Аператыўныя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС Гродна пры падтрымцы калег з УУС Гродзенскага аблвыканкама раскрылі згвалтаванне, здзейсненае ў ноч з 18 на 19 лютага ў абласным цэнтры.

Як паведамілі ва УУС, у міліцыю па тэлефоне звярнулася мясцовая жыхарка 1980 года нараджэння. Жанчына распавяла аб здзейсненым у дачыненні да яе злачынстве. Па гарачых слядах быў праведзены комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, па выніках якога ўдалося не толькі высветліць асобу падазраванага, але і затрымаць яго. Мужчына быў раней судзімы за забойства і згвалтаванне.

Па інфармацыі начальніка крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС Уладзіміра Ваўчкевіча, жанчына пазнаёмілася з гвалтаўніком у інтэрнэце. Пасля 10 дзён перапіскі яны вырашылі сустрэцца. Пасядзелі ў цэнтры горада ў кафэ, потым адправіліся ў забаўляльную ўстанову. Пайшлі гуляць да Нёмана. Там новы знаёмы напаў на жанчыну, зняў з яе залатыя ланцужок і завушніцы, ударыў некалькі разоў па твары, згвалціў. Паўтарыў гэта пасля таго, як выявіў у тэлефоне жанчыны перапіску з іншымі мужчынамі на тым жа сайце.

«Злачынец быў раз'юшаным, і нейкім цудам пацярпелай удалося астудзіць яго запал. Калі разышліся, ахвяра тут жа звярнулася ў міліцыю. Крыху пазней выявілі, што на рэсурсе па знаёмствах гвалтаўнік прысутнічаў з выдуманым імем, чужой фатаграфіяй і не паказаў свой узрост», — паведаміў начальнік крымінальнага вышуку.

Ён таксама адзначыў, што пакуль жанчына сустракалася з новым знаёмым, дома ў яе заставаліся двое непаўналетніх дзяцей, якія не ведалі, куды пайшла маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0