Глядзець беларускае кіно і размаўляць пра яго — дэвіз новай ініцыятывы «Сваё кіно»

прадзюсараў Леаніда Каліцені і Наталлі Бружнік, які стартаваў на пачатку месяца. Мінскі «Арт-кінатэатр» — як сталая пляцоўка, і Антон Сідарэнка, кінакрытык і кінаблогер, — як вядоўца і мадэратар дыскусій пра новы беларускі кінематограф, здольны падымаць вострыя пытанні. Напрыклад, пра размеркаванне: «Сваё кіно» распачалося паказам стужкі рэжысёра Дар’і Кароль «Test-730» і яе бурным абмеркаваннем.

Прадоўжыцца праект 22 лютага фільмам «Аномія» Уладзіміра Казлова.

З чаго нарадзілася «Сваё кіно»? Ці здольны сёння беларускі актуальны кінематограф прывабіць гледача? Ці лёгка зладзіць яго сталыя паказы ў сталічных і рэгіянальных кінатэатрах? Аб гэтым размаўляем з прадзюсарам, кіраўніком Цэнтра сучаснай культуры «Бягучая чарапаха» Наталляй Бружнік.

Дыстрыб’ютар? Гучна сказана!

— Наталля, як я разумею, ваш праект нарадзіўся з фестывалю беларускага кіно «Бульбамуві» ў Мінску, прадзюсарам якога вы з’яўляліся. У вас быў досвед пракату стужак маладых кінематаграфістаў па рэспубліцы, і вы ўрэшце вырашылі зрабіць асобную ініцыятыву?

— У пэўнай ступені, так. «Бульбамуві» сталася той падставай, якая дазволіла нам прыйсці да высновы, што неабходныя сталыя, рэгулярныя паказы беларускага кіно. Мы сапраўды ладзілі апошнія ў межах фестывалю і адзначылі зацікаўленасць публікі ў айчынным кінематографе, неабходнасць, уласна, саміх рэжысёраў, аўтараў у шчырай размове з гледачом. Гэты досвед і падштурхнуў да асобнага праекта, які не быў бы прывязаны да форуму, а ладзіўся на працягу года. Мы плануем ладзіць паказы раз на месяц і развіваць сталую цікавасць да фільмаў беларускіх аўтараў. Задача, можна сказаць, амбітная, але мы верым і ў яе бізнэс-патэнцыял.

— Хто ў вашай камандзе?

— Ініцыятыву падтрымаў «Арт-кінатэатр» — вялікі дзякуй яму за гэта, бо для нас вельмі істотна ладзіць паказы менавіта ў камфартабельнай кіназале. Таксама праект не склаўся б без праграмнага дырэктара: яго «пасаду» ў нас займае кінакрытык Антон Сідарэнка. Яго густу і прафесіяналізму мы цалкам давяраем. За прамоўшн і прадзюсарства адказвае Леанід Каліценя, адміністрацыйная праца — за мной, піяр-менеджар — Ганна Самарская.

— Ці можна сказаць, што «Сваё кіно» ў пэўнай ступені заняло пазіцыю дыстрыб’ютара беларускага кіно?

— У пэўнай ступені так, але тое гучна сказана. Не тыя зборы. Для нас па-ранейшаму вельмі хваравітае пытанне пошуку фінансавання. Нягледзячы на тое, што мы прадаём квіткі на сеансы, не акупляецца і дзясятая частка таго, што ўкладваецца ў праект. Частка выручкі ідзе кінатэатру — яму трэба заплаціць за арэнду. Таксама мы плацім ганарар аўтару. Для нас гэта, лічы, яшчэ адно пасланне «Свайго кіно» — выбудоўваць і фінансавыя стасункі паміж гледачом і стваральнікамі фільма. Нават калі гэта ўзнагароджанне невялікае, усё роўна мы імкнёмся адпавядаць агульнапрынятай практыцы сусветнага кінапракату. У дачыненні да беларускага кіно, давайце будзем шчырымі, гэта назіраецца вельмі рэдка, калі ўвогуле назіраецца. Але паважлівае стаўленне да творцы трэба выбудоўваць.

Фота Алісы Ахрамовіч.

Фота Алісы Ахрамовіч.

