Суд Цэнтральнага раёна Гомеля пастанавіў спыніць разгляд грамадзянскай справы супраць падатку на дармаедства — «з прычыны непадведамаснасці». Тым часам камісія, створаная пры гарвыканкаме, вызваліла Аляксандра Сямёнава, які падаў у суд на падатковую, ад выплаты збору. Больш таго, яму прапанавалі працу, піша Tut.by.

Аляксандр Сямёнаў. Фота: Іван Ярывановіч, Tut.by

Аляксандр Сямёнаў. Фота: Іван Ярывановіч, Tut.by

Леанід Судаленка, прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП і прадстаўнік Аляксандра Сямёнава, пракаментаваў навіну аб вызваленні ад збору наступным чынам:

— Ці можна казаць пра перамогу? Думаю, рана. Сваёй перамогай, мы будзем лічыць толькі поўную адмену дэкрэта. Ніякія кропкавыя вызваленні ўжо не могуць паўплываць на настроі людзей. У гарвыканкаме вызвалілі аднаго, а за маёй спінай яшчэ 420 тысяч стаіць у цэлым па краіне і 80 тысяч у Гомельскай вобласці. Усе гэтыя людзі прызнаныя дармаедамі. Наступны падасць пазоў у суд, і што ўлады будуць рабіць з наступным, таксама вызваляць?

Сам Сямёнаў пакуль не кажа, ці пагодзіцца на новую працу. Яму прапанавалі быць вартаўніком у трэсце № 14.

Сёння на суд прыйшло яшчэ больш людзей, чым у першы раз. Аднак працэс праходзіў усё ў той жа зале, хоць яго ўдзельнікі прасілі перанесці суд у памяшканне пабольш. Частка тых, хто прыйшоў, засталася на ганку — падчас пасяджэння людзі выкрыквалі лозунгі аб адмене дэкрэта № 3.

Неўзабаве суд абвясціў перапынак, каб вынесці рашэнне па справе. І пастанавіў: спыніць разгляд «з прычыны непадведамаснасці». Пошліну, якую заплаціў Сямёнаў, вернуць.

Нагадаем, часова беспрацоўны гамяльчук Аляксандр Сямёнаў меў намер даказаць, што збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў, які ад яго патрабавалі, незаконны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0