Сонечная электрастанцыя плошчай каля 40 га з'явіцца ў 2017 годзе ў Ельскім раёне, паведаміў БЕЛТА намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Генадзь Лапаценка.

Інвестыцыйны праект рэалізуецца згодна з дамовай, заключанай паміж Гомельскім аблвыканкамам і ірландскай кампаніяй. Аб'ём інвестыцый у праект складзе каля 14 млн. еўра, намінальная магутнасць сонечнага парку — 14,31 МВт. Атрыманая на геліяўстаноўках электраэнергія будзе накіроўвацца ў дзеючыя сеткі «Гомельэнерга». «Рэалізацыя праекта дапаможа звесці да мінімуму шкоду для навакольнага асяроддзя, а таксама дасць магчымасць павысіць энергетычную бяспеку краіны, знізіўшы яе залежнасць ад вуглевадароднай сыравіны», — адзначыў Генадзь Лапаценка.

Пад будаўніцтва сонечнага парку выдзелена каля 40 га лясных зямель, размешчаных у Качышчанскім лясніцтве, непадалёк ад вёскі Вішанькі Ельскага раёна. Па словах суразмоўцы, ужо практычна цалкам завершаныя работы па расчыстцы і падрыхтоўцы пляцоўкі, да канца лютага пачнуцца пастаўкі абсталявання.

Ельскі раён для будаўніцтва сонечнай электрастанцыі абраны не выпадкова. Па-першае, тут вялікая колькасць сонечных дзён у годзе. Па-другое, аб'ект, які будуецца на тэрыторыі, пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС — яшчэ адзін прыклад таго, як такія землі могуць быць выкарыстаныя ў камерцыйнай дзейнасці і прыносіць карысць мясцовай эканоміцы.

Парк сонечных батарэй ў Ельскім раёне запрацуе ўжо ў гэтым годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0