У нас ужо ёсць досвед пракату стужак фестывалю «Бульбамуві» па рэспубліцы. Не ў кінатэатрах, праўда, а ў арт-прасторах. І гэты досвед пацвердзіў, што беларускае кіно здольнае прыцягнуць увагу гледача. Так, калі мы пачыналі, то на нашы сустрэчы прыходзіла не болей за дзесяць чалавек, і яны шчыра здзіўляліся, што ёсць беларускае кіно. Сёння ўжо ў тыя самыя месцы, калі ладзіцца паказ, прыходзіць трыццаць-пяцьдзясят чалавек, і тое размова іншага ўзроўню. Гледачы актыўна ўключаюцца ў гутарку і задаюць пытанні не толькі кшталту «колькі па часе вы рабілі сваю карціну?». Аўдыторыя пачала фарміравацца і падцягвацца. Гэта, вядома, дае спадзевы на акурат той самы працэс, на зрухі і ў рыначных стасунках, пра якія мы з вамі гаворым. Але пакуль назваць сябе дыстрыб’ютарамі — гэта вельмі гучна.

Толькі асобныя «ўсплёскі» цікавасці

— Сёння мінскі кінаасяродак ўяўляе сабой даволі насычаную карту падзей: з’яўляюцца разнастайныя фестывалі, ладзяцца асобныя праекты розных каманд і ініцыятыў, ды паступова і «Мінскі кінавідэапракат» пачынае ўцягвацца ў пракат беларускага кіно. Вядома, казаць пра сталае супрацоўніцтва зарана, але цікава параўнаць з той сітуацыя, што адбываецца ў рэгіёнах…

— Так, у Мінску незалежны беларускі кінематограф падтрымліваецца самымі рознымі ўдзельнікамі. Ёсць не толькі фестывалі, а з’яўляюцца прадзюсары белкіно, фарміруецца кола кінакрытыкаў, прыватныя кінатэатры пачалі ставіцца да яго не так катэгарычна. Агульны рух ідзе. У той час як у рэгіёнах назіраюцца толькі асобныя «ўсплёскі» цікавасці да белкіно, калі не маўчанне.

— Гэта ў першую чаргу датычыцца абласнога кінавідэапракату?

— Так. Кожная вобласць — гэта асобная дзяржава, якая самастойна прымае рашэнне дэманстраваць кіно на сваіх экранах ці не. Мы ладзілі кінематаграфічныя сустрэчы ў арт-прасторах, як ужо адзначала, але былі спробы выйсці і на кінатэатры. Часам гэтыя высілкі абарочваліся проста казусамі.

Напрыклад, неяк у адным абласным горадзе прапаноўвалі зрабіць паказы беларускай дакументалістыкі. Вядома, тое спецыфічны прадукт, але чаму айчыннае дакументальнае кіно мусіць дэманстравацца толькі на фестывалях, так? Кіруючыся такой логікай, мы звярнуліся да абласнога кінавідэапраката. У нас было пракатнае пасведчанне ад Міністэрства культуры, усё абсалютна легальна. Урэшце — нам з адказам прамарудзілі два месяцы, а потым сказалі наступнае: «Бярыце ў арэнду залу кінатэатра — і там рабіце, што хочаце. Хоць вяселле». Як да гэтага ставіцца? Як да нежадання супрацоўнічаць? Як да непавагі, у тым ліку да беларускіх фільмаў? Не ведаю. Спадзяюся, што ўсё ж айчынныя кінапракатчыкі заўважаць рух, які адбываецца ў Мінску, і далучацца да яго. Здаецца, мы мусім разам рабіць адну справу.

Фота Алісы Ахрамовіч.

Фота Алісы Ахрамовіч.

— Напэўна, у іх ёсць нейкія перасцярогі?

Напэўна, сярод іншых, не зразумелых для мяне прычын, ёсць і рызыка таго, што на падобны прадукт не падцягнецца глядач. Але трэба працаваць з гэтым. Так, спачатку на сеанс, можа, прыйдзе дзесяць чалавек, як у нас і было. Але праз пэўны час дойдзе і яшчэ трыццаць. Сёння беларускі медыяэфір запоўнены замежным кантэнтам: і па тэлебачанні, і ў кінатэатрах — да 80% замежная прадукцыя. Дзе, увогуле, людзі могуць убачыць сваё актуальнае кіно? Дзе, у рэшце рэшт, яго ацаніць? Таму і не трэба здзіўляцца, што беларус ставіцца да айчынных фільмаў як да экзатычнай стравы. Ён зараз глядзіць на іх і раздумвае: каштаваць ці не? Купляць ці не? Таму мы ў «Сваім кіно» і выкарыстоўваем фармат не звычайнага паказу, а ладзім кінамерапрыемства разам з кінакрытыкам, калі прапаноўваецца асэнсаваць убачанае, абмеркаваць фільм. Гэта ўсё неабходныя ды і творчыя захады дзеля таго, каб разбурыць у дачыненні да беларускага кіно стэрэатып дрэннага прадукту.

