У сацыяльных сетках набірае сілу заклік прыйсці 26 лютага на цэнтральную плошчу Віцебска з патрабаваннем адмяніць дэкрэт №3 аб «утрыманцах».

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Абвестка змешчаная ў самай буйной гарадской суполцы Укантакце «Гэта Віцебск, дзетка». Суполка налічвае больш за 100 тысяч падпісчыкаў.

«Віцебск, 26 лютага а 12 гадзіне збіраемся на цэнтральнай плошчы, падыміце сваю задніцу, падумайце, за якую будучыню вы маўчыце! Хопіць адседжвацца дома! Разам мы — сіла!» — гаворыцца ў паведамленні.

Агулам гэты пост сабраў больш за 1,5 тысячы лайкаў, а яшчэ 370 карыстальнікаў падзяліліся допісам.

Каментароў набралася таксама больш за паўтысячы. Збольшага людзі настроеныя рашуча і гатовыя выходзіць на вуліцу. Праўда, некалькі каментатараў згадалі, што ў гэты дзень у Віцебску маюць святкаваць Масленіцу.

Таксама гарачыя спрэчкі зайшлі, ці прыносіць сцягі. Тут людзі падзяліліся. Адны казалі, што неабходныя бел-чырвона-белыя палотнішчы, іншыя мяркуюць, што ніякай сімволікі быць не павінна.

Каардынатарка хрысціянскай дэмакратыі па Віцебску Таццяна Севярынец кажа, што мае намер падтрымаць акцыю 26 лютага.

«Падтрымаем, канечне. Шмат працы намі было праведзена па адмене дэкрэту №3. Але радуе тое, што людзі самі арганізоўваюцца», — расказвае нам Таццяна Севярынец.

Яна кажа, што акцыю арганізоўвае жанчына, якая не ўдзельнічала раней у апазіцыйных партыях ці арганізацыях. «Гэта звычайная жанчына, якая брала ўдзел у абароне парка, калі там хацелі пабудаваць Сафійскі сабор».

Пры гэтым Таццяна Севярынец адзначае, што ў Віцебску шмат прарасійскіх элементаў, але яна ўпэўненая, што ім удасца не дапусціць, каб мітынг пайшоў у прарасійскім рэчышчы.

Палітык Мікалай Статкевіч не ўпэўнены ў эфектыўнасці правядзення зараз акцый у рэгіёнах. «Трэба вучыцца на досведзе 2011 года, калі праходзілі маўклівыя пратэсты, — лічыць Статкевіч. — Спачатку гэта было вельмі добра, файна, але пасля дайшло да поўнага вытухання».

Статкевіч перакананы, што ў аўтарытарных краінах усё вырашаецца ў сталіцы, таму заклікае ўсіх далучыцца да акцыі на 25 Сакавіка. «Не трэба, каб энергія сыходзіла на мінскія і мясцовыя бангалоры. На Дзень Волі мы павінны паказаць нашай уладзе сілу, каб у цэнтры Мінска сабраліся дзесяткі тысяч чалавек. Магчыма, на наступны дзень — 26 сакавіка — сплануем акцыі ў абласных цэнтрах. За апошнія паўтара года нам атрымалася адстаяць тэрыторыю свабоды ў цэнтры Мінска, важна, каб яна засталася», — мяркуе Статкевіч.

Варта адзначыць, што акцыя 19 лютага ў Віцебску выйшла не самай шматлікай, прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. На гэты раз чакаецца больш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?