У Санкт-Пецярбургу пасля суботняга канцэрту панк-гурту The Exploited, які прайшоў у клубе «Касманаўт», загінуў адзін з наведвальнікаў мерапрыемства.
Як стала вядома журналістам, каля дома 15 на Браніцкай вуліцы завязалася бойка, якая скончылася панажоўшчынай, у выніку чаго 27-гадовы беларус Ігар Б. атрымаў раненне.
«Невядомы з паголенай галавой у высокіх ботах нанёс нажом удар у жывот 27-гадоваму мужчыну ў крамніннай куртцы і бейсболцы», — каментуюць сітуацыю следчыя.
Работнікі хуткай дапамогі дыягнаставалі ў пацярпелага колата-рэзаную рану брушной паражніны. Аднак нягледзячы на аказаную дапамогу, малады чалавек памёр у машыне медыкаў пры правядзенні рэанімацыйных мерапрыемстваў.
Па словах Кацярыны, сяброўкі загінулага, Ігар разам з таварышам стаяў пасля канцэрту недалёка ад клуба, калі там з'явілася кампанія маладзёнаў, як мяркуецца, ультраправых поглядаў.
— Ігар папрасіў іх не «зігаваць», пасля чаго завязалася бойка, і ён атрымаў нажом у жывот, — распавяла журналістам дзяўчына.
Відавочцы сцвярджаюць, што пасля гэтага злачынец знік з месца здарэння. Зараз яго шукаюць праваахоўнікі.
Цела маладога чалавека перавязуць на яго радзіму, у Магілёў, дзе адбудзецца пахаванне.
На старонцы Ігара «Укантакце» пазначана, што ён вучыўся ў Мінску ў Аўтамеханічным каледжы.





