З незвычайнай сацыяльнай ініцыятывай выступіла кампанія «Мерлінтур». За подпісам камерцыйнага дырэктара кампаніі Канстанціна Каляды ў Міністэрства па падатках і зборах на імя міністра С. Налівайкі адпраўлены ліст з прапановай арганізаваць для плацельшчыкаў «падатку на дармаедства» розыгрыш пуцёўкі ў Егіпет, як у латарэі.
Як сказана ў лісце, такі крок мог бы садзейнічаць «стабілізацыі грамадскага настрою і значна павысіць матывацыю аплаты дадзенага збору».
Асабліва падкрэсліваецца, што «Мерлінтур» гатовы прадаставіць такое падарожжа зусім бясплатна, аплаціўшы выдаткі на пералёт і гатэль «усё ўключана».
Кампанія «Мерлінтур» вядомая сваімі незвычайнымі крэатыўнымі, не пазбаўленымі сацыяльнай вастрыні і гумару ініцыятывамі.
Адпаведны пост Канстанціна Каляды на ФБ азагалоўлены так: «Аплаціў дармаедства - адпачні ў Егіпце. Падстаў плячо Радзіме ў цяжкую хвіліну!»





