Падчас сустрэчы 13 лютага з Аляксандрам Лукашэнкам галоўны рэдактар газэты «Народная Воля» Ёсіф Сярэдзіч выступіў з прапановай правесьці агульнанацыянальны круглы стол. Паводле Сярэдзіча, гэтую прапанову прэзыдэнт прынамсі не адкінуў.

«Я, наадварот, пачынаў з прапановаў, што трэба знаходзіць пагадненьне з усімі кампанэнтамі нашага грамадзтва. Я ўспомніў таго ж Ярузэльскага. У крытычны час для палякаў Ярузэльскі ініцыяваў нацыянальны польскі круглы стол. Я думаю, што над гэтай прапановай задумаецца і Лукашэнка, і я не выключаю, што такая магчымасьць будзе. Трэба садзіцца і спакойна вырашаць», — сказаў Сярэдзіч у інтэрвію Свабодзе.

Усе апытаныя Свабодай патэнцыйныя ўдзельнікі такога дыялёгу лічаць, што нацыянальны круглы стол з шырокім прадстаўніцтвам крытычна неабходны, і гатовыя ўзяць удзел у ім.

Статкевіч: Гатовы ўдзельнічаць, калі там будуць палітычныя апанэнты

Адзін з апазыцыйных лідэраў, былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч лічыць, што дыялёг — гэта лепш, чым канфлікт, тым больш у сытуацыі, «калі незалежнасьць Беларусі апынулася перад пагрозай».

«Але дыялёгі бываюць розныя. Сапраўдны дыялёг — калі ў ім удзельнічаюць апанэнты, напрыклад, вядомы нацыянальны польскі круглы стол, арганізаваны Ярузэльскім у Польшчы ў часы «Салідарнасьці». І дыялёг-імітацыя, прыкладам якога можа быць нядаўняя «Вялікая размова з прэзыдэнтам»».

Мікола Статкевіч лічыць, што ідэя нацыянальнага дыялёгу ўзьнікла не падчас сустрэчы Лукашэнкі і Сярэдзіча.

«Я ведаю, што дыпляматы беларускага рэжыму ўжо «прадаюць» ідэю нацыянальнага дыялёгу. Нездарма заходнія дыпляматы мне ўжо задавалі пытаньне, ці буду я ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве. Ідэя ўжо даўно гуляе, але сёньня яна была агучаная публічна. Што да мяне, то я ня супраць сапраўднага дыялёгу. Таму браў бы ўдзел толькі ў дыялёгу, дзе дыскутуюць апанэнты, а ня тыя, хто імітуе апазыцыйную дзейнасьць».

Трусаў: Зраблю лікбез па гісторыі для чыноўнікаў

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў мае досьвед удзелу ў мерапрыемствах, дзе дыскутуюць апанэнты, ён браў удзел у дарадчай радзе пры Ўладзімеру Макею, час ад часу яго запрашаюць на ток-шоў на беларускім тэлебачаньні.

«Любы дыялёг — гэта лепей, чым грамадзянская вайна. Тым больш што цяпер сытуацыя такая, зьнешняя пагроза з боку Ўсходу нарастае з кожным днём. Таму пара выпрацоўваць агульныя думкі, як з гэтым змагацца, а не спрачацца, хто будзе наступным прэзыдэнтам. Нацыя заўсёды моцная тым, што ў час «Х» яна можа аб'яднацца, паказаць, што, нягледзячы на рознае бачаньне ўнутраных спраў, зьнешнія справы павінны вырашацца кансалідавана. Таму ідэю дыялёгу я падтрымліваю і буду з задавальненьнем у ім удзельнічаць, калі такая прапанова паступіць».

Алег Трусаў дадаў, што ў выпадку, калі яго запросяць на нацыянальны дыялёг, будзе на ім гаварыць пра патрыятычнае выхаваньне ў Беларусі:

«Я за тое, каб цалкам яго зьмяніць. Нам трэба канцэпцыя патрыятычнага выхаваньня ад дзіцячага садку да войска. Каб беларусы ганарыліся нашай краінай, а ня тым, што мы «рускія са знакам якасьці». Цяпер наша праблема — гэта адсутнасьць нармальнага патрыятычнага выхаваньня на ўсіх узроўнях грамадзтва. Я б зрабіў лікбез для ўсіх чыноўнікаў, адправіў бы іх на курсы беларускай мовы і гісторыі Беларусі».

Янукевіч: Галоўнае, каб нацыянальны дыялёг ня стаў маналёгам

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч згодны зь Міколам Статкевічам і Алегам Трусавым — удзельнічаць у дыялёгу трэба, пытаньне зьнешняй бясьпекі варта разглядаць найперш.

«Сапраўдны шырокі нацыянальны дыялёг крытычна неабходны. І для таго, каб ратаваць незалежнасьць Беларусі, якая цяпер пад вельмі вялікай пагрозай, і для таго, каб ратаваць грамадзтва і эканоміку. На жаль, у закрытай палітычнай сыстэме, якая пануе ў Беларусі, дэградуе грамадзтва, дэградуе ўлада, дэградуе апазыцыя, дэградуе краіна. Для таго каб гэта спыніць, а таксама надаць імпульс разьвіцьцю, такі дыялёг неабходны. Я быў бы гатовы браць удзел у такім дыялёгу ў любой форме. Але гэта павінен быць сапраўдны дыялёг. Гэта значыць, што з боку Аляксандра Лукашэнкі павінна быць палітычная воля і жаданьне гэта зрабіць. Таму што прыйсьці і паслухаць яго маналёг, як тое было падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам», і ў лепшым выпадку задаць пытаньне — гэта ўсё ж такі не дыялёг. Дыялёг мае на ўвазе, што апанэнты размаўляюць на роўных».

Янукевіч дадаў, што апроч пытаньняў, зьвязаных са зьнешняй бясьпекай Беларусі, БНФ прапанаваў бы таксама разгледзець эканамічныя і, так бы мовіць, геапалітычныя рэформы.

«Патрэбны шырокі комплекс, які БНФ можа прапанаваць. Сюды ўваходзіць умацаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці праз патрыятычнае выхаваньне і вяртаньне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай, абавязковае яе выкарыстаньне на афіцыйным узроўні, а таксама шэраг сыстэмных рынкавых рэформаў, значна больш рашучыя крокі ў бок інтэграцыі Беларусі ў міжнародную супольнасьць і адмовы ад прывязкі да Расеі».

Гулак: У праваабаронцаў заўсёды ёсьць што сказаць дзяржаве

Кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак падтрымлівае ідэю нацыянальнага дыялёгу, незалежна ад формы яго правядзеньня:

«Наша пазыцыя такая, што дыялёг патрэбны заўсёды і ў любых формах. І таму, калі такая прапанова рэальна абмяркоўваецца, то трэба быць толькі за. У праваабаронцаў заўсёды ёсьць парадак дня, які можна абмяркоўваць — грамадзянскай супольнасьці заўсёды ёсьць пра што пагаварыць зь дзяржавай. Вялікае пытаньне, наколькі бакі ўжо гатовыя, але ў любым разе дыялёг патрэбны, нават калі гэта выглядае складана».

У шэрагу пытаньняў, зь якім б Алег Гулак узяў удзел у дыялёгу, — сьмяротнае пакараньне, а таксама правы чалавека.

«Ёсьць пытаньні, якія трэба вырашаць па сутнасьці — напрыклад, сьмяротнае пакараньне. Разам з тым ёсьць пытаньне больш шырокага ўвядзеньня ў практыку падыходаў, якія б грунтаваліся на правах чалавека».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?