не дазваляюць мне падрабязна спыніцца на кожным фрагменце нашага дыялогу.

Іосіф Сярэдзіч: Пакуль Беларусь не палыхнула, трэба садзіцца за круглы стол

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру