Ва Узброеных сілах Расіі створаныя войскі інфармацыйных аперацый, паведаміў міністр абароны краіны Сяргей Шайгу. Пра гэта піша ВВС.

РА

«За гэты час створаныя войскі інфармацыйных аперацый, што значна эфектыўней і мацней за ўсё тое, што раней мы стваралі ў кірунку, які называўся контрпрапагандай», — расказаў міністр, выступаючы ў Дзярждуме РФ.

Са слоў кіраўніка камітэта Дзярждумы па абароне Уладзіміра Шаманава, войскі інфармацыйных аперацый створаныя перш за ўсё «для абароны інтарэсаў нацыянальнай абароны і проціборства ў інфармацыйнай сферы».

Расійскія ўлады раней абвяргалі паведамленні аб тым, што ў краіне існуюць кібервойскі.

У студзені газета «Коммерсант» са спасылкай на даследаванне міжнароднай кампаніі Zecurion Analytics пісала, што Расія ўваходзіць у пяцёрку краін па колькасці і фінансаванню кібервойскаў, якія займаюцца шпіянажам, кібератакамі і інфармацыйнымі войнамі. Паводле даных кампаніі, колькасць расійскіх кібервойскаў складае прыкладна 1000 чалавек, а іх фінансаванне можа штогод складаць каля 300 млн даляраў.

Пасля гэтай публікацыі кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па абароне і бяспекі Віктар Озераў заявіў агенцтву Інтэрфакс, што кібервойскаў у структуры Узброеных сіл Расіі няма. Пры гэтым ён адзначыў, што ва ўсіх краінах, якія прэтэндуюць на ролю звышдзяржаў, «вядома ж, вядуцца гэтыя распрацоўкі, таму што неабходна мець у сваім арсенале, у тым ліку, і такія сродкі барацьбы з праціўнікам».

Начальнік Генштаба Узброеных сіл РФ (2004-2008 гады) генерал арміі Юрый Балуеўскі, каментуючы заяву Сяргея Шайгу, сказаў, што перамога ў інфармацыйным проціборстве часцяком мае большае значэнне, чым у класічнай вайне.

«Перамога над праціўнікам у гэтай вайне можа быць нашмат важнейшай, чым перамога ў класічным ваенным супрацьстаянні, бо яна бяскроўная, а эфект выдатны — ён абяскроўлівае і паралізуе ўсе органы ўлады дзяржавы-суперніка», — сказаў Балуеўскі.

У пачатку 2000-х гадоў пры акадэміі Генштаба ВС РФ былі створаныя курсы па падрыхтоўцы афіцэраў для інфармацыйнага проціборства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?