Пару месяцаў засталося да Еўрабачання, дзе нашую краіну прадставіць беларускамоўны гурт NaVi, які выбухнуў на ўсю Беларусь са сваёй песняй «Гісторыя майго жыцця». 

Але ў інтэрнэце шырацца меркаванні, што файная песня — гэта толькі палова справы. Для Еўрабачання, маўляў, трэба арганізаваць і шоу.

Што б параіла «Наві» Алена Ланская, колішняя ўдзельніца конкурса?

«Я асабіста думаю, што гурт і так малады і вясёлы. Цудоўна глядзіцца на сцэне. Але ёсць некаторыя нюансы, якія мяне трохі палохаюць. Так, мне давялося выступаць у Мальмё перад 40-тысячнай залай. А калі няма гастрольнай практыкі, то ў такой сітуацыі можа стаць страшна. Другі момант — песня па-беларуску. Гэта цудоўна насамрэч, — мы нясем нашую культуру ўсёй Еўропе. Але па статыстыцы песні на нацыянальнай мове выйграюць вельмі рэдка. Я кажу гэта не таму, што не хачу, каб яны перамаглі, не. Я заўсёды за нашых прадстаўнікоў. Але ўзгадваю словы прадзюсараў і спецыялістаў, якія былі ў мой час, і словы тых жа грэчаскіх спецыялістаў, якія кожны год супрацоўнічаюць з той ці іншай камандай на Еўрабачанні, яны заўсёды аперавалі тым, што мусіць быць англійская мова, каб твор быў зразумелы для ўсіх выканаўцаў і слухачоў», — сказала Ланская.

«Кіркораў, з якім я мела магчымасць папрацаваць, казаў, што нумар павінен быць яскравым. Еўрабачанне — гэта начны конкурс. Людзі хочуць спаць, пазяхаюць. Могуць адыйсці. А калі нумар будзе пасля рэкламы, то могуць увогуле не паспець паглядзець твой нумар. То бок ёсць шмат нюансаў. Зноў жа, калі не скажу пра палітыку, то пакрыўлю душой. Тут усё ў комплексе — ацэнка выступу, вакалу і палітычная сітуацыя. Сёлета за нас добра прагаласуе Украіна, мне здаецца. Магчыма, Расія. Але не факт — падчас майго выступлення Расія не дала ніводнага бала», — дадала спявачка.

«Летась Еўрабачанне падалося мне слабым, нельга было вылучыць яскравы нейкі нумар і стыль. Я за індывідуалізм! І тут у прадстаўнікоў нашай краіны ўсё добра. Я ім зычу поспехаў, заўзею за «Наві» і шчыра хачу, каб мы ўрэшце перамаглі і прывезлі конкурс у Беларусь», — рэзюмавала Ланская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?