Пачатак мінулага стагоддзя быў вельмі прынадны для даследавання сваёй ідэнтычнасці. Першую спробу зрабіў Максім Гарэцкі ў «Дзвюх душах». Пасля філосаф Ігнат Абдзіраловіч дакладна сфармуляваў праблему гістарычнага шляху Беларусі: «Беларусь як граніца паміж Усходам і Захадам». У варунках зменлівага грамадска-палітычнага жыцця, руху межаў і культур, Абдзіраловіч заклікаў ісці сваім, адвечным шляхам. Годам пазней выйшла з друку п'еса Янкі Купалы «Тутэйшыя», дзе паэт ў сваю чаргу аналізаваў беларускую самаідэнтыфікацыю.

Паступова пошукі сябе ў беларускай памежнасці сціхлі, каб зноўку распачацца ў новым, ХХІ стагоддзі.

Беларускі архіў вуснай гісторыі некалькі гадоў прысвяціў даследаванню колішняй савецка-польскай, так званай Рыжскай мяжы. У межах экспедыцый быў выяўлены цікавы факт. Жыхары абедзвюх частак, якія яшчэ зусім нядаўна маглі жыць у адной вёсцы, падзеленыя мяжой сталі маркіраваць адно другога як «заходнікаў» ды «усходнікаў».

Аб гэтых вобразах на падставе сабраных ўспамінаў распавядзе Вольга Іванова, кандыдат гістарычных навук, аўтар артыкула «Заходнікі» і «усходнікі» ва ўспамінах жыхароў былога савецка-польскага пагранічча». Яна паспрабуе адказаць на пытанні пра ментальныя, культурныя і сацыяльныя адрозненні паміж «заходнікамі» ды «усходнікамі», асаблівасці самаідэнтыфікацыі, а таксама пра тое, чаму гэты падзел захаваўся і сёння.

Кандыдат філасофскіх навук, літаратар Ігар Бабкоў, які даўно даследуе памежжа як экзістэнцыйны феномен, не будзе засяроджвацца на пэўным гістарычным прэцэдэнце. Яго даклад «Беларускі кантэкст: ад памежжа ідэнтычнасцяў да ідэнтычнасці памежжа» дапаможа зразумець, якім чынам на нашай карціне свету адбілася знаходжанне на перасячэнні культур і традыцый.

Філосаф Бабкоў у сваім эсэ «Этыка памежжа: транскультурнасць як беларускі досьвед» (1999) сцвярджаў, што Беларусь жыве ў стане вайны культураў. Аднак, у адным з апошніх інтэрв'ю адзначыў, што «беларуская барыкада», якая бачылася падставай для стварэння новай беларускай ідэнтычнасці, знайшла свой скон пасля 2014 года. І цяпер зноў трэба вызначаць, якая будучыня чакае Беларусь і што мы самі з сябе ўяўляем.

Сустрэча адбудзецца 22 лютага ў 18.30 у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25). Уваход вольны.

«Клуб вуснага гісторыка» — сумесны праект «Беларускага архіва вуснай гісторыі» і «Гістарычнай майстэрні». Гэта пляцоўка, дзе абмяркоўваюцца важныя і малавядомыя тэмы з гісторыі ХХ стагоддзя, актуальныя для сучаснага беларускага грамадства.

«Заходнікі» і «усходнікі» ва ўспамінах жыхароў

«Этыка памежжа…»

«КЛУБ ВУСНАГА ГІСТОРЫКА»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0