Хто за што адказвае — інфармацыі няма

— Улічваючы тое, што закранаем зараз усе этапы, якія праходзіць дыстрыб’ютар беларускага кіно, не абмінем і надзённае пытанне атрымання пракатнага пасведчання на фільм… Як склаўся ваш досвед у гэтым кірунку?

— Наш досвед з атрыманнем пасведчанняў ад Міністэрства культуры быў і станоўчым, і адмоўным: вы ведаеце сумнавядомую гісторыю з «Яечняй па-беларуску». Але быў і такі прыклад, калі ведамства паказала сябе са станоўчага боку. Аднойчы мы прасілі паскорыць тэрміны выдачы пасведчання — і нам пайшлі насустрач.

Сёння перад пракатчыкамі стаіць ужо іншая праблема: згодна з пастановай Савета Міністраў №21 ад 12 студзеня 2017 года, за выдачу рашэння аб кваліфікацыі (раней — выдача пасведчанняў) зараз адказвае Інстытут культуры Беларусі (Інбелкульт). Працэдура дакладна прапісана ў пастанове, але хто за што адказвае ва ўстанове — дазнацца не ўдаецца, інфармацыі няма. Для нас тое сапраўдны галаўны боль! Выйшла на днях датэлефанавацца да спецыяліста, але ён адказаў, што ў яго абавязках адно ўзроставая кваліфікацыя фільмаў. А што рабіць з падобнымі фарматамі, як наш? Што рабіць з фестывалямі? Пытанняў мноства, і адказаў пакуль на іх няма.

Гледачы фестывалю «Бульбамуві» ў Берасці. 

Гледачы фестывалю «Бульбамуві» ў Берасці. 

— Зыходзячы з вашых адказаў, можна зрабіць выснову, што давесці да гледача беларускае кіно, якое апошнім часам ажывае за кошт маладых кінематаграфістаў, праз вялікі экран не так і лёгка…

— Я шмат гадоў прапрацавала ў бізнэсе, і магу зазначыць, што сітуацыя там складваецца не лепшым чынам. Не толькі з-за таго, што крызіс, а што кіраўнікі, з якімі мне даводзілася супрацоўнічаць, нічога не хочуць мяняць. У сферы беларускага кіно ў параўнанні з бізнесам яшчэ ёсць адчуванне, што штосьці зварушыць магчыма. Няхай і такімі маленькімі крокамі.

Ведаеце, 2016 год, лічу, быў пераломным часам у беларускім кіно. Гэта дае спадзевы на лепшае. Насамрэч, сёння актуалізуюцца многія моманты: і пытанне супрацоўніцтва з дзяржавай, і дамоўленасці паміж кінасуполкамі. Ці ўдасца нам дамовіцца, каб не перашкаджаць адзін аднаму? Ці здолеем выйсці на нармальныя канкурэнтныя стасункі? Ці стануць лепшымі ў якасці ў выніку нашы праекты? Сказаць, што ў дасягненні гэтага нам перашкаджае дзяржава — гэта схлусіць.

Як бы там ні было — урэшце наступны паказ «Сваё кіно» адбудзецца. Запрашаю ўсіх на мінскую прэм’еру карціны Уладзіміра Казлова «Аномія», якая адбудзецца 22 лютага. На паказе будзе сам аўтар, які сёння жыве і працуе ў Расіі, але яго радзіма — Магілёў, і, мяркую, мы ў праве назваць гэтага рэжысёра і літаратара са своеасаблівым поглядам на свет сваім. Тым больш узнікае яшчэ адна падстава для дыскусіі: а што вызначае нацыянальную прыналежнасць кіно? Што робіць аўтара расійскім альбо беларускім?

P.S. Дарэчы, на днях праект атрымаў адмову ў паказе стужкі «Аномія» ў Магілёве ад Магілёўскага кінавідэапраката. «Згодна з рашэннем рэпертуарнай камісіі, фільм «Аномія» не будзе дэманстравацца ў кінатэатры «Радзіма» — значылася ў лісце. Прытым што стужка мае дазвол на паказ у Мінску, вобласць не выказала цікаўнасці ў карціне свайго суайчынніка, адзначанай на Варшаўскім форуме і Нямецкім фестывалі ў Манхайме-Хайдэлбергу. Ці гэта трэнд з боку рэгіёнаў у дачыненні беларускага кіно альбо прыкрае выключэнне?

У Мінску паказ «Аноміі»ў сіле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?