Беларускі ўжо другі раз ладзяць такую акцыю.

Чаму менавіта танец? «Танец небяспечны і прыносіць радасць, сэксуальны і святы, ён разбурае і зараджае, ён парушае правілы. Ён можа адбыцца дзе заўгодна і калі заўгодна, з любой і кожнай, цалкам бясплатна. Танец патрабуе ад нас займаць прастору, мы займаем яе разам, у супольнасці. Танец аб'ядноўвае нас і прымушае рухацца далей, вось чаму ён у цэнтры акцыі «ONE BILLION RISING», — тлумачыць арганізатарка руху Іў Энцлер.

Арганізатарамі флэшмобу сёлета выступілі актывісты сацыяльна-спартыўнага праекта «Здольная». Дзякуючы іх ініцыятыве, у студыі танцаў і фітнэсу «ZAMES STUDIO» сабраліся жанчыны рознага ўзросту, каб станчыць пад песню «Brake the Chain» і такім чынам выказаць сваё «не» любым формам гвалту.

«Хтосьці запытаецца: якім чынам флэшмоб можа дапамагчы праблеме? Ад гэтага ж ні горача, ні халодна тым, хто ад яе пакутуе. Але я хачу сказаць, што для мяне гэта публічны жэст у падтрымку людзей, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя абставіны. Яны павінны ведаць, што выхад ёсць, што ёсць розныя арганізацыі, якія дапамогуць. Напрыклад, «Радзіслава», дзе можна знайсці сховішча. Але галоўнае — разумець, што ты можаш нешта змяняць, шукаць і знаходзіць падтрымку», — распавяла пра асноўныя задачы флэшмобу арганізатарка праекта «Здольная» Ганна Бандарэнка.

«Сімвалічна, што флэшмоб праходзіць у Дзень святога Валянціна: каханне — гэта крута, але яшчэ больш важна, каб адносіны былі здаровымі і партнёры паважалі адно аднаго. А танец — гэта добрая форма прыцягнення грамадскай увагі», — дадала Паліна Лахманенка, адна з удзельніц.

Кожная трэцяя жанчына ў свеце пакутуе ад гвалту ў сям’і. Беларусь — не выключэнне. Па афіцыйных дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, забойствы і наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў блізкім складаюць пятую частку ўсіх злачынстваў.

Летась у Беларусі было здзейснена 2539 злачынстваў у сферы сямейных адносін, але многія жанчыны, на жаль, замоўчваюць асабістыя праблемы і не звяртаюцца ў праваахоўныя органы